«Я ведаю, дзеля чаго я тут». Хто такая палітзняволеная Наталля Хершэ, і як яна жыве ў жаночай калоніі


Наталля Хершэ з мужам Робертам. Фота з сямейнага архіву

Беларуска са швейцарскім грамадзянствам Наталля Хершэ, асуджаная на 2,5 года за тое, што сарвала балаклаву з амапаўца, адбывае пакаранне ў гомельскай жаночай калоніі. У лістах родным жанчына піша, што кожны дзень у зняволенні – суцэльны стрэс, але яна стараецца не падаць духам. «Белсату» пра Наталлю распавялі ейны брат Генадзь і муж Робэрт.

Пакой на 28 жанчын і адкрытая прыбіральня

51-гадовую Наталлю Хершэ этапавалі з Валадаркі ў гомельскую жаночую калонію на пачатку сакавіка. Пасля таго як 16 лютага Менскі гарадскі суд пакінуў у сіле рашэнне суда Савецкага раёну, Наталля з роднымі пастанавілі прыпыніць далейшае абскарджанне. Брат жанчыны Генадзь Касьян тлумачыць такое рашэнне бессэнсоўнасцю апеляцыяў у Беларусі.

– Мы разумеем, што ад судоў тут нічога не залежыць – усе палітычныя будуць сядзець, пакуль на іншае не будзе волі аднаго чалавека ў краіне, – кажа Генадзь.

У гомельскай калоніі Наталля правяла два тыдні ў каранціне, і толькі нядаўна яе перавялі ў атрад. Далі магчымасць на 5 хвілінаў стэлефанавацца з братам.

Наталля Хершэ ў судзе Савецкага раёну Менску.
Фота: АД / Белсат

– Размаўлялі пра побытавыя пытанні. Наташа казала, што яе змушаюць надзяваць робу і абутак дрэннай якасці. Выйшла на працу – абразае ніткі, – расказаў пра размову з сястрой Генадзь. – Распавяла, што прымае антыбіётыкі, яшчэ два лекавыя сродкі, якія ёй выпісалі пасля апошняга галадавання. У пакоі 28 чалавек, а ўвогуле ў атрадзе каля 100 жанчын. Паводле Наталлі, умовы не вельмі адрозніваюцца ад Валадаркі. Але вельмі непакояць адкрытая прыбіральня і непрыемныя пахі.

Першую адвакатку пазбавяць ліцэнзіі, другую выклікаюць на камісію

Наталля скардзіцца, што дрэнна даходзіць карэспандэнцыя. Жанчына падлічыла, што 24 лісты, адрасаваныя ёй, былі знішчаныя. Таксама ў Гомлі жанчына не атрымлівае падпісных выданняў: «Новага часу», «Нашай гісторыі». Паводле спадара Генадзя, такая ж сітуацыя і ў іншай палітзняволенай – Вольгі Класкоўскай. Іх з Наталляй разам этапавалі, жанчыны ехалі ў адным цягніку. Але Вольга трапіла ў іншы атрад.

Ёсць цяжкасці з перадачамі.

Наталля Хершэ. Суд Савецкага раёну разглядае крымінальную справу па арт.363.2 у дачыненні жанчыны, Менск, Беларусь. 3 снежня 2020 года.
Фота: Белсат

– Вопраткі, напрыклад, можна перадаваць пяць найменняў раз на тры месяцы, – кажа Генадзь. – Наталля сама павінна замовіць усё ў заяве на імя начальніка калоніі. Я перадаю адвакату фотаздымкі адзення, у тым ліку майткаў, ён – Наталлі, і яна мусіць апісаць гэтыя рэчы ў заяве. Дзікунства.

Адвакат у Наталлі цяпер мясцовы, з Гомля. Першая адвакатка, Вольга Баранчык, не прайшла пераатэстацыі, і яе чакае пазбаўленне ліцэнзіі. Другую адвакатку – Ірыну Бярцук – выклікаюць у траўні на паседжанне кваліфікацыйнай камісіі.

«Чаму за тое, каб папіць кавы, трэба змагацца?»

Наталля, паводле брата, імкнецца захоўваць добры настрой. Аб працы і ўмовах утрымання распавядае ў лістах. Так, субота 27 сакавіка стала першым выходным за два тыдні.

– Стрэс тут паўсюль, пачынаючы з пад’ёму. На фабрыцы праца цягнецца 6 гадзінаў плюс каля гадзіны на паход у сталоўню. Часу паесці тут таксама няма, – піша Наталля Хершэ. – У атрадзе 100 чалавек. Калі ўсе вяртаюцца з працы, хочуць нешта перакусіць ці папіць гарбаты, кавы, натоўп людзей з кіпяцільнікамі, усе спяшаюцца, таму што хутка праверка, а пасля яе адразу «вектар» – гэта калектыўны прагляд відэаматэрыялу, і ў сталоўні тады заставацца ніхто не можа. Пытаюся: дзе павага да чалавечай годнасці? Чаму папіць кавы павінна ператварацца ў нейкае змаганне? За ўвесь тыдзень у мяне ніводнага разу не выйшла папіць гарбаты пасля працы. Але ўсё гэта лухта, будзе што распавесці. Я ведаю, чаму і дзеля чаго я тут.

У красавіку, паводле Генадзя, Наталля чакае візіту амбасадара Швейцарыі. Сам Генадзь плануе наведаць сястру ў траўні.

Брат Наталлі Хершэ Генадзь Касьян. 16 лютага 2021 года.
Фота: Белсат

Яшчэ ў юнацтве завяла «інтэрнацыяльныя стасункі» – ліставалася з хлопцам з Югаславіі

Генадзь і Наталля нарадзіліся і правялі дзяцінства ў Воршы. Розніца ва ўзросце ў брата і сястры 1,5 года, Наталля малодшая. Генадзь прыгадвае, што ў іх было самае звычайнае савецкае дзяцінства. Касьянам давялося пабыць і акцябратамі, і піянерамі.

Наталля з дзяцінства любіла маляваць. Прасіла маму аддаць яе ў мастацкую школу, але не ўдалося, бо брат ужо займаўся ў музычнай школе на платнай аснове, а грошай у сям’і было няшмат. Таму Наталля сама развівала талент як магла – малявала жывёлін, лялек, сукенкі для іх.

Малюнкі Наталлі Хершэ з-за кратаў. Фота прадстаўлена рэдакцыі

– Яна заўсёды была вельмі творчым чалавекам, жывой, адкрытай, таварыскай, – кажа Генадзь. – Штолета нас адпраўлялі ў піянерскія лагеры. Наташа хутка заводзіла там шмат новых сябровак.

Генадзь згадвае, як яны з сястрой упершыню сутыкнуліся з замежным светам, «завялі інтэрнацыянальныя стасункі».

– У нас было хобі – ліставанне з аднагодкамі з іншых краінаў. Наталля ліставалася з хлопцам з Югаславіі, а я так знайшоў сябра ў Польшчы, – расказвае брат палітзняволенай. – Наталлі гэта вельмі падабалася. Тады яна ўпершыню сутыкнулася з замежжам. Гэта пашырала кругагляд.

Перажыўшы беднае дзяцінства, не хацела такога лёсу для сваіх дзяцей

Пасля школы Наталля пайшла вучыцца ў тэхнікум на бухгалтарку. Акрамя вучобы захапілася сабакамі. Набыла сабе шчанюка эрдэльтэр’ера, якога назвала Грэем. Вельмі хацела сабе менавіта гэтую пароду, бо такі сабака быў у фільме «Прыгоды Электроніка», прыгадвае Генадзь. Даглядала сабаку, удзельнічала з ім у выставах.

У 1992 г. Наталля скончыла БДЭУ. Пайшла працаваць бухгалтаркай у калгас у Аршанскім раёне, праз год перавялася ў аддзел сацыяльнага забеспячэння ў Воршы. Праца, паводле Генадзя, Наталлі вельмі падабалася, бо была блізка ад дому – не трэба было рана ўставаць, некуды ездзіць. Але заробак быў мізэрны. Былы муж не заўсёды плаціў аліменты. Прайшоўшы беднае дзяцінства, Наталля не хацела паўтарэння такога лёсу для сваіх дзяцей.

