У Гомлі загукалі вясну і заклікалі з выраю птушак


Суботнім ранкам гамельчукі пайшлі за Сож каб з дапамогай народных рытуалаў прыспешыць надыход вясны, цяпла і прылёт птушак. Вадзілі карагоды, спявалі адмысловыя песні, гулялі ў гульні, танчылі ды частаваліся рытуальнай ежай. За старажытным, магічным абрадам «Гуканне вясны» назірала наша карэспандэнтка.

На пачатку ўдзельнікі абраду ўпрыгожылі папяровымі і саламянымі птушкамі дрэва пасярод вялікай паляны, вакол якога і вадзілі карагоды-танкі, якія ў народнай традыцыі з’яўляюцца сімваламі бясконцага колазвароту жыцця. Дзяўчаты і жанчыны (згодна з традыцыяй, свята «Гуканне вясны» выключна жаночае) спявалі рытуальныя веснавыя песні пераважна з Гомельшчыны, бо менавіта гэты рэгіён гістарычна лічыўся эпіцэнтрам гэтага абраду.

Святкаванне «Гукання вясны» ў Гомлі, 3 красавіка 2021 года.
Фота: Белсат
Фота: Белсат

Агу вясна, агу красна

А што ж ты нам прынесла?

Старым бабкам па кіёчку

А дзевачкам па вяночку

Малым дзеткам па яечку

Адным з ключавых персанажаў гукальных рытуалаў былі птушкі: імі ўпрыгожылі дрэва, птушак з цеста падкідвалі ўгару з воклічам ууууууууу (на посцілцы, ці рукамі), ім прысвячалі адмысловыя спевы.

Фота: Белсат
Фота: Белсат

Ой чырачка-пташачка, не залетай далечка

Не залетай далечка, не знось майго венчыка

Шмат песень былі прысвечаны абуджэнню ўсяго жывога з надыходам цяпла і вясны.

Вол бушуе – вясну чуе

Воран крача – сыру хоча

Дзеўка плача – замуж хоча

Не крач воран – нажарэсься

Не плач дзеўка – нажывесься

І канешне якое свята без скокаў ды танцавальных карагодаў – кракавяку, лявоніхі, падэспані ды карапету. Паднялі настрой удзельнікам свята і розныя гульні: «Яшчур», «Перапёлачка», «Цяцерка», «Ручаёк».

Дзе ж была, дзе ж была, перапёлачка

Дзе ж была, дзе ж была, красна дзевачка

А ў нашай перапёлкі ды ручаты баляць,

А ў нашай перапёлкі ды нажаты баляць,

А ў нашай перапёлкі ды цыцаты баляць.

Фота: Белсат
Фота: Белсат
Фота: Белсат
Фота: Белсат
Фота: Белсат

Пасля скокаў ды гульняў прысутныя частаваліся рознымі стравамі, сярод якіх былі рытуальная смажаная яешня з белым сырам.

Напрыканцы абраду зладзілі ачышчальны рытуал – спалілі пудзіла зімы «Марэну», якая сімвалізавала ўсё кепскае, што было ў мінулым годзе. Гомельская Марэна была ў павязцы – удзельнікі спадзяваліся, што такім чынам спрычыняцца да барацьбы з ковідам у Беларусі.

Фота: Белсат
Фота: Белсат

Гамельчукам дапамаглі зладзіць абрад Філіял веткаўскага музею стараабрадніцтва і народнай творчасці, краязнаўчая арганізацыя «Талака», гурт «Стаўбунскія вячоркі» (Веткаўскі раён).

Фота: Белсат
Фота: Белсат

Ганна Кавальчук belsat.eu

Стужка навінаў