Гамяльчук спрабаваў падпаліць «Табакерку». Яму далі 3,5 гады ўзмоцненага рэжыму


Вадзім Цыкуноў у судзе.
Фота: spring96.org

Суд Чыгуначнага раёну Гомля агучыў вырак у справе Вадзіма Цыкунова. Мужчыну, якога вінавацілі ў вырабе «кактэйляў Молатава» і спробе падпалу «Табакеркі», пакаралі 3,5 гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму, піша TUT.BY.

Дзяржаўны абвінаваўца лічыць, што віна Вадзіма Цыкунова даказаная. У спрэчках ён выказаўся пра «палітычную варожасць», якой нібыта былі выкліканыя дзеянні мужчыны. Адвакатка прасіла лічыць дзеянні вязня простым хуліганствам, учыненым нападпітку. Яна мяркуе, што паказанні пра наўмысны падпал шапіку Цыкуноў даў пад ціскам. Абаронца прасіла прызначыць мужчыну «хатнюю хімію».

«Мне пагражалі ў ІЧУ, што на мяне «павесяць» усе падпалы «Табакерак» у горадзе. Паказанні ад мяне яны атрымалі пад псіхалагічным і фізічным ціскам. Мяне збілі ў міліцыі. Гэтыя дзеянні – нікому не патрэбны эксперымент. Я прашу прабачэння ў сваіх бацькоў, жонкі, дачкі. Прашу не пазбаўляць мяне волі», – казаў Цыкуноў.

Нягледзячы на гэтую заяву, Яўген Шаршнёў пакараў мужчыну 3,5 гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Да таго ж, суддзя вынес дзве прыватныя пастановы ў сувязі з парушэннямі Крымінальна-працэсуальнага кодэксу з боку сілавікоў, адзначае радыё «Свабода». Па-першае, калі Цыкуноў сядзеў у ІЧУ, да яго прыйшоў аператыўнік, які правёў «аператыўнае апытанне». Супрацоўнік Цэнтральнага РАУС Карнавушанка не патлумачыў абвінавачанаму ягоных правоў – права на абарону было парушанае. Доказы, атрыманыя пасля апытання, суддзя лічыць недапушчальнымі.

А ператрус у сведкі Жыляніна адбыўся не па адрасе, які ўказалі ў пастанове. Гэта таксама лічаць парушэннем заканадаўства. Суддзя пастанавіў давесці начальніку Гомельскага абласнога УУС пра парушэнні супрацоўніка Карнавушанкі.

Таксама Яўген Шаршнёў вырашыў, што парушэнні крымінальна-працэсуальнага заканадаўства дапусцілі і следчыя. Пры перадаванні справы ў суд яны прыклалі даведку, у якой пазначылі, каго трэба выклікаць на паседжанні сведкамі. Сярод іх была нейкая Сіманава. На судзе высветлілася, што выклікаць мусяць сведку Сівакова. Таксама выявілася, што следчы не даваў пісьмовага даручэння на правядзенне ператрусу і даў няпоўныя звесткі пра рэчавыя доказы.

ЯП belsat.eu

Стужка навінаў