– Калі яна пастанавіла з’язджаць, я запытаўся: навошта? – прыгадвае Генадзь. – Сястра адказала: калі я ўявіла, што правяду ўсё жыццё ў паходах на працу і дамоў, ад заробку да заробку, і нічога не зменіцца, а навокал будзе толькі бядота і шэрасць, я зразумела, што хачу іншай будучыні для дзяцей.

Прайшла шлях ад прыбіральніцы да менеджаркі

Наталля пачала шукаць спосабы, як з’ехаць за мяжу. Праз інтэрнэт пазнаёмілася са швейцарцам Бруна Хершэ. Яны спадабаліся адно аднаму, ажаніліся, але праз некаторы час ён пайшоў з жыцця. Наталля перавезла ў Швейцарыю сваіх дзяцей: сына Фёдара і дачку Віялету. Уладкавалася ў невялічкім гарадку прыбіральніцай на мясцовым бровары. На той момант жанчына ўжо някепска валодала нямецкай мовай. Кіраўніцтва заўважыла Наталлю і ейныя здольнасці, і ёй прапанавалі вышэйшую пасаду.

У руху па кар’ернай лесвіцы Наталля дайшла да менеджаркі кантролю за якасцю.

– Больш не трэба было падымаць цяжкія скрыні, ёй далі ўласны кабінет, – распавядае Генадзь. – З’явілася больш часу, і Наташа вярнулася да дзіцячага захаплення – малявання. Яна штодня ездзіла на працу і назад па 20 км, праз надта прыгожыя швейцарскія пейзажы, якія давалі ёй натхненне.

Малюнкі Наталлі Хершэ з-за кратаў. Фота прадстаўлена рэдакцыі

Наталля пачала пісаць партрэты. Яе здольнасці зноў заўважылі – калегі пачалі замаўляць партрэты, плацілі за іх. Праз некаторы час у мясцовай мастацкай галерэі прайшла выстава твораў Наталлі, пра яе пісалі ў мясцовай газеце, з гонарам распавядае Генадзь. Наталля працягвае маляваць і за кратамі.

Наталля Хершэ пражыла ў Швейцарыі 12 гадоў, атрымала грамадзянства.

У 2020-м захапілася зменамі на радзіме

Цікавіцца палітыкай і тым, што адбываецца на радзіме, Наталля пачала яшчэ пасля Плошчы 2010 г. Потым сачыла за мітынгамі недармаедаў у 2017 г., хадзіла на іх у Воршы разам з братам, калі прыязджала.

– Мы часта абмяркоўвалі падзеі ў Беларусі ў нашых размовах, Наталля заўсёды вельмі перажывала, у дыскусіях з іншымі людзьмі ў сацсетках адстойвала свае погляды, што народ заслугоўвае іншага лёсу, нельга далей трываць усё гэта, што цягнецца з 1994 г., што Беларусі патрэбны іншы кірунак развіцця, – распавядае Генадзь.

Жаночы марш ля Камароўскага рынку. Менск, Беларусь. 19 верасня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

У 2020 г. Наталля захапілася зменамі, якія ўбачыла ў беларускім грамадстве. І як толькі з’явілася магчымасць, адразу паляцела на радзіму.

– Яна не паехала ў родную Воршу, а заставалася ў Менску. Наталля закахалася ў менчукоў, у дваровыя канцэрты, якія тады ладзіліся, імкнулася ніводнага не прапусціць, – прыгадвае Генадзь. – Яна вельмі радавалася, што ў роднай краіне нешта пачало змяняцца, казала, што ўпэўнілася, што калі нас шмат – мы можам усё.

«Палітвязні будуць сядзець столькі, колькі людзі будуць гэта трываць»

Зняволенне не змяніла Наталлі, кажа ейны брат:

– Той пратэст, які ў яе быў, так і застаўся. Наташа наўпрост у твар кажа, што думае. Яна ведае, што ніякага злачынства не здзяйсняла, што затрымлівалі яе з парушэннямі, што прысуд несправядлівы. Усе нармальныя людзі гэта разумеюць.

Паводле брата палітзняволенай, спачатку ён шмат абураўся і быў шакаваны судом і выракам для Наталлі.

– Пасля прысуду Аляксандру Кардзюкову я перастаў здзіўляцца, – зазначае мужчына. – Я нават ацаніў прысуд Наталлі на 2,5 года як вельмі мяккі ў параўнанні з тым, што бачу і што магло б быць.

