«Верагоднасць вельмі высокая». Сахашчык ацаніў магчымасць удзелу войскаў Лукашэнкі ў вайне


Інфармацыя ўкраінскіх вайскоўцаў адносна магчымага пачатку мабілізацыі ў Беларусі мае пад сабой сур’ёзныя падставы. Пра гэта «Белсату» заявіў прадстаўнік Абʼяднанага пераходнага кабінета па абароне і нацбяспецы Валер Сахашчык.

recruiting station in Minsk: Viktor Drachev / TASS / Forum

Пакуль толькі застаецца адкрытым пытанне, калі гэта можа адбыцца, «калі кіраўніцтва Беларусі прыме такое рашэнне і пачне прымаць аналагічныя [расейскім. – Рэд. Belsat.eu] меры». Валер Сахашчык выказаў здагадку, што беларускія войскі могуць уступіць у вайну ўжо ў лютым–сакавіку. Пры гэтым ён адзначыў, што хацеў бы, каб гэтага не было.

«Але тое, што гэта будзе, верагоднасць вельмі высокая, таму што праведзена шмат дарагіх падрыхтоўчых мерапрыемстваў, якія проста так ніхто ніколі не робіць», – заявіў Сахашчык.

У прыватнасці, паводле яго слоў, «разгорнута вельмі сур’ёзна» беларуская прыватная ваенная кампанія «ГардСервис», нанятая вялікая колькасць супрацоўнікаў «на вялікія заробкі». Сахашчык паведаміў, што ў гэтую ПВК «Пуцін інвеставаў вельмі сурʼёзную суму грошай» і з яе рыхтуюць беларускі аналаг ПВК «Вагнэр».

Таксама праведзены комплекс мерапрыемстваў па павышэнню боегатовасці частак сіл спецыяльных мерапрыемстваў.

«Такога не рабілