«Наша Ніва»: Румас за мяжою, а вось ягоных сяброў маглі затрымаць


TUT.BY здолеў паразмаўляць з жонкай былога прэмʼер-міністра Сяргея Румаса, якога нібыта затрымалі ў межах крымінальнай справы.

«Сяргей Мікалаевіч у адʼездзе за межамі Беларусі», – патлумачыла Жанна Румас і адмовілася ад іншых каментароў.

Раней з ёй жа размаўляла «Наша Ніва». Тады жонка былога прэмʼера не здолела адказаць, дзе ён цяпер.

«Дома яго няма, хлопцы. Я пакуль не буду даваць ніякіх каментароў, давайце я сама разбяруся».

У КДБ не пацвердзілі, але і не абверглі чутак. Onliner звярнуўся па каментары ў МУС, Следчы камітэт і Генпракуратуру, але там нічога пра затрыманне не ведаюць. Тым часам «Наша Ніва» пацвярджае апошнюю заяву Жанны Румас. Цяпер банкір у адной з заходніх краінаў, дзе жывуць ягоныя сыны (адзін у Італіі, другі – у Вялікай Брытаніі). Туды ён паехаў на нечый дзень нараджэння і яшчэ не паспеў вярнуцца.

Паводле інфармацыі «НН», некалькіх банкіраў учора выклікалі ў Дэпартамент фінансавых расследаванняў. Пасля допыту выйшлі не ўсе. Згодна з непацверджанымі пакуль сведчаннямі, затрыманы былы старшыня праўлення «Белінвестбанку» Генадзь Сысоеў – блізкі сябра Румаса, разам яны ішлі і ў працы, і па жыцці. Сысоеў некалі быў намеснікам Румаса ў «Белаграпрамбанку», апошні час узначальваў праблемны «Барысаўдрэў». Румас асабіста паручаўся за таго ў складаныя моманты жыцця, калі Сысоева знялі з пасады кіраўніка «Белінвестбанку» і ледзь не пасадзілі.

Выглядае, што прычынай лютаўскіх падзеяў стаў яшчэ адзін блізкі Румасу чалавек – бізнесовец Ігар Чарняўскі. Ён кіраўнік і сузаснавальнік Тураўскага малочнага камбінату, а Тураў, адзначае «Наша Ніва», – малая радзіма былога прэмʼера. Гэты камбінат пабудавалі літаральна ў чыстым полі, першую прадукцыю – сыры, – ён выпусціў у 2013-м.

Наколькі вядома «Нашай Ніве», сэнс прэтэнзій кантралёраў у тым, што прадпрыемства прыватнай формы ўласнасці з парай фізічных асобаў у якасці заснавальнікаў будавалася і паўставала за дзяржаўныя грошы – у тым ліку за грошы «Белаграпрамбанку» ў час, калі ім кіраваў Румас.

Карэспандэнт «Белсату» паспрабаваў патэлефанаваць Чарняўскаму, але ягоны нумар недасяжны. З такой жа праблемай сутыкнуліся і калегі з «Нашай Нівы». Дырэктарка Тураўскага камбінату Вольга Луцко паведаміла нам, што пра затрыманне свайго кіраўніка нічога не ведае.

ЯП, belsat.eu

Стужка навінаў