207 дзён пратэстаў. Закрыццё Symbal.by, 11 гадоў за наезд на даішніка


207 дзён працягваюцца ў Беларусі пратэсты супраць фальсіфікацыяў на прэзідэнцкіх выбарах і гвалту падчас мірных акцыяў. «Белсат» падводзіць вынікі гэтага дня.

Закрылі краму Symbal.by

Крама Symbal.by.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Стваральнік Symbal.by Павел Белавус паведаміў, што афлайн- і анлайн-крамы Symbal.by канчаткова спынілі сваю працу на нявызначаны тэрмін.

«Усе падзеі, якія апошнія 8 месяцаў адбываюцца вакол нашай кампаніі, прывялі да таго, што мы больш не можам арандаваць памяшканні для далейшай камерцыйнай дзейнасці ў любых фарматах і ўтрымліваць ранейшы штат супрацоўнікаў», – напісана на сайце крамы.

Hавiны
«Symbal.by – усё». Павел Белавус абвесціў пра закрыццё онлайн і офлайн крамаў
2021.03.03 11:31

Праблемы ў менскай офлайн-крамы symbal.by пачаліся яшчэ ў чэрвені 2020 года. Спачатку ў кур’ера крамы канфіскавалі наклад тышортак з надпісам «ПСІХО3%». Пасля ў краму зачасцілі правяранні з МНС, пастаянна прападала святло. У выніку з 29 чэрвеня крама спыніла сваю працу. На пачатку лютага чатырох супрацоўнікаў крамы Symbal.by, затрыманых пасля ператрусу ў офісе, асудзілі на содні.

Чарговая хваля рэпрэсіяў супраць крамаў з нацыянальнай сімволікай пачалася пасля выбараў. 3 лістапада зачынілася краму адзення LSTR. Таксама ў Берасці зачынілася крама «Князь Вітаўт», у Віцебску – паб «Торвальд», у Горадні – этнакрама «Цудоўня», а ў Воршы – «Цудоўная крама». У Менску вымушаная была пераехаць крама «Гонар». У студзені 2021 года былі вымушаныя зачыніцца ў Менску крамы «Мой модны кут», онлайн-крама «БЧБ.бел».

Менчука могуць пасадзіць на 11 гадоў за наезд на даішніка

У дачыненні да Аляксандра Троцкага ўзбуджаная крымінальная справа па арт. 364 КК (Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). Па справе пагражае пазбаўленне волі да шасці гадоў. Пацярпелы ў судзе не з’явіўся. 24 лютага 2021 года.
Фота: Белсат

У Менскім гарадскім судзе працягваецца працэс у справе 45-гадовага бізнесоўца Аляксандра Троцкага. Яго вінавацяць у замаху на забойства сілавіка. Пракурор Антон Цюменцаў запытаў 11 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Інцыдэнт адбыўся летась у Менску ўвечары 12 жніўня. Пры павароце на праспект Пераможцаў аўтамабіль Аляксандра Троцкага спынілі ўзброеныя людзі. Іх было каля 10 чалавек. Мужчыну загадалі выходзіць, ён адмовіўся. Тады пачалі пагражаць зброяй. Кіроўца спалохаўся і паехаў, але хутка яго спынілі, выцягнулі з аўтамабіля і моцна збілі. Таксама ў рот яму нібыта засоўвалі пісталет. Пасля гэтых падзеяў у ягоным эпікрызе пазначаныя глухата і чэрапна-мазгавая траўма.

Аляксандр Троцкі сваёй віны не прызнае і просіць яго апраўдаць. Троцкі сцвярджае, што з’ехаў з месца, дзе яго спынілі ўзброеныя людзі, бо баяўся за ўласнае жыццё. Паводле падсуднага, ён наехаў на маёра ДАІ выпадкова і гатовы кампенсаваць нанесеную шкоду.

https://blstv.eu/news/03-03-2021-za-naezd-na-daishnika-prakuror-prosits-pakarats-alyaksandra-trotskaga-11-gadami-kalonii/

А тым часам 36-гадоваму менчуку Аляксею Сцерлікаву, які таксама збіў даішніка, калі грамілі ягоны аўтамабіль, прысудзілі 4 гады калоніі агульнага рэжыму. Апроч таго, кампанія, дзе ён працаваў, выплаціць 10 тысяч рублёў пацярпеламу супрацоўніку ДАІ.

«Мне сорамна за вас», – сказаў ён на развітанне суддзю Генадзю Янкоўскаму. «А вам з гэтым жыць», – звярнуўся Сцерлікаў да пракуроркі Вольгі Дзіліндзевіч.

Інцыдэнт з пагромам аўтамабіля Аляксея Сцерлікава адбыўся летась 24 верасня. У інтэрнэт трапіла відэа відавочцаў, як некалькі дзясяткаў сілавікоў дручкамі грамяць аўтамабіль на праезнай частцы. МУС паведаміла, што кіроўца быў нецвярозы, падрэзаў аўтобус, блакаваў рух, спрабаваў уцячы і наехаў на інспектара ДАІ.

У Горадні судзяць панк-музыку

Ігар Банцар.
Фота: Белсат

У Горадні пачынаецца судовы працэс над музыкам Ігарам Банцарам. Яму пагражае 3 гады зняволення паводле абвінавачання ў «хуліганстве» (ч. 3 арт. 339). Гэтак сілавыя органы трактуюць ягоную актыўную грамадзянскую пазіцыю падчас мірных пратэстаў у Горадні.

Ігар Банцар – адна з самых прыкметных постацяў гарадзенскага музычнага і культурніцкага андэграўнду. Ён абаронца правоў чалавека і аўтар правакацыйных перформансаў у Горадні. За часы кіравання Аляксандра Лукашэнкі музыку затрымлівалі, ён неаднойчы сядзеў за кратамі ды галадаваў на знак пратэсту.

Больш за 4 месяцы ён правёў у гарадзенскім СІЗА, адкуль на месяц яго забіралі ў псіхіятрыю ў «Навінкі», а ў лютым на 15 дзён замыкалі ў карцары. Ігар – вакаліст панк-рок гурта Mister X, у тэкстах якога – увесь светапогляд уздоўж, упоперак і насуперак рэпрэсіўнай сістэме, як у мастацтве, гэтак і ў паўсядзённасці.

Музыка з’явіўся ў залі з аркушам паперы, на якім напісана «Справядлівасці няма», па-баявому сустракаў тых, хто ўваходзіў у судовую залю, спяваў песні і казаў, што «гэта не суд».

ЯП belsat.eu

Стужка навінаў