У Берасці 9 удзельнікам жнівеньскіх акцыяў пагражае да 4,5 гадоў калоніі


2 сакавіка ў судзе Маскоўскага раёну Берасця ў справе аб масавых беспарадках прайшлі спрэчкі бакоў. Пракуратура лічыць, што віна ўсіх абвінавачаных даказаная. Цалкам віну цалкам не прызнаў ніхто.

На лаве падсудных – дзевяць асобаў. Пацярпелымі ў справе прызнаныя 29 чалавек, большасць з іх – міліцыянты. Справу разглядае суддзя Вера Філонік.

2 сакавіка дзяржаўны абвінаваўца запытаў пакаранне для абвінавачаных ва ўдзеле ў масавых беспарадках 10 жніўня паводле ч. 2 арт. 293 КК – для ўсіх пазбаўленне волі ад 3 да 4,5 гадоў.

  • Цімур Рызапур – 4,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  • Аляксандр Драздоў – 4,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  • Ілля Мігно – 4,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  • Ягор і Віталь Пракапчукі – 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму кожнаму;
  • Сяргей Салоха – 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  • Сяргей Крыўчэня – 3,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  • Сяргей Гацкевіч (няпоўнагадовы) – 3 гады выхаваўчай калоніі;
  • Дзяніс Хазей (няпоўнагадовы) – 3 гады выхаваўчай калоніі;
  • Яшчэ адна фігурантка – Віталіна Бандарэнка – змагла выехаць за мяжу. Для яе пакарання не запытвалі.
Hавiны
У Берасці агучылі першыя выракі ў «карагоднай справе». Нікога не апраўдалі
2021.02.25 11:57

Паводле абвінавачання, 10 жніўня 2020 года падчас несанкцыянаванага масавага мерапрыемства ў цэнтры Берасця – на вуліцах Савецкай і Нафтавай, бульварах Шаўчэнкі і Касманаўтаў, праспекце Машэрава – «груба парушылі грамадскі парадак і здзейснілі пагромы. Пасля чаго ўжылі гвалт – нанеслі супрацоўнікам міліцыі ўдары рукамі і нагамі, рознымі прадметамі. У ход для гэтага ішлі дошкі, палкі, вулічныя скрыні для смецця, фрагменты лавак, тратуарнай пліткі і асфальту, бутэлькі, камяні, металічныя балты, ёмістасці з фарбай, піратэхнічныя вырабы. Затым абвінавачаныя наўмысна знішчылі і пашкодзілі транспартныя сродкі ды іншую маёмасць, якая належала АУС, фізічным і юрыдычным асобам».

Аналітыка
Ці сапраўды існавала «тэрарыстычная група» Аўтуховіча? Аналізуем гучную справу
2021.02.26 20:06

У выніку беспарадкаў адзін супрацоўнік міліцыі атрымаў лёгкае цялеснае пашкоджанне: дзве раны ў вобласці першага пальца правай ручыцы. У аднаго супрацоўніка сарвалі рацыю і адарвалі пагоны. Яшчэ 25 чалавек, паводле следства, атрымалі «пабоі». Таксама, згодна з дзяржабвінаваўцам, абвінавачаныя, «аб’яднаныя адзіным злачынным намерам, спрабавалі ўжыць гвалт, прычыніць цялесныя пашкоджанні, нанесці пабоі яшчэ двум супрацоўнікам».

Акрамя таго, пашкоджаны міліцэйскі і грамадзянскі транспарт: легкавы УАЗ, аўтобус МАЗ, аўтазак, некалькі мікрааўтобусаў Ford і ГАЗ. Шкоду ацанілі на 27 000 рублёў.

3 сакавіка ў судовых спрэчках выступяць адвакаты. Пасля гэтага прызначаць дату абвяшчэння прысуду.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў