У Беларусі ўжо 270 палітвязняў. Праваабаронцы дадалі ў спіс 8 чалавек


Беларускія праваабарончыя арганізацыя прызналі палітзняволенымі яшчэ 8 асобаў. Гэта людзі, якія былі асуджаныя ці ўзятыя пад варту ў межах крымінальных справаў паводле арт. 342 («Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак») і ч. 2 арт. 293 («Масавыя закалоты»), паведамляе «Вясна».

У спіс дадалі ўзятую пад варту паводле ч. 1 арт. 342 КК Вікторыю Кульшу і асуджанага да «хіміі» паводле таго ж артыкулу Сяргея Міраеўскага. Таксама палітвязнямі прызнаныя Рыгор Давыдаў, Аляксей Беразінскі, Уладзімір Рубашэўскі, Сяргей Салоха, Марэк Сірадзэ і Віталія Бандарэнка. Яны былі асуджаныя ці ўзятыя пад варту паводле ч. 2 арт. 293. Іхны пераслед праваабаронцы лічаць палітычна матываваным.

«Вясна» адзначае, што пратэсты ў Беларусі былі мірныя, а ў дзеяннях пратэстоўцаў не было прыкметаў злачынства паводле арт. 293 Крымінальнага кодэксу – адпаведна, яны не могуць кваліфікавацца як масавыя закалоты. Удзельнікі пратэстаў не здзяйснялі падпалаў, пагромаў, не знішчалі маёмасці ды не чынілі ўзброенага супраціву праваахоўнікам.

Асобныя выпадкі гвалтоўных дзеянняў у дачыненні супрацоўнікаў міліцыі з боку дэманстрантаў патрабуюць асобнай прававой кваліфікацыі, з улікам кантэксту і абставінаў ужывання гвалту, у тым ліку ў кантэксце самаабароны ад заведама непрапарцыйных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі.

ЯП belsat.eu

Стужка навінаў