«Спрабаваў схавацца ў прыбіральні і пазбавіцца ад грошай». За хабар затрымалі работнікаў філіялу «Атланту» ў Баранавічах

1 сакавіка працаўнікі ГУБАЗіКу падчас перадавання хабару затрымалі дырэктара Баранавіцкага станкабудаўнічага заводу (філіял ЗАТ «Атлант») і начальніка бюро камерцыйнага аддзелу.

Як паведамілі ў прэс-службе МУС, кіраўніка прадпрыемства затрымалі з доказамі злачынства падчас атрымання 600 тысячаў расейскіх рублёў. Ён спрабаваў схавацца ад праваахоўнікаў у прыбіральні працоўнага кабінета і пазбавіцца ад грошай. Разам з ім быў затрыманы начальнік бюро камерцыйнага аддзелу, які атрымаў хабар 330 тысячаў расейскіх рублёў. У яго канфіскавалі расейскія рублі і долары ЗША.

Затрыманыя мужчыны прынялі хабар ад прадстаўніка чэлябінскай фірмы за своечасовае выкананне дамоваў паставак металавырабаў. Паводле інфармацыі ГУБАЗіКу, працаўнікі айчыннага заводу маглі атрымліваць «адкаты» штогод у выглядзе адсотка ад сумы тавараабарачэння. Як правіла, рабілі гэта праз трох-чатырох пасярэднікаў.

Следчы камітэт распачаў крымінальныя справы паводле ч. 2 арт. 430 (атрыманне хабару ў значнай суме). Падазраваных змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання.

belsat.eu

 

Hавiны