Мільён подпісаў пакінулі пад петыцыяй за тое, каб NATO закрыла ўкраінскае неба ад Расеі

Вярхоўная Рада Украіны 27 лютага ініцыявала збор подпісаў пад зваротам да Паўночнаатлантычнага альянсу з просьбай закрыць паветраную прастору Расеі. Мільён подпісаў набралі ў ноч на 3 сакавіка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Літоўскі вайсковец ужывае пераносны ракетны комплекст «Javelin» на вучэннях. 2018 год. Фота: Міністэрства абароны Літвы

«Мы, людзі ва ўсім свеце, просім краіны-чальцы NATO і прыхільныя Украіне краіны закрыць паветраную прастору над Украінай і размясціць ва Украіне міратворчыя войскі, аказаць ваенную дапамогу Кіеву і падтрымаць украінскі народ», – гаворыцца ў звароце.

У дзень стварэння петыцыі амерыканскія кангрэсмены Джэральд Коналі і Майк Тэрнэр (з Дэмакратычнай і Рэспубліканскай партыяў адпаведна) звярнуліся да прэзідэнта Злучаных Штатаў Джо Байдэна з просьбай закрыць неба над Украінай.

Коналі пазней казаў пра змаганне ўкраінцаў:

«Сёння тэст для ліберальнай дэмакратыі па ўсім свеце, і асабліва для нас, амерыканцаў, бо сёння мы бачым кошт у крыві, поце і слязах змагання за свабоду, якую дае ліберальная дэмакратыя».

У заходніх краінах не раз гучалі засцярогі пра тое, што дапамога NATO Украіне ў вайне з Расеяй можа развязаць Трэцюю сусветную вайну, нават ядравую вайну.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі казаў у інтэрв’ю CNN і «Reuters», што «гэта не ўцягванне краінаў NATO у вайну», бо «у вайну ўжо ўсе даўно ўцягнутыя, і дакладна не Украінай, а Расеяй».

«Вельмі важна ведаць, што калі Украіна ўпадзе, то ўсе войскі [Расеі] апынуцца на межах вашых краінаў-чальцоў NATO — на межах Літвы, Польшчы і гэтак далей. Там у вас будзе такое ж пытанне, будзе вялікае другое выпрабаванне, бо таксама будуць правакацыі», – заявіў Зяленскі.

Пакуль Украіна бароніць сваё неба, але не спраўляецца з усёй расейскай ваеннай машынай: расейская авіяцыя наносіць удары па шматлікіх украінскіх гарадах. Генеральны штаб Узброеных сілаў Украіны паведамляў пра больш як тры дзясяткі збітых расейскіх самалётаў і яшчэ звыш трох дзясяткаў верталётаў.

Украінцы бароняць неба ў тым ліку амерыканскімі пераноснымі ракетнымі комплексамі «Stinger» і «Javelin». Еўразвяз збіраецца перадаць Украіне самалёты-знішчальнікі.

Што трэба ведаць пра магчымы контрудар Украіны па тэрыторыі Беларусі

АА belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны