«Ягоная ўнутраная свабода не да спадобы ўладам»: гісторыя гарадзенскага панка, якому пагражае 3 гады пазбаўлення волі


3 сакавіка ў Горадні пачаўся суд над гарадзенскім музыкам, прадстаўніком мясцовага андэграўнду і актывістам Ігарам Банцэрам.

Яго затрымалі 20 кастрычніка – забралі раніцай з уласнай кватэры. Нагодай стаўся адзін з вулічных перформансаў музыкі: ноччу 5 верасня Ігар танцаваў перад міліцэйскім аўтам без ніжняй бялізны. Распачатая крымінальная справа паводле артыкулу 339 КК за «хуліганства», Ігару пагражае да 3 гадоў пазбаўлення волі.

Пасля затрымання музыку кінулі ў адзіночную камеру гарадзенскай турмы. Праз некаторы час яго прымусова завезлі на псіхалагічнае абследаванне ў Навінкі, затым, па вяртанні ў ізалятар турмы, ён два тыдні адбываў пакаранне ў карцары. Гарадзенца пазбавілі ўсялякай сувязі з роднымі і сябрамі.

Ігар Банцэр.

Ігару Банцэру 40 гадоў, ён лідар гарадзенскага стрыт-панк-гурта «Mister X». Вегетарыянец, не ўжывае алкаголю, займаецца тайскім боксам, прытрымліваецца антыфашысцкіх і антырасісцкіх поглядаў.

Hавiны
У Горадні пачынаецца судовы працэс над музыкам Ігарам Банцэрам
2021.03.03 11:14

Насіў труну для свабоды слова да будынку суда: шлях ад журналіста да музыкі

Ігар Банцэр нарадзіўся ў Менску ў 1980 годзе, з сям’ёю пераехаў у Горадню ў 1986 г., дзе пайшоў у школу. У 1997 г. стаўся сябрам арганізацыі «Малады Фронт», браў удзел у яе актыўнасцях. У тым жа годзе пачаў працаваць журналістам у газеце «Пагоня».

«Ігар быў добрым фотакарэспандэнтам. Пісаў няшмат, звычайна на музычную і грамадскую тэмы», – згадвае калега творцы з «Пагоні», гарадзенскі журналіст Андрэй Мялешка.

Бацька Ігара быў падпалкоўнікам міліцыі – кіраваў капітальным будаўніцтвам ва ўпраўленні. Брат Раман працаваў у аддзеле барацьбы з кіберзлачыннасцю: займаўся інфармацыйнымі тэхналогіямі ў міліцыі. Сышоў з гэтае працы, калі ад яго запатрабавалі сачыць за братам. Цяпер Раман жыве ў Беластоку і працуе ў турыстычным бізнесе.

Ігар Банцэр.
Фота: Белсат

У канцы 90-х – пачатку 2000-х Ігар Банцэр вывучаў міжнародныя дачыненні ў Варшаўскім універсітэце. У гэты час актыўна супрацоўнічаў з беларускімі палітычнымі мігрантамі і Хельсінкскім фондам правоў чалавека – у праграмах дэмакратызацыі Беларусі.

Пасля вяртання ў Беларусь Ігар працаваў журналістам у некалькіх выданнях. У гэты час пачаў арганізоўваць свае першыя акцыі. Напрыклад, падчас ціску на газету «Пагоня», калі ў рэдакцыі ўчынілі ператрус і канфіскавалі тэхніку, Ігар ініцыяваў акцыю «Журналістаў ніхто не ведае»: разам з калегамі правёў «прэс-канферэнцыю» ў балаклавах.

Гарадзенскія журналісты ў той час праяўлялі моцную салідарнасць са сваймі калегамі, адбываліся акцыі каля судоў і аблвыканкаму. Ігар Банцэр браў удзел у адной з самых яскравых: журналісты і актывісты зрабілі вялізную чорную труну для свабоды слова і разам з ёй правялі шэсце да абласнога суда, дзе разглядалася апеляцыя па справе «Пагоні».

У 2007 годзе Ігар быў галоўным рэдактарам штомесячнага выдання на польскай мове «Magazyn Polski». Стаўся актывістам і прэс-сакратаром незалежнага Саюзу палякаў Беларусі, браў удзел у пікетах для абароны Польскае школы ў Горадні.

За гэткую актыўнасць яго, пачынаючы з сярэдзіны 2000-х, пастаянна затрымлівалі, у тым ліку проста каля ўласнага дому, каралі соднямі, адзіночнымі камерамі і штрафамі. Часта фармальнай прычынай была «нецэнзурная лаянка ў прысутнасці міліцыянтаў» і «адмова ў падпарадкаванні міліцыі». Неаднаразова, перабываючы за кратамі, Ігар на знак пратэсту абвяшчаў галадаванне. Падчас аднаго з такіх галадаванняў ён хутка страціў 8 кг вагі.

Суд над музыкам Ігарам Банцэрам.
Фота: Белсат

З 2014 года Ігар Банцэр адышоў ад грамадскае дзейнасці і цалкам прысвяціў сябе музыцы. Сёлета ён стварыў «Гарадзенскі рок-клуб», што арганізаваў шэраг музычных і культурніцкіх імпрэзаў у Беларусі і за межамі.

