Лідская крама перажыла 8 праверак. Гаспадыня атрымала пратакол паводле 23.34


На гаспадыню лідскай крамы сувеніраў склалі пратакол паводле арт. 23.34. Пікетам міліцыя палічыла продаж нататнікаў з Пагоняй і бел-чырвона-белых сцяжкоў, сцвярджае «Наша Ніва».

Раней у краме зладзілі 8 праверак, нібыта пасля ананімных скаргаў. З розных нагодаў прыходзілі праверкі з энерганагляду, санстанцыі, міліцыі, падатковай інспекцыі. Месяц не хацелі працягваць дамовы арэнды, але памяшканне ўсё ж адстаялі. 2 лютага зноў завітаў сілавік.

«Прыйшоў супрацоўнік РУУС, не наш участковы. У паперах я ўбачыла, што да іх паступіла скарга ад першага намесніка мэра Ігара Квасоўкі. Нібыта 29 студзеня ён аб 11-й гадзіне быў у мяне ў краме і бачыў незарэгістраваную сімволіку. Мы паглядзелі камеры за гэты дзень – натуральна, тут чыноўніка не было. Дакументу, які забараняе гандляваць рэчамі з бел-чырвона-белай сімволікай, мне не паказалі. Урэшце склалі пратакол, што мае кубкі ды магніты – гэта пікет», – распавяла гаспадыня крамы і агенцтва «Хамелеон» Крысціна Іванова.

Летась Крысціну двойчы затрымлівалі паводле адміністратыўнага артыкулу 23.34 праз фотаздымкі ў інстаграме. А яшчэ ў чэрвені дзяўчына атрымлівала дыплом з рук першага намесніка мэра. Сёння прадпрымальніца занесла ў выканкам запыт аб тлумачэнні заканадаўства: калі іхная крама штосьці парушае, то няхай спашлюцца на канкрэтныя артыкулы.

На мінулым тыдні зазналі ціск крамы з нацыянальнай сімволікай. Гэтак, паводле адміністратыўных артыкулаў затрымалі заснавальнікаў крамы «Мой родны кут» і супрацоўнікаў Symbal.by.

ЯП, belsat.eu

Стужка навінаў