У Баранавічах настаўнік фізкультуры ўдарыў вучня. Яму хочуць прысудзіць хатнюю «хімію»


У Баранавічах адбываецца судовы працэс у крымінальнай справе настаўніка фізкультуры з мясцовай школы № 12 Віталя Цвірко. Паводле версіі следства, ён ударыў свайго вучня, піша радыё «Свабода».

Інцыдэнт адбыўся летась 30 лістапада. Падчас перапынку Віталь Цвірко выцяў 14-гадовага дзевяцікласніка Данііла Б. у пахвіну. Праз атрыманыя пашкоджанні хлопцу спатрэбілася аперацыя.

На выкладчыка завялі крымінальную справу паводле арт. 147 («Наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання»).

У той дзень настаўнік нібыта ўбачыў, як Данііл Б. паліць электронную цыгарэту ў распранальні. Ён сцвярджае, што хацеў лёгка ўдарыць вучня па назе, але калена саслізнула, таму атрымалася ў вобласць пахвіны.

Паводле версіі Данііла Б., ён раней не паліў і вырашыў паспрабаваць адзін раз, калі знайшоў электронную цыгарэту ў прыбіральні. Дзед хлопца павёз яго ў траўмапункт, як толькі даведаўся пра здарэнне. Выявілася, што ў яго гематома і разрыў правага яечка. На наступны дзень падлетку зрабілі аперацыю.

Пракурор лічыць, што віна абвінавачанага даказаная. Яна запытала для Цвірко 2,5 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»).

«Я прызнаю віну. Я прапрацаваў настаўнікам больш за 20 гадоў. Шкадую і раскайваюся ў здзейсненым злачынстве. Я кожны дзень пра гэта шкадаваў. І да сённяшняга дня думаю пра ягонае здароўе. Прашу аб змякчэнні пакарання, хачу папрасіць прабачэння ў мамы Данііла», – сказаў Цвірко ў апошнім слове.

У сям’і пацярпелага да былога настаўніка фізкультуры прэтэнзіяў на сённяшні момант няма. Пакаранне яны вырашылі пакінуць на рашэнне суда.

ЯП belsat.eu

Стужка навінаў