«Плюралізм поглядаў і свабода выказвання – вось той фундамент, на якім варта будаваць сучаснае грамадства. Сярэднявечныя забабоны і суб’ектыўныя страхі, такія як расізм, нацыяналізм, ксенафобія і г. д., мы лічым ненатуральнымі і непрымальнымі для адукаваных людзей XXI стагоддзя. Уся нашая праца накіравана на тое, каб спрыяць адукацыі моладзі (але не толькі!), каб пашыраць творчую прастору, матываваць простых людзей да творчасці, каб змяняць свет вакол сябе да лепшага, выходзячы за стандартныя рамкі штодзённага шэрага існавання», – гаворыцца на старонцы клубу.

Таксама ў гэты час Ігар стварыў сваю аматарскую футбольную каманду і ладзіў дваровыя футбольныя турніры.

Музычная кар’ера

У 2003 годзе, калі быў заснаваны стрыт-панк-гурт «Mister X», Ігар Банцэр стаўся яго галоўным вакалістам. Да гэтага ён спяваў у панк-гурце «Твар».

«Mister X» добра вядомым на андэграўнд-панк-сцэне ў Польшчы, дзе яго часта называюць «самым вядомым беларускім панк-рок-гуртом» і «флагманам беларускага вулічнага панку». З моманту свайго стварэння гурт гастраляваў у Польшчы, Латвіі, Літве, Нямеччыне ды іншых краінах Заходняй Еўропы.

Ігар піша свае тэксты і запісвае вакал на расейскай, польскай, англійскай або беларускай мовах. Ён, як і ўсе ўдзельнікі гурта, прыхільнік антыфашызму, адкрыта выступае супраць расізму, гамафобіі і сексізму ў панк-року і агулам у грамадстве.

Гурт Mister X, канцэрт.

2020: Пратэсты і крымінальная справа

Ігар актыўна далучыўся да пратэстаў пасля выбараў 9 жніўня. Напачатку ён браў удзел у акцыях падтрымання анархічнага руху і яго актывістаў, затым пачаў ладзіць свае асабістыя перформансы. За гэта яго неаднойчы затрымлівала міліцыя. Напрыклад, на адзін з судоў у верасні ён прыйшоў у ружовым адзенні з ружовым сцягам – каб паказаць, што яго затрыманні, тыя суды, на якіх ён быў раней, ды наагул уся беларуская судовая сістэма – гэта фарс. З ганку суда музыку забраў АМАП.

Адразу падчас першага зняволення Ігар пачаў галадаваць. Яго двойчы збілі, але ў рэшце рэшт вызвалілі праз 72 гадзіны ўтрымання. 24 жніўня музыку арыштавалі разам з іншымі анархісцкімі і антыфашысцкімі дэманстрантамі за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту. Ён атрымаў 10 содняў, астатнія пратэстоўцы – 7, і ў чарговы раз распачаў галадаванне.

За кратамі ў перыяд са жніўня да кастрычніка 2020 года творца агулам адбыў 18 содняў, да таго ж яго аштрафавалі на вялікую суму.

Нягледзячы на тое, што Ігара вызвалілі па заканчэнні 10 дзён арышту, ранкам 20 кастрычніка да ягонага дому зноўку прыйшлі працаўнікі міліцыі, каб яшчэ раз арыштаваць яго – ужо паводле крымінальнае справе. Гэтым разам у кватэры музыкі ўчынілі ператрус, а таксама наклалі арышт на нататнік. Цяпер гарадзенцу пагражае да 3 гадоў пазбаўлення волі.

Жонка музыкі Анжэліка Арэхва ў каментары «Белсату» адзначыла, што супраць мужа распачалі крымінальную справу менавіта праз ягоную актыўную грамадзянскую пазіцыю.

«Ён меў сваё меркаванне і бараніў яго. Ігар сваймі перформансамі актыўна выказваўся пра тое, што цяпер адбываецца ў краіне», – кажа яна.

Гарадзенскі журналіст і сябра Саюзу палякаў Беларусі Анджэй Пачобут прытрымліваецца думкі, што ўлады фактычна помсцяць Ігару за ягоныя перформансы, што заўсёды былі гучнымі і выклікалі рэзананс у грамадстве.

«Гэта і прывяло яго за краты. Ні ў воднай дэмакратычнай краіне такая грамадска-музычная актыўнасць не пацягнула б такіх драматычных наступстваў. Тая музыка, якую ён грае, тая ўнутраная свабода, якая звязаная з гэтай музыкай, не да спадобы ўладам Беларусі», – разважае Анджэй.

Банер ў знак салідарнасці з Банцэрам ад St. Pauli Skinheads

Салідарнасць

На знак салідарнасці з Ігарам фанаты футбольнага клубу «Санкт-Паўлі» з Гамбургу зрабілі графіці і вывесілі банэр у ягонае падтрыманне на стадыёне. У Нямеччыне прадстаўнікі лэйблу, з якім супрацоўнічае гарадзенскі гурт, запусцілі кампанію #freebancer. Пра справу Ігара Банцэра паведамілі таксама ў «Amnesty International», каб надаць гэтай гісторыі міжнародны розгалас.

Салідарнасць з Банцэрам. St. Pauli area, Гамбург

Саша Праўдзіна, belsat.eu. Фота з афіцыйнага акаўнту гурта «Mister X» у сацыяльных сетках

Стужка навінаў