Жонка Сяргея Румаса: «Дома яго няма». Афіцыйных каментароў, ці затрыманы былы прэм’ер-міністр, таксама няма


Пра затрыманне былога прэм’ер-міністра Сяргея Румаса паведамляюць тэлеграм-каналы. Але афіцыйнага пацверджання гэтых звестак пакуль няма.

«Наша Ніва» датэлефанавалася да жонкі Сяргея Румаса, На пытанне, дзе ейны муж, Жанна Румас адказала: «Я не ведаю, дома яго няма. <…> Я пакуль не буду даваць ніякіх каментароў, давайце я сама разбяруся».

Паводле звестак «Нашай Нівы», апошні раз Сяргей Румас быў онлайн у месенджары 3 лютага а 5-й раніцы. Цяпер ягоны тэлефон выключаны.

Аляксандр Лукашэнка і Сяргей Румас. Фота – Аляксей Нікольскі / ITAR-TASS / Forum

Сяргей Румас быў прэм’ер-міністрам кароткі час – з жніўня 2018 года да чэрвеня 2020 года. Але на яго ўскладалі вялікія надзеі. Румас быў заўважным рыначнікам сярод беларускіх чыноўнікаў – выступаў за больш актыўную прыватызацыю дзяржаўных прадпрыемстваў, выказваўся супраць ільготнага крэдытавання стратных галінаў эканомікі, за больш актыўнае прыцягненне замежных інвестыцыяў. Але, відавочна, ягонае бачанне развіцця краіны не супадала з бачаннем Лукашэнкі.

Інфармацыя пра затрыманне Сяргея Румаса з’явилася ў тэлеграм-каналах. Афіцыйныя органы пакуль яе не пацвердзілі, але і не абверглі.

Палітолаг Павел Усаў мяркуе, што калі інфармацыя пра затрыманне Румаса – сапраўдная, то найхутчэй яно палітычна матываванае.

«Лукашэнка ўзяўся за зачыстку ўсіх, хто мог выявіць якую-небудзь нелаяльнасць, сумневы ў «мудрасці» правадыра. Ва ўмовах «ваеннага становішча» кіроўная вярхушка павінна быць цалкам кансалідаванай, а тыя, хто сумняецца і вагаецца, – знішчаныя. Калі і быў нейкі раскол у элітах, то дыктатар вырашыў яго вынішчыць рэпрэсіямі. З увагі на тое, што Румас лічыўся «лібералам», ягоны арышт павінен стаць сканчэннем рэфармісцкага ўхілу ў атачэнні Лукашэнкі», – мяркуе палітолаг.

Сяргею Румасу 51 год.

Ён скончыў Яраслаўскую вышэйшую вайсковую фінансавую вучэльню імя А. В. Хрулёва паводле спецыяльнасці «фінансавае забеспячэнне войскаў», у 1995 годзе – Акадэмію кіравання пры Кабінеце Міністраў Рэспублікі Беларусь паводле спецыяльнасці «арганізацыя і кіраванне замежнаэканамічнай дзейнасцю».

З 1992 да 1994 года кіраваў рознымі аддзеламі Нацыянальнага банку Рэспублікі Беларусь, таксама працаваў у камерцыйных банках. У 1995 годзе стаў дырэктарам філіялу ААБ «Беларусбанк». У 2005 годзе – старшынём праўлення «Белаграпрамбанку».

28 снежня 2010 года прызначаны віцэ-прэмʼерам. У гэты час адбыўся жорсткі валютны крызіс. Румас не падтрымліваў манетарнай палітыкі, якую вялі тагачасны старшыня Нацбанку Пётр Пракаповіч і памочнік прэзідэнта ў сферы эканомікі Сяргей Ткачоў.

Румас выступаў з прапановамі, скіраванымі на развіццё рынкавых дачыненняў. Восенню 2011 года пад кіраўніцтвам Румаса быў складзены праект структурных эканамічных рэформаў, які Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў.

У 2012 годзе прызначаны старшынём праўлення Банку развіцця Рэспублікі Беларусь. Аляксандр Лукашэнка назваў тады пераход Румаса «каласальнай стратай для ўраду».

18 жніўня 2018 года А. Лукашэнка «ператрахнуў» урад. Замест Андрэя Кабякова прэмʼер-міністрам зрабіўся Сяргей Румас, замененыя былі чатыры з пяці намеснікаў прэмʼера, а таксама былі прызначаныя новыя міністры – архітэктуры, прамысловасці, сувязі і інфарматызацыі, эканомікі.

3 чэрвеня 2020 года Лукашэнка адправіў урад на чале з Сяргеем Румасам у адстаўку.

У Сяргея Румаса чацвёра сыноў. Падчас летніх пратэстаў жонка Румаса, якая працуе стаматолагам, апублікавала ў сваім Інстаграме фотаздымак на фоне акцыі салідарнасці.

AB, belsat.eu

Стужка навінаў