Былы прэзідэнт НАН: Беларуская вакцына ад каронавіруса – нявыгадны і стратны праект


Аляксандр Лукашэнка даручыў айчынным медыкам і навукоўцам стварыць уласную вакцыну. І не якую-небудзь, а найлепшую ў свеце. Эксперты перад камерамі паабяцалі, што выканаюць загад. Былы прэзідэнт НАН Аляксандр Вайтовіч распавёў «Белсату», што не так з распрацоўкаю беларускай вакцыны.

Аляксандр Лукашэнка 1 красавіка падпісаў распараджэнне пра стварэнне айчыннай вакцыны супраць каронавіруса. Распрацоўваць яе даручылі Міністэрству аховы здароўя і Нацыянальнай акадэміі навук. План дзеянняў такі: да сярэдзіны 2022 года ствараюць прататып, а ў 2023 годзе вакцына будзе гатовая – пройдзе ўсе выпрабаванні, разам з клінічнымі.

Вакцынацыя расейскаю вакцынаю «Sputnik V».
Фота: Stringer / TASS / Forum

Навукоўцы сумняюцца ў рэалізацыі амбітных планаў

Намаганні беларускіх чыноўнікаў і медыкаў распрацаваць айчынную вакцыну могуць быць марнымі, лічыць былы прэзідэнт НАН Аляксандр Вайтовіч:

«Рэч у тым, што калі ў свеце нешта стварылі, то іншыя могуць гэта паўтарыць. Таму можна даследаваць вакцыны, раскладаць на кампаненты і ў прынцыповым плане можна яе стварыць. Але я не перакананы, што мы зробім сваю вакцыну. Толькі калі возьмем распрацоўкі іншых краінаў, калі тая ж Расея аддасць нам свае даследаванні. Але нават і ў такім выпадку гэта будзе вельмі доўга, бо ў нас няма тэхналагічных кадраў. Мы ніколі не распрацоўвалі такіх субстанцыяў. Гэта будзе ўпершыню.

Нам для распрацоўвання трэба будуць вялізныя грошы, шмат часу. З часам прыйдзе досвед, можа, знойдуцца і сродкі. Але пасля ўсяго ўзнікае пытанне эканамічнай мэтазгоднасці. Хто будзе набываць яе ў нас? Сёння вакцыны распрацоўваюцца сусветнавядомымі фірмамі. Яны даўно гэтым займаюцца і маюць бюджэты, параўнальныя з бюджэтам нашай краіны. Гэта сапраўдныя монстры, магутныя фірмы ў фінансавым плане, вытворчым, маюць досвед».

Аб’ектыў
У Беларусі прывілі 0,001 % насельніцтва
2021.02.22 22:23

Ці хопіць у Беларусі сродкаў стварыць вакцыну?

Для стварэння сваёй вакцыны з бюджэту Рэспубліканскага цэнтралізаванага інавацыйнага фонду маюць вылучыць крыху болей за 9 мільёнаў рублёў. Пры гэтым асноўная частка сродкаў – больш за 5,4 мільёна рублёў – пойдзе на рэканструкцыю Цэнтру эксперыментальнай і прыкладной вірусалогіі, за 3,6 мільёна рублёў набудуць абсталяванне. А вось на ўласна даследаванні пераразмяркуюць ранейшы бюджэт Міністэрства аховы здароўя і вылучаць 1,1 мільёна рублёў.

Hавiны
Лукашэнка: Беларусь распрацоўвае сваю вакцыну ад каронавіруса і атрымае яе да восені
2021.02.22 17:04

Варта адзначыць, што Расея ў распрацоўванне вакцыны «Sputnik V» інвеставала каля 1,5 мільярда рублёў (каля $ 20 мільёнаў). У Кітаі на распрацоўку і выпрабаванні вакцыны выдаткавалі каля $ 2 мільярдаў. А ў ЗША на даследчыя працы толькі ўрад краіны вылучыў $ 2,6 мільярда, а прыватныя кампаніі – $ 7 мільярдаў.

«Паглядзіце, ці стварыла вакцыну якая-небудзь краіна ў свеце, суразмерная з Беларуссю паводле колькасці насельніцтва, развіцця эканомікі. Такога проста няма, і гэта таксама пра нешта ж сведчыць. І зусім іншае пытанне: а хто будзе набываць вакцыну, якую створыць Беларусь? Трэба ж усяму свету паказаць і даказаць, што яна эфектыўная і лепшая за ўжо створаныя. Трэба мець рынак. А які рынак у Беларусі? Нашая краіна раней з такім таварам ніколі не выступала. Бо на вакцыну з Беларусі, якая жадае ўвайсці на сусветны рынак, будуць глядзець праз лупу. І ў мяне сумненні ўзнікаюць, што мы можам зрабіць нешта, што ў свеце будуць успрымаць як эфектыўную вакцыну», – разважае Аляксандр Вайтовіч.

Першая партыя кітайскай вакцыны ў Беларусі. Крыніца: minzdrav.gov.by

Цяпер у Беларусі пачалі вакцынацыю расейскаю вакцынаю «Sputnik V», а таксама кітайскім прэпаратам «Vero Cell». Міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч распавёў, што абмяркоўваюць пытанне лакалізацыі вытворчасці кітайскай вакцыны ў нашай краіне. Магчыма, гэта адбудзецца на базе індустрыйнага парку «Вялікі камень». На базе «Белмедпрэпаратаў» маюць намер разліваць расейскую вакцыну.

Расейскі палітолаг Андрэй Суздальцаў лічыць, што такім чынам улады Беларусі будуць імкнуцца наляпіць на замежную вакцыну свае этыкеткі і распачнуць кантрабанду лекамі.

«Беларускі кіраўнік мае заняцца працэсам запуску вытворчасці расейскай вакцыны «Sputnik V» у Беларусі. Следам з’явіцца ўжо «беларуская» вакцына, то бок расейская з беларускай этыкеткаю.

Атрымаўшы бясплатна ад Расеі найноўшыя тэхналогіі для вытворчасці вакцыны, Лукашэнка пачне яе продаж па ўсім свеце.

І самае галоўнае: як толькі на расейскай вакцыне зʼявіцца беларуская этыкетка і Лукашэнка пачне хлусіць, што ў Беларусі зʼявілася «свая» вакцына, то гэтая «беларуская» вакцына пальецца патокам ва Украіну.

А пакуль Лукашэнка будзе расказваць казкі, што расейскую вакцыну «Sputnik V» стварылі беларускія навукоўцы, а Расея карыстаецца беларускім інтэлектам», – піша ў сваім Telegram-канале Андрэй Суздальцаў.

Hавiны
Лукашэнка: Беларусь распрацоўвае сваю вакцыну ад каронавіруса і атрымае яе да восені
2021.02.22 17:04

Сяргей Ягораў belsat.eu

Стужка навінаў