Hавiны
Забітага Генадзя Шутава прызналі вінаватым у супраціве сілавікам. Сведку забойства пасадзілі на 10 гадоў
2021.02.25 10:37

Генадзь хоць і разумее, што сітуацыя ў краіне цяжкая і немагчыма даваць нейкія прагнозы, па-ранейшаму настроены аптымістычна.

– Я ўпэўнены, што змены прыйдуць, гэта пытанне часу, – кажа брат Наталлі Хершэ. – Усё залежыць ад народу. Вельмі трапна сказаў Ціханоўскі, што ягонае вызваленне цалкам залежыць ад нас. Насамрэч, колькі людзі будуць гатовыя трываць, столькі і будуць сядзець вязні. Але жорсткасць улады выклікае ўсё больш злосці і абурэння ў людзей.

«Пераможам, калі здолеем пераадолець злосць і нянавісць»

Чакае перамогі і муж Наталлі, Робэрт Штэгэлі. З беларускай ён пазнаёміўся некалькі гадоў таму. Кажа, што яму адразу спадабалася гарэзлівасць, цікаўнасць Наталлі, пачуццё гумару.

– Яна вельмі адважная і моцная, не здаецца адразу, – кажа Робэрт пра каханую. – Гэта мае першыя адносіны, у якіх я прашу блізкага чалавека быць асцярожным, раней было наадварот. Мне вельмі сумна, што з ёй адбылася такая гісторыя, што яе арыштавалі. Наталля стала для мяне родным чалавекам. Я вельмі спадзяюся, што нешта зменіцца ў сітуацыі з палітвязнямі, і мы зноў будзем разам.

Жаночы марш у Менску. 19 верасня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Робэрт быў у Беларусі разам з Наталляй 1,5 года таму – яны ездзілі ў родны горад жанчыны, Воршу, іншыя значныя для Наталлі месцы.

Цяпер Робэрт, як і дзеці Наталлі, лістуецца з ёй праз Генадзя – адпраўляе яму лісты, а брат Наталлі перапісвае іх ад рукі і высылае сястры.

Паводле Робэрта, відавочна, што Беларусь цяпер прачнулася, беларусы захацелі лепшай, больш справядлівай і чалавечнай будучыні для сябе і сваіх дзяцей.

– Але я бачу, што прайшла эйфарыя ад упэўненасці ў хуткай перамозе правоў чалавека, і што патрэбны нейкі іншы спосаб, каб наладзіць сітуацыю, – зазначае швейцарац. – Я ўпэўнены, што мы зможам перамагчы, толькі калі будзем будаваць масты паміж намі і нашымі братамі, калі здолеем пераадолець злосць, нянавісць, а спачуванне і прабачэнне напоўняць нашыя сэрцы. Калі вы зможаце стварыць новую Беларусь, дзе ёсць месца для кожнага, не толькі для пераможцаў, тады вы сапраўды пераможаце.

Жаночы марш. Менск, Беларусь. 19 верасня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат
  • Наталлю Хершэ затрымалі 19 верасня 2020 г. у Менску падчас Бліскучага маршу жанчын. Калі Наталлю цягнулі ў аўтазак, яна паспрабавала зняць з сілавіка балаклаву. У выніку на жанчыну завялі крымінальную справу паводле арт. 363 КК РБ за супраціў працаўніку ўнутраных справаў з ужываннем гвалту. 7 снежня суд Савецкага раёну Менску пакараў яе 2,5 гадамі зняволення ў калоніі. Наталля двойчы абвяшчала галадаванне як пратэст супраць таго, што яе пазбаўлялі карэспандэнцыі, ды іншых парушэнняў правоў.
Гісторыі
«Пра Волю казалі, што яна Дон Кіхот». Што вядома пра маці пяцярых дзяцей, якую кінулі ў СІЗА за «пратэставую дзейнасць»
2021.03.23 07:00
Артыкулы
«Чалавека можна ўзяць каля пад’езду, і ён проста знікне». Родныя Марыі Несцеравай не ведаюць дакладна, чаму яе забралі
2021.03.19 07:00
Гісторыі
Гамяльчанка, якой прысудзілі 105 содняў арышту, застанецца за кратамі да 9 траўня
2021.03.17 14:10

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў