179 дзён пратэсту. Ліст сваякоў вязняў, «справа Румаса»


Паслявыбарчыя пратэсты ў Беларусі працягваюцца ўжо амаль шэсць месяцаў. Палітвязняў усё больш, а пад рэпрэсіі трапляюць нават прадстаўнікі эліт. «Белсат» падводзіць вынікі 179-га дня пратэстаў.

Затрымалі сяброў Румаса?

Дзень пачаўся з маланкі. Некалькі тэлеграм-каналаў паведаміла пра затрыманне былога прэм’ер-міністра Сяргея Румаса. Але афіцыйнага пацверджання гэтых звестак пакуль няма. Але афіцыйна гэтую інфармацыю ніхто не пацвердзіў.

Hавiны
Жонка Сяргея Румаса: «Дома яго няма». Афіцыйных каментароў, ці затрыманы былы прэм’ер-міністр, таксама няма
2021.02.03 13:29

Пасля жонка Румаса паведаміла, што ён цяпер знаходзіцца за мяжой. «Наша Ніва» высветліла, што банкір паехаў у Лондан на дзень нараджэння сына і яшчэ не паспеў вярнуцца. Але чуткі ўзніклі не на пустым месцы. Паводле інфармацыі «НН», некалькіх банкіраў 2 лютага выклікалі ў Дэпартамент фінансавых расследаванняў. Пасля допыту выйшлі не ўсе. Згодна з непацверджанымі пакуль сведчаннямі, затрыманы былы старшыня праўлення «Белінвестбанку» Генадзь Сысоеў – блізкі сябра Румаса, разам яны ішлі і ў працы, і па жыцці. Сысоеў некалі быў намеснікам Румаса ў «Белаграпрамбанку», апошні час узначальваў праблемны «Барысаўдрэў». Румас асабіста паручаўся за таго ў складаныя моманты жыцця, калі Сысоева знялі з пасады кіраўніка «Белінвестбанку» і ледзь не пасадзілі.

Hавiны
«Наша Ніва»: Румас за мяжою, а вось ягоных сяброў маглі затрымаць
2021.02.03 15:31

Выглядае, што прычынай лютаўскіх падзеяў стаў яшчэ адзін блізкі Румасу чалавек – бізнесовец Ігар Чарняўскі. Ён кіраўнік і сузаснавальнік Тураўскага малочнага камбінату, а Тураў, адзначае «Наша Ніва», – малая радзіма былога прэмʼера. Гэты камбінат пабудавалі літаральна ў чыстым полі, першую прадукцыю – сыры, – ён выпусціў у 2013-м. Карэспандэнт «Белсату» паспрабаваў патэлефанаваць Чарняўскаму, але ягоны нумар недасяжны. З такой жа праблемай сутыкнуліся і калегі з «Нашай Нівы». Дырэктарка Тураўскага камбінату Вольга Луцко паведаміла нам, што пра затрыманне свайго кіраўніка нічога не ведае.

За фігурантаў справы «Белгазпрамбанку» папрасілі ў Лукашэнкі

Стала вядома, што ўжо заўтра, 4 лютага, адбудзецца папярэдняе паседжанне па справе «Белгазпрамбанку». На ім будуць прысутнічаць не ўсе абвінавачаныя, а толькі тыя шасцёра, якія заключылі дасудовую дамову аб супрацы. Віктара Бабарыкі сярод іх няма.

Незалежныя беларускія медыя патрапіць на паседжанне не здолеюць. Вярхоўны суд на сваім сайце анансаваў захады ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй. У прыватнасці, гаворка ідзе пра абмежаванне месцаў. Нібыта праз гэта на паседжанне не пусцяць журналістаў БелаПАН, газетаў «Белорусы и рынок» і беларускай «Комсомольской правды», а таксама Onliner.by. «Медыязона» дадае, што адмову атрымаў і часопіс «Office Life».

Hавiны
TUT.BY: журналістаў незалежных беларускіх медыяў не пусцяць на папярэдняе паседжанне па справе «Белгазпрамбанку»
2021.02.03 20:06

Тым часам сваякі абвінавачаных яшчэ спадзяюцца на міласэрнасць Аляксандра Лукашэнкі. Калектыўны ліст яму напісалі сем’і Кірыла Бадзея, Сяргея Дабралёта, Аляксандра Ільясюка, Віктара Кабяка, Дзмзітрыя Кузьміча і Сяргея Шабана. Зрабіць гэта прапанаваў Юрый Васкрасенскі.

Праект звароту апублікаваў «Интерфакс». Сваякі абвінавачаных просяць Лукашэнку вызваліць сваіх блізкіх ад крымінальнай адказнасці ў адпаведнасці з артыкулам 88 Крымінальнага кодэксу (дзейнае раскаянне).

Новыя палітвязні і прысуды

Іван Зубко ля будынку суду Завадскога раёну Менску. Юнак быў абвінавачаным па частцы 1 артыкулу 342 КК РБ (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Прысуд — тры гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. 3 лютага.2021 году. Менск, Беларусь. Фота АВ / Белсат

Спіс палітзняволеных ад праваабарончага цэнтру «Вясна» папоўніўся чатырма новымі імёнамі. Арганізацыя лічыць палітычна матываваным пераслед узятых пад варту Ганны Вішняк (ч. 1 арт. 342 – групавыя дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак), Сяргея Палоніса (ч. 2 арт. 293 – удзел у масавых закалотах), а таксама асуджаных на 2,5 гады зняволення супрацоўнікаў БМЗ Яўгена Говара і Аляксандра Баброва (ч. 1 арт. 342).

