Лукашэнка абвесціў сацдаследаванне: «Калі «свядомыя» пачнуць лупіць расейцаў, падключыце ўкраінцаў»


Мясцовы жыхар. Фота – ВМ/«Белсат»

Маштабнае сацыялагічнае даследаванне маюць зладзіць да Усебеларускага народнага сходу і ахапіць усе пласты грамадства. Паводле Лукашэнкі, ад адказаў людзей будзе залежаць, як пойдзе далей развіццё краіны, паведамляе TUT.BY.

«Мы прынялі рашэнне аб маштабным сацыялагічным даследаванні ў Беларусі. Было даручэнне, каб мы гэтыя даследаванні скончылі да Усебеларускага народнага сходу і паставілі там для адказу людзям канкрэтныя пытанні, ад якіх залежыць развіццё нашай Беларусі і якія хвалююць людзей», – заявіў ён.

Лукашэнка сказаў, што «даследаванні пачаліся»: ужо праведзенае апытанне ў некаторых гарадах і працоўных калектывах. Даследчыкі пакуль не ахапілі вёсак, малых гарадоў і раённых цэнтраў – тут даследаванні пачнуцца 3 лютага.

«Таму я звяртаюся да людзей: вельмі вас прашу, калі прыйдуць прадстаўнікі сацыялагічных службаў да вас і зададуць нейкае пытанне канкрэтнае, адказаць аб’ектыўна і сумленна. Для мяне асабіста гэта вельмі важна. Для нас гэта вельмі важна, каб мы маглі прыняць нармальнае выверанае рашэнне».

Лукашэнка заявіў, што гарантуе рэспандэнтам поўную ананімнасць, каб не баяліся «протестунов», а праводзіць апытанне «будуць вельмі прыстойныя людзі – ніякіх выкладванняў фатаграфій і пастоў у інтэрнэце не будзе»:

«Галоўны даследчык – замежная кампанія. Трэба падключыць на дадзеным этапе яшчэ, можа, і расейцаў. Калі нашы «свядомыя» пачнуць нагамі лупіць расейцаў – просьба падключыць украінцаў. Яны выдатна размаўляюць на расейскай мове і з нашымі людзьмі спакойна і свабодна змогуць мець зносіны».

Ён паабяцаў, што вынікі даследаванняў апублікуюць – «пытанні вельмі цікавыя і вельмі надзённыя» і дадаў, што трэба падключыць і «іншых людзей, якія хочуць падлучыцца дапамагчы нам абʼектыўна правесці гэтыя даследаванні».

У Беларусі, паводле закону, правядзенне даследаванняў і апублікаванне вынікаў апытанняў грамадскай думкі, якія адносяцца да грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне, рэспубліканскіх рэферэндумаў, выбараў прэзідэнта, дэпутатаў і сенатараў, забароненае без атрымання адпаведнае акрэдытацыі. Яе ажыццяўляе Камісія ў апытаннях грамадскай думкі пры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

МГМ, Belsat.eu

Стужка навінаў