У Менску дзвюх жанчын пакаралі за раскіданыя самарэзы. Хворую на дыябет адправілі ў калонію

Самарэзы, якія раскідалі каля пракуратуры. Фота: sk.gov.by

У судзе Фрунзенскага раёну Менску скончылі разгляд крымінальнай справы дзвюх жанчын, якіх вінавацілі ў злосным хуліганстве (ч. 2 арт. 339) і ў замаху на злоснае хуліганства (ч. 1 арт. 14). За раскіданыя самарэзы ім далі тэрміны «хатняй хіміі» і калоніі, піша праваабарончы цэнтр «Вясна».

Жыхаркі Менску Анастасія Нікіціна і Святлана Лабунская 13 снежня нібыта раскідалі 45 самарэзаў на тэрыторыі каля пракуратуры сталіцы. Аўтамабіль, за стырном якога быў пацярпелы Клінцэвіч, быццам на іх наехаў і прабіў два колы. Матэрыяльная шкода склала 36 рублёў 18 капеек.

27 снежня жанчыны нібыта хацелі паўтарыць свой учынак, але іх затрымалі. Нікіціну да суда змясцілі пад варту, а Лабунская з 30 снежня заставалася пад хатнім арыштам.

На сённяшнім паседжанні з апошнім словам выступіла Анастасія Нікіціна. Выявілася, што жанчына, якая мае сваіх двух няпоўнагадовых дзяцей, узяла яшчэ і дзяўчынку пад патранажнае выхаванне. Да таго ж, жанчына мае праблемы са шчытападобнай залозай. Яна хварэе на дыябет, ёй патрэбная аперацыя на вочы.

Нягледзячы на гэтыя акалічнасці, суддзя Юлія Блізнюк прызначыла Нікіцінай 1 год і 3 месяцы пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Святлане Лабунскай – 1,5 года «хатняй хіміі».

ЯП belsat.eu

Hавiны