«Гэта важна для нас саміх, беларусаў». Гісторыкі распачалі кампанію для абароны бел-чырвона-белага сцяга

Беларусы працягваюць змагацца за нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг. Сваё слова гучна сказалі прафесійныя беларускія гісторыкі: яны выступілі з супольнай заявай у абарону сцяга, пад якой стартаваў збор подпісаў. Гэта стала рэакцыяй на тое, што Генпракуратура збіраецца прызнаць нацыянальны сімвал «экстрэмісцкім».

«Ідэя такога звароту паўстала невыпадкова: сёння мы назіраем беспрэцэдэнтную дзяржаўную кампанію па дыскрэдытацыі беларускіх нацыянальных сімвалаў. Некаторыя ідэолагі дагаварыліся ўжо да таго, што гэта фашысцкая сімволіка», – кажа ў каментары «Белсату» доктар гістарычных навук, адзін з падпісантаў звароту Алесь Смалянчук.

Чалавек са сцягам у Віцебску. Фота: чытачы «Белсату»

На ягоную думку, беларускія сімвалы трэба абараняць, бо гаворка ідзе не толькі пра сцяг і Пагоню, гаворка ідзе пра ўвесь пратэставы рух, беларускую рэвалюцыю, якую хочуць прывязаць да фашызму, экстрэмізму, і выбралі ў якасці пробнай цэлі беларускую сімволіку.

«Гэтая сітуацыя падштурхнула да таго, што апрача розных заяваў, якія робяць дзеячы культуры, палітыкі, варта, каб сваю заяву зрабілі прафесійныя гісторыкі», – адзначае прафесар.

Калі пад зваротам будзе сабраная пэўная колькасць подпісаў, заяву накіруюць у Генеральную пракуратуру.

Менск, Беларусь. 22 лістапада 2020 года. Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

«Зразумела, што ўсё гэта могуць праігнараваць, але гэта вельмі важная рэч для нас саміх, для беларусаў. Важна не скарацца, а адстойваць свае пазіцыі, карыстацца ўсімі магчымасцямі для гэтага, каб паказваць, што жыве Беларусь, і будзе жыць», – падкрэсліў Алесь Смалянчук.

У звароце распавядаецца гісторыя бел-чырвона-белага сцяга і прычыны, чаму яго нельга называць фашысцкім ці экстрэмісцкім. Прыводзім поўны тэкст:

«Бела-чырвона-белы сцяг ёсць нацыянальным і дзяржаўным беларускім сімвалам. Ён быў ухвалены ў 1917 годзе ўсімі беларускімі нацыянальнымі арганізацыямі і стаў дзяржаўным у 1918 годзе, напрыканцы Першай сусветнай вайны, калі новыя краіны, якія ўзніклі на руінах імперыяў, зацвярджалі свае дзяржаўныя сімвалы. Нашая нацыянальная дзяржава Беларуская Народная Рэспубліка прыняла дзяржаўны герб – старажытную Пагоню і дзяржаўны сцяг – бела-чырвона-белага колераў, адпаведных беларускім народным і гістарычным традыцыям.

Пратэставая акцыя на плошчы Незалежнасці. Менск, Беларусь. 18 жніўня, 2020 года. фота: Ірына Арахоўская / Vot-tak.tv / Belsat.eu

За мінулае стагоддзе бела-чырвона-белы сцяг стаў духоўным набыткам і маральнай каштоўнасцю для мільёнаў беларусаў, незалежна ад іх палітычных поглядаў. У 1930 годзе знакаміты паэт-камуніст Максім Танк напісаў:

Глядзіце ў будучыню смела!

Настаў доўгачаканы час,

Пад сцягам бел-чырвона-белым

Чакае перамога нас.

Выкарыстанне калабарантамі нацыянальных сімвалаў у час Другой сусветнай вайны было звычайнай справай у Еўропе, і не можа весці да іх дыскрэдытацыі. Мы бачым, як дзяржавы з падобным гістарычным досведам, як, напрыклад, Расея, Украіна, Францыя, Літва, Латвія, Харватыя, Нарвегія, Данія ды іншыя шануюць свае нацыянальныя сцягі.

Удзельнікі Агульнаграмадзянскага маршу за Свабоду. 16 жніўня, 2020 года. Mенск, Беларусь. Фота: Аляксандр Васюковіч / Vot-tak.tv / Belsat.eu

У верасні 1991 г. Вярхоўны Савет БССР зацвердзіў бела-чырвона-белы сцяг дзяржаўным сцягам Рэспублікі Беларусь. У 1994 годзе менавіта пад ім прыносіў прысягу новаабраны прэзідэнт Лукашэнка.

Сённяшняя афіцыёзная прапагандысцкая кампанія па дыскрэдытацыі і забароне нацыянальнага і дзяржаўнага сімвалу Беларусі бела-чырвона-белага-сцяга не мае ніякага гістарычнага абгрунтавання, вядзе да расколу грамадства і распальвання варажнечы паміж грамадзянамі Беларусі.

Арганізатары і ўдзельнікі гэтай кампаніі павінны панесці адказнасць не толькі перад судом гісторыі, але і юрыдычную», – гаворыцца ў заяве.

Першымі пад ёй падпісаліся дактары гістарычных навук Алесь Краўцэвіч, Алесь Смалянчук, Алег Латышонак, Генадзь Сагановіч, Юрый Гардзееў, Тадэвуш Гавін. Падпісацца пад заявай можна на адмыслова створанай старонцы «Наш Сцяг».

Нагадаем, 29 студзеня з’явілася інфармацыя пра тое, што Генпракуратура Беларусі збіраецца прызнаць экстрэмісцкім бел-чырвона-белы сцяг. Для такога рашэння хапіла калектыўнага звароту, пад якім падпісаліся «больш за сотню грамадзянаў». Яго аўтары просяць прыраўняць бел-чырвона-белы сцяг, «які ў гады вайны стаў сімвалам зверстваў на беларускай зямлі», да экстрэмісцкай сімволікі.

Такая ініцыятыва ўладаў сустрэла адпор у беларусаў: у гэты ж дзень была створаная петыцыя супраць прызнання БЧБ-сцяга экстрэмісцкім, якую праз некалькі дзён падпісалі больш за 84 тысячы чалавек. Колькасць падпісантаў працягвае расці.

Раней бел-чырвона-белы сцяг называў фашысцкім Аляксандр Лукашэнка:

– Мы прыбяром гэтую фашысцкую сімволіку з нашага грамадства. Зробім гэта прыгожа і перш за ўсё растлумачваючы, убіваючы ў галаву людзям, што гэта нельга рабіць, – паабяцаў ён у лістападзе мінулага года падчас сустрэчы з працаўнікамі «Гомсельмашу».

Саша Праўдзіна, belsat.eu

Hавiны