«У лапту гуляць і свае чэмпіянаты праводзіць». Што думаюць спартоўцы пра адхіленне Беларусі і Расеі ад Паралімпіяды ў Пекіне


Міжнародны паралімпійскі камітэт, пазбавіўшы дэлегацыі Беларусі і Расеі магчымасці выступаць на Гульнях – 2022 у Пекіне пад нацыянальнымі колерамі і без дзяржаўнага гімна, пазней увогуле не пусціў прадстаўнікоў краінаў-агрэсараў да ўдзелу ў паралімпіядзе.

Паралімпійскі камітэт Расеі ўжо заявіў, што пакідае за сабою права аспрэчыць гэтае рашэнне ў судзе. Там проста перакананыя, што Міжнародны Паралімпійскі камітэт прымаў рашэнне не пад уздзеяннем абуральнай пуцінскай агрэсіі ва Украіне. І не самастойна. А з дапамогаю амерыканскіх і заходніх палітыкаў.

Hавiны
«Ахвяры дзеянняў вашых урадаў». Беларускіх і расейскіх спартоўцаў не дапусцілі да Паралімпіяды ў Пекіне
2022.03.03 11:27

Раней Федэрацыя хакея Расеі назвала дыскрымінацыйным і супярэчным духу спорту рашэнне Міжнароднай Федэрацыі хакея на лёдзе адхіліць усе расейскія каманды – клубныя і зборныя – ад спаборніцтваў пад сваёй эгідай з-за ваеннай інтэрвенцыі Расеі ва Украіне. ФХР таксама мае намер абскардзіць гэтае рашэнне ў Спартовым арбітражным судзе. Праўда, ніхто з ініцыятараў падобных заяваў не спадзяецца на станоўчае рашэнне Лазанскай прававой арганізацыі. Агрэсіўныя паводзіны іх прэзідэнта, вайна супраць грамадзянскага насельніцтва Украіны значна пераважаюць такі дробязны і ўжо абсалютна не актуальны аргумент пра тое, што спорт павінен быць па-за палітыкай.

Хаця на гэта спрабавалі ціснуць і ў Звязе біятланістаў Расеі, калі Міжнародны Звяз біятланістаў пазбавіў расейцаў і беларусаў усіх магчымасцяў выступаць на этапах Кубка свету і іншых міжнародных турнірах. Па сутнасці, развіццё віду спорту ў гэтых братэрскіх краінах стала на паўзу. І цяпер невядома, як доўга элітныя біятланісты будуць заставацца без працы і на якую перспектыву рыхтаваць дзяцей, укладаючы немалыя грошы ў спартовыя школы.

Спачатку і ў адной і ў іншай краіне білі ў грудзі, даказваючы сваю недатычнасць да ўсяго, што ўчынілі Пуцін і Лукашэнка. Дасылалі абразлівыя каментары ў адрас Міжнароднага звязу біятланістаў. Але ўрэшце змірыліся, засяродзіўшыся на думцы, што хопіць і Адкрытага чэмпіянату Расеі. Былы прэзідэнт ЗБР Уладзімір Драчоў, які пераязджаў з Расеі ў Беларусь і зноў вярнуўся на Радзіму, так геройскі і заўважыў:

«Нічога не страчана. Нам трэба працягваць развіваць спорт унутры сваіх краінаў. Трэба ствараць сваю міжнародную (!) арганізацыю. Нас падтрымлівае дзве траціны зямнога шару. Мы будзем праводзіць свой біятлон і я нават гатовы ў гэтым паўдзельнічаць».

Вось беларускія біятланісты, паехаўшы пасля Алімпіяды на збор у аўстрыйскі Рамзаў для далейшай падрыхтоўкі да апошніх у сёлетнім сезоне этапаў Кубка свету вымушаныя былі датэрмінова вярнуцца дадому. І цяпер маюць магчымасць паспрабаваць сябе на Адкрытым чэмпіянаце Расеі, што пройдзе з 30 сакавіка да 3 красавіка ўва Ўфе ды Цюмені. Там жа збіраюцца выступіць і біятланісты Манголіі. Гэта будзе новы досвед для беларускіх і расейскіх біятланістаў.

Даведка
Надзея Астапчук.
Фота: Reuters Photographer / Reuters / Forum

Вельмі трапна выказалася вольная спартоўка Надзея Астапчук: «Вось калі мы галасілі, прадказаўшы такі варыянт развіцця падзеяў з беларускім спортам, усе ціхенька прамаўчалі, апусціўшы галаву. Цэлымі шэрагамі пайшлі ў нікуды, пагадзіўшыся падпісаць «ліст Кавальчука» за сціплы харч… Няўжо не зразумела, што калі будзе стаяць выбар паміж жыццямі людзей і лёсам усёй краіны, наш спорт пашлюць далёка і адразу. Вы жадаеце атрымліваць прызавыя ад «ворагаў на захадзе» у валюце, удзельнічаць у іх багатых стартах за мяжою і пры гэтым моўчкі глядзіце, як забіваюць людзей, альбо проста адбіраюць магчымасць займацца любімай справаю ў вашых калегаў-спартоўцаў. Вось і цяпер за вас ніхто не заступіцца. І скажу сумленна, мне вас абсалютна не шкада. Вы самі абралі такі шлях і вам самім цяпер гэта развязваць».

