«Заўтра ідзём штурмаваць мясцовы КДБ». У Смаргоні пачалі судзіць «тэрарыста»


Іван Вярбіцкі з адвакатам.
Фота: Рэгіянальная газета

Суд Смаргонскага раёну 2 лютага пачаў разгляд не зусім звычайнай крымінальнай справы, заведзенай на жыхара Гальшанаў Івана Вярбіцкага. Яго судзяць адразу за падбухторванне да акту тэрарызму, незаконнае набыццё, захоўванне боепрыпасаў і выбуховых рэчываў, а таксама за знішчэнне афіцыйных дакументаў, паведамляе «Вясна».

Справу разглядае суддзя Людміла Пятрова, дзяржаўны абвінаваўца – пракурор Сяргей Кавальчук.

Паводле следства, для дэстабілізацыі парадку грамадзянін пісаў у Telegram-канал паведамленні з заклікамі пашкодзіць кактэйлямі Молатава будынак КДБ і падпаліць пракуратуру Ашмянскага раёну, там жа заклікаў падпальваць аўтамабілі міліцыі.

А каб перашкодзіць расследаванню, Іван разарваў прад’яўленую яму для азнаямлення пастанову следчага аб правядзенні ператрусу ў месцы ягонага жыхарства. Між тым пры ператрусе супрацоўнікі органаў унутраных справаў выявілі ды канфіскавалі боепрыпасы і выбуховыя рэчывы.

14 кастрычніка Вярбіцкі прачнуўся каля 9-й гадзіны, адкрыў тэлеграм. У канале «Ашмяны» пабачыў паведамленне пра тое, што размясцілі адфоташопленую карцінку сцяга, каб прадстаўнікі праваахоўных органаў прыехалі на месца, а там насамрэч нічога не было. Таму абвінавачваемы вырашыў таксама «патроліць» сілавікоў. Ён пакінуў у канале допіс са словамі «Заўтра ідзём штурмаваць мясцовы КДБ», пасля дапісаў «Маленькімі групамі з кактэйлямі Молатава». Яму адказалі, што ў Ашмянах цяпер няма КДБ, на гэтым месцы месціцца пракуратура. Тады Вярбіцкі адказаў: «Будзем паліць пракуратуру».

Потым Вярбіцкі перайшоў у канал «Астравец для жыцця», там зрабіў рэпост з тэлеграм-каналу, які прызнаны экстрэмісцкім, і дапісаў: «Усе міліцэйскія тачкі і тачкі іхных жонак павінны гарэць».

Абвінавачваны патлумачыў, што трэба разумець мяжу паміж рэчаіснасцю і віртуальным жыццём. З ягоных словаў, дыскусія ў тэлеграм-каналах была абсалютна жартоўная і не мела дачынення да рэальнага жыцця. Вярбіцкі прызнаўся, што часта займаўся тролінгам:

«У адным з тэлеграм-чатаў, напэўна, гэта быў канал «Ліда для жыцця», я напісаў, што трэба зрабіць дэманстрацыю: выпусціць кароваў, размаляваных у белыя і чырвоныя колеры.

Канечне, гэтага не адбылося. Яшчэ пісаў, што зрабіў падкоп з Гальшанаў да рэзідэнцыі прэзідэнта. Але стаміўся, а засталося ўсяго 200–300 метраў дакапаць, таму заклікаў людзей мне дапамагчы. Вось у жартоўнай форме пісаў, але тады справу не завялі».

Іван не ведаў, дзе месціцца пракуратура ў Ашмянах, а дакладнага месца для збору людзей маленькімі групамі нідзе не пазначаў. Вярбіцкі не быў знаёмы ні з кім асабіста з чатаў «Ашмяны» і «Астравец для жыцця». Таксама ён адмаўляе, што падбухторваў людзей да тэрарыстычнага акту, ніякіх дзеянняў для здзяйснення злачынства ён не рабіў.

21 кастрычніка Вярбіцкі выйшаў па ежу. Пазней вяртаўся дадому і пабачыў групу асобаў. Сярод гэтай групы людзей быў чалавек у міліцэйскай форме, побач стаяла міліцэйская машына. Людзі паказалі яму пасведчанні.

«Падумаў спачатку, што гэта жарт, розыгрыш. Толькі пасля зразумеў, што гэта сапраўды супрацоўнікі. Адзін паказаў пастанову пракурора, дзе мяне абвінавачваюць паводле нейкіх жахлівых артыкулаў».

Вярбіцкі прачытаў адну старонку пастановы, раззлаваўся і разарваў дакумент. Калі яго збіраліся павезці ў пастарунак, дастаў тэлефон і разбіў аб багажнік міліцэйскага аўтамабіля.

«Разбіў тэлефон, бо прадставіўся такі выпадак. Прыехала следчая група, якая прыйшла лавіць злога тэрарыста», – тлумачыў уласныя дзеянні Вярбіцкі.

Дома ў Івана следчая група знайшла порах і 23 малакаліберныя патроны. Вярбіцкі расказаў, што дом вялікі – шмат пакояў, у якіх ён не жыў, не чапаў рэчаў, што засталіся пасля смерці бацькоў, і не ведае дакладна, што і дзе захоўвалася.

Порах, які знайшлі ў шафе, быў за банкамі, ён туды не залазіў. А патроны ляжалі ў валізе, якая была ў канапе ў матчыным пакоі, куды ён вельмі рэдка заходзіў. Вярбіцкі мяркуе, што порах і патроны засталіся ад бацькі, які быў паляўнічы. Дарэчы, сам Вярбіцкі таксама быў паляўнічым, ён здаў уласную стрэльбу ў міліцыю на ўтылізацыю яшчэ ў 2019 годзе.

Судовае пасяджэнне працягнецца 10 лютага.

МГМ, Belsat

Стужка навінаў