«Суды ідуць пастаянна. Згодна з інфармацыяй СК, яны завялі каля 2000 крымінальных справаў, звязаных з удзелам людзей у масавых акцыях, актыўнасцю альбо іншымі рэчамі. Там самыя розныя артыкулы КК. Гэта і масавыя беспарадкі, і дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак, – самыя папулярныя палітычныя артыкулы. Ёсць артыкулы за супраціў дзеянням супрацоўнікаў міліцыі, нанясенне ім нейкай шкоды. І гаспадарчыя артыкулы, і хуліганства. Вельмі шырокі набор», – сцвярджае кіраўнік «Вясны» Алесь Бяляцкі.

Hавiны
Бяляцкі: CК завёў каля 2000 палітычных справаў
2021.02.03 17:42

А палітычных зняволеных працягваюць судзіць. Суд Менскага раёну 3 лютага вынес прысуды ў крымінальнай справе супраць пяцярых менчукоў, затрыманых 29 верасня ў Баравой. Іх усіх абвінавацілі ў групавым пашкоджанні аўтамабіля жонкі міліцыянта: «прапаролі шыны, запенілі мантажнай пенаю дзвярныя праёмы, залілі фарбай кузаў», – паведамляе spring96.org.

Суддзя Віктар Шаўцоў вынес наступныя прысуды ў гэтай справе:

31-гадоваму беспрацоўнаму Ягору Яўстратаву – ч. 2 арт. 339, ч. 1 арт. 295-3 Крымінальнага кодэксу – 3 гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму;

28-гадоваму развозчыку піцы Паўлу Сахарчуку – ч. 2 арт. 339, ч. 2 арт. 296 Крымінальнага кодэксу – 2 гады і 1 месяц калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму;

32-гадоваму работніку метро Арцёму Анішчуку – ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэксу – 2 гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму;

32-гадоваму работніку піцэрыі Андрэю Нячыпару – ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэксу – 3 гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму;

39-гадоваму трэнеру каратэ Антону Быкоўскаму – ч. 2 арт. 339, арт. 329, ч. 1 арт. 328 Крымінальнага кодэксу – 6 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Таксама яны мусяць выплаціць на грошы на пазоў пацярпелага супрацоўніка МУС Аляксандра Гейца (намеснік начальніка аддзелу арганізацыі аператыўна-рэжымнай працы ў папраўчай калоніі, ЛПП Дэпартаменту выканання пакарання МУС) на 1000 рублей, а таксама кампенсаваць маральныя страты на суму 3000 рублёў.

Hавiны
Да 6 гадоў калоніі – выракі пяці менчукам, якія пашкодзілі аўтамабіль жонкі міліцыянта
2021.02.03 13:25

25-гадоваму Івану Зубко далі 3 гады папраўчай установы адкрытага тыпу за марш у Курапаты. Адбываць пакаранне ён мусіць паводле месца прапіскі ў Століне. Аналагічнае абвінавачанне было выстаўленае і сяброўцы Івана Рэнаце Смірновай, якой 29 студзеня прысудзілі 2 гады хатняй хіміі. Пару затрымалі на Маршы супраць тэрору падчас нядзельнага шэсця да Курапатаў. Спачатку жорстка затрымалі Івана: ведучы яго ў аўтазак, спрабавалі душыць. Рэната прасіла сілавікоў не ўжываць фізічнай сілы, а потым дзяўчына сама папрасілася ў аўтазак да Івана, перажываючы за ягонае здароўе. На Іванавым судзе Рэната выступіла ў якасці сведкі.

Hавiны
25-гадоваму Івану Зубко далі 3 гады папраўчай установы адкрытага тыпу
2021.02.03 15:18

Ва УНС могуць узяць удзел расейскія камуністы і лідары партыйнай апазіцыі

Улады працягваюць рыхтавацца да Усебеларускага народнага сходу, што адбудзецца 11-12 лютага. Сёння Аляксандр Лукашэнка меў тэлефонную размову з кіраўніком КПРФ Генадзем Зюганавым, паведаміў тэлеграм-канал «Пул Первого». Сярод іншага Лукашэнка абмеркаваў з лідарам расейскіх камуністаў фармат удзелу ягонай партыі ва Усебеларускім народным сходзе.

Hавiны
КПРФ можа ўзяць удзел ва УНС. Лукашэнка размаўляў з Зюганавым
2021.02.03 16:28

Запрашэнне на УНС атрымалі былы кандыдат на прэзідэнта і кіраўнік БСДГ Сяргей Чэрачэнь, а таксама старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада»Ігар Барысаў. Яны могуць узяць удзел у якасці гасцей.

«Са словаў арганізатараў, гасцям права голасу не дадзенае», – напісаў Чэрачэнь.

Ці прымуць палітыкі прапановы, пакуль невядома.

 

Стужка навінаў