Пра справы не так даўно мінулых дзён не з мэтаю прысароміць, а з жаданнем паказаць кожнаму, што ўсё ўздаецца па ўчынках іх, нагадаў спартоўцам-суайчыннікам выканаўчы дырэктар Беларускага Фонду спартовай салідарнасці Аляксандр Апейкін:

«У верасні 2020 года мы ўсе вам крычалі: людзі, не выходзьце на пляцоўку, не гуляйце за зборную, бо гэта дрэнна скончыцца. Прыпыніце матчы, прыйдзіце да Кавальчука, скажыце, што вы адмаўляецеся падтрымліваць бязмежжа. Але вы «здрэйфілі». А мы разумелі чым гэта скончыцца. І гэта скончылася зараз вайною. І вы цяпер нікому абсалютна не патрэбныя. Вы цяпер будзеце на касе ў «МакДоналдс» працаваць. Альбо ў лапту гуляць. І дзе-небудзь у Асеціі ці Абхазіі чэмпіянаты праводзіць свае. Выступіце хаця б зараз з заяваю супраць вайны. Гэта ваш адзіны шанц захаваць хоць тое, што засталася з гонару і сумлення, каб хоць неяк захаваць памяць пра сябе. Змыйце гэты сорам, які на вас ляжыць. Вамі будзе грэбаваць увесь свет. Вы ні ў водны еўрапейскі клуб не трапіце. Таму што баязліўцаў і пакорлівых маладушных маўчуноў не любяць нідзе. Усё гэта можна было прыпыніць яшчэ ў жніўні 2020 года. І жылі б у нармальнай краіне. І межы былі б адкрытыя. І гулялі б вы ў Еўропе ў годных клубах. Але зараз вы нікому не патрэбныя. І як надоўга гэта – не прадкажа ніхто!»

Аляксандр Апейкін.
Фота: БелГазета

Дарэчы, напярэдадні тэлеграм-канал Звязу біятланістаў Расеі абвесціў, што часова закрыў каментары «з-за ўсё больш частых выпадкаў агрэсіўных выказванняў на тэмы, якія не маюць адносінаў да спорту».

Сёння ў штаб-кватэры НАК адбылося сумеснае паседжанне Алімпійскага камітэту нашай краіны, Міністэрства спорту і турызму з федэрацыямі па відах спорту. Вельмі збяднелых без міжнародных стартаў відаў спорту. І пасля таго, як абмеркавалі «у якім кірунку рухацца ва ўмовах беспрэцэдэнтнага ціску з боку МАК і міжнародных федэрацыяў», прэзідэнт НАК Лукашэнка прыгразіў:

«Нашая задача – данесці да сусветнай супольнасці: «Маўчаць мы не будзем!». Ва ўмовах, што склаліся, нам неабходна прыняць шэраг крокаў, каб захаваць і развіваць спорт, выбудаваць стасункі з сяброўскімі федэрацыямі іншых краін».

Так для НАК РБ і НАК РФ яшчэ не ўсё страчана. Там заяўляюць, што спартоўцы гэтых краінаў працягнуць выступаць на міжнароднай арэне ў тых відах, на спаборніцтвы ў якіх яны яшчэ атрымліваюць запрашэнні. Зноў паўстала пытанне стварэння мінорных сумесных ліг з Расеяй і іншымі краінамі гэтак званага блізкага замежжа.

Пасля рашэння Міжнароднай лыжнай федэрацыі тое ж самае зрабіць і з лыжнікамі Беларусі і Расеі, апошнія прапанавалі арганізаваць чэмпіянат федэральных акругоў. Праўда, беларусаў туды пакуль не запрашалі. Гэтыя патугі вельмі смешнымі назваў самы паспяховы беларускі лыжнік Сяргей Далідовіч:

«У Расеі лыжы, як і біятлон – абсалютна не папулярныя, як унутраныя спаборніцтвы. Заўзятарам яны ўвогуле не патрэбныя. Глядзяць толькі Алімпійскія гульні ды Кубкі свету. На ўсіх іншых спаборніцтвах – 100-200 гледачоў максімальна. А зараз – яшчэ менш будзе».

Пры гэтым аніводная расейская Федэрацыя, працягваючы бруднай лаянкаю абражаць міжнародныя структуры, не прызнала праблемай развязванне вайны ва Украіне.

Аналітыка
Легіянеры пакідаюць беларускія і расейскія хакейныя клубы. Будучыня КХЛ пад пытаннем
2022.03.02 17:20

Аляксандр Пуціла belsat.eu

Стужка навінаў