Заробкі, страх і як звольніцца з войска. Размаўляем з лейтэнантам запасу Антонам Котавым


«Падчас пратэстаў я пайшоў на бальнічны. Апублікаваў відэа ў Instagram, як людзей проста ні за што білі. Калі я выйшаў з бальнічнага, са мной пачалі праводзіць гутаркі, казалі, што я няслаўлю сілавыя структуры», – кажа лейтэнант запасу Антон Котаў.

Гэтая размова была запісаная да пачатку вайны ва Украіне. Але на фоне чутак пра магчымы ўдзел у вайне і беларускіх вайскоўцаў, яшчэ больш каштоўныя звесткі пра атмасферу, якая пануе сярод беларускіх афіцэраў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

– Прыязджаў намеснік камандзіра паўночна-заходняга аператыўнага камандавання па ідэалагічнай працы. І мы пісалі паперу, што мы падтрымліваем палітыку Лукашэнкі. На той момант я яшчэ не ведаў, што буду звальняцца. Я напісаў, што падтрымліваю палітыку Лукашэнкі. У гэтага палкоўніка была ледзь не цэлая тэчка з лістамі. Там прапаршчыкі, афіцэры былі. Можа быць, сяржанты-кантрактнікі.

Праз пару тыдняў ад мяне запатрабавалі, каб я запісаў відэа ў падтрымку Лукашэнкі. Словы былі такія: «Я, афіцэр Рэспублікі Беларусь, – за моцную і квітучую Беларусь! За Лукашэнку!» Я адмовіўся.

– Вы адмовіліся запісваць відэа, аднак напісалі ліст у падтрымку Лукашэнкі. Як так выйшла?

– На той момант я проста не ведаў, што рабіць. Хутчэй не хацеў гутарак, але ад мяне, натуральна, не адставалі. І далей працягвалі ціснуць. Кожны дзень пасля выбараў я думаў, што вось-вось рэжым абрынецца, і ўсё зменіцца. Але нічога не мянялася.

– Гэта страх?

– Хутчэй, так.

– Страх чаго?

– Невядомасць. Страх, што могуць нешта зрабіць мне, як вельмі часта робяць.

Лейтэнант запасу Антон Котаў.
Фота: Белсат

– Ці складана датэрмінова скасаваць кантракт?

– Не складана. Проста калі афіцэр хоча звольніцца, яму дастаткова не выходзіць на службу. Калі не памыляюся, калі больш за 9 або 10 дзён не выходзіш, то заводзіцца крымінальная справа, не памятаю, паводле якога артыкулу. Гэта значыць, ты можаш 8 дзён не выходзіць, на 9-ы выйшаў, папрацаваў, і потым зноў 8 дзён не выходзіць. І гэта ўжо будзе парушэнне ўмоваў кантракту, і можна звольніцца. Я спецыяльна не выходзіў на службу.

– Вашае кіраўніцтва пасля гэтага праводзіла размовы, маніпулявала вамі?

– Так, са мной размаўлялі. Пастаянна палохалі сумай, гэта робяць з усімі. Кажуць: ты ведаеш, колькі табе трэба выплачваць за навучанне? Поўная сума за навучанне – каля 75 000 беларускіх рублёў. Але я адслужыў паўтара года, таму мне налічылі 52 000 беларускіх рублёў. Яны лічаць вельмі хітра. Яны бяруць агульную суму, выдаткаваную на спецыяльнасць. У маім выпадку гэта мой факультэт вайсковай выведкі і факультэт артылерыі. І дзеляць на колькасць выпускнікоў. Груба кажучы, я плачу за тыя ж скачкі дэсантнікаў або за стрэльбы артылерыстаў.

– У выніку вы выплачвалі гэтыя грошы?

– 100 беларускіх рублёў.

– Што кажуць у арміі, хто там вораг, а хто сябар?

– Натуральна, ворагам заўсёды разглядаецца NATO. Нават калі я вучыўся, нас вучылі, што NATO – гэта вораг. З нагоды Украіны асабліва нічога наогул не казалі. А наконт Расеі былі чуткі, што Беларусь можа аб’яднацца з Расеяй. Пастаянна на прыкладзе Украіны салдатам фільмы паказвалі, як ва Украіне Майдан праходзіў.

– Якія заробкі ў арміі?

– У гэтым месяцы, здаецца, афіцэрам павінны падвысіць заробкі. І калі я служыў, таксама паволі падымалі. Калі я быў, плацілі, калі я не памыляюся, 1000 рублёў і 200 рублёў за кватэру, што ты здымаеш. Але 200 рублёў – гэта ў Менску. А ў маленькіх гарадах паменш. Там дзесьці 100 рублёў, дзесьці 60 рублёў. Калі атрымліваеш вымову, то адзін месяц мінус 200 рублёў.

Гісторыі
Ва Украіне зʼявілася рота беларускіх добраахвотнікаў. Расказваем, што пра яе вядома
2022.03.03 07:30

АМ belsat.eu

Стужка навінаў