Telegram заблакаваў праўладны канал, на якім публікаваліся «пакаянныя» відэа


На прыладах iOS заблакавалі прапагандысцкі тэлеграм-канал «Жулікі Беларусі», што публікаваў персанальныя звесткі людзей, якія выказваліся супраць уладаў, а таксама «пакаянныя» відэа, паведамляе тэлеграм-канал «МотолькоПомоги».

Пры спробе зайсці на гэты канал з’яўляецца паведамленне, што канал на прыладзе карыстальніка не даступны, бо парушаў правілы размяшчэння дадаткаў у «App Store», раздзеле 1.1.

У канале было больш за 34 тысячы падпісчыкаў, але сярэдні ахоп аднаго допісу – 400, гэта значыць, што вялікая колькасць падпісак была накручаная.

2 лютага стала вядома, што Telegram заблакаваў на прыладах з iOS і «Android» каналы «Чёрная книга Беларуси» і «Каратели Беларуси», якія публікавалі звесткі сілавікоў і чыноўнікаў.

У сувязі з гэтым выданне mediazona.by звяртае ўвагу: стваральнік Telegram Павел Дураў у кастрычніку 2020 года паведамляў, што Apple запатрабавала выдаліць тры беларускія каналы @karatelibelarusi, @chatpartizan і @belarusassholes, спасылаючыся на тое, што «публікацыя асабістых звестак сілавікоў і прапагандыстаў можа падбухторваць да гвалту». Дураў тады падкрэсліваў, што сітуацыя «не чорна-белая» і ён бы хацеў пакінуць каналы, але «Apple» не пакідае асаблівага выбару».

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў