Прадстаўнік «Белсату» распавёў камісіі Еўрапарламенту пра рэпрэсіі супраць незалежных журналістаў у Беларусі

Сустрэча прадстаўнікоў Еўрапарламенту прайшла 3 сакавіка ў рэжыме відэаканферэнцыі. На ёй прысутнічалі каля 60 чалавек. Таксама да іх далучыліся некалькі прадстаўнікоў няўрадавых арганізацыяў Беларусі і Польшчы. Ініцыяваў сустрэчу спадар Робэрт Бедрань (Robert Biedroń), які ўзначальвае камісію Еўрапарламенту для сувязяў з Беларуссю.

Роберт Бедронь прамаўляе каля амбасады Беларусі ў Варшаве. Фота: Анастасія Цыбульская / Белсат

На сустрэчы размова ішла пра грамадска-палітычную сітуацыю ў Беларусі. Прадстаўнік «Белсату» Лукаш Бырскі распавёў прысутным пра рэпрэсіі супраць незалежных медыяў у Беларусі, у прыватнасці – супраць нашага тэлеканалу.

Спадар Лукаш Бырскі падкрэсліў важнасць міжнароднага падтрымання. «Дзякуючы міжнароднай супрацы нам удалося паінфармаваць свет пра тое, што адбываецца ў Беларусі», – сказаў ён. Таксама ён распавёў пра сусветную хвалю абурэння прысудамі журналісткам «Белсату» Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай, журналістцы TUT.by Кацярыне Барысевіч.

Чацвёрты дзень суда над журналісткамі Белсату. Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай вынеслі прысуд. Ім прысудзілі два гады ў калоніі агульнага рэжыму. Менск, Беларусь. 18 лютага 2021 году. Фота: АВ / Белсат

«Але трэба зазначыць, што беларускія незалежныя медыі працягваюць працаваць, нягледзячы на сістэматычны моцны пераслед і рэпрэсіі», – падкрэсліў Лукаш Бырскі.

Спадар Робэрт Бэдронь запэўніў, што Еўрапарламент будзе і надалей уважліва сачыць за развіццём падзеяў у Беларусі, асабліва за сітуацыяй з незалежнымі СМІ і журналістамі.

Раней камісія для сувязяў з Беларуссю спрычынілася да адмены чэмпіянату свету па хакеі, які мелася прымаць Беларусь. Спаборніцтвы перанеслі ў Латвію.

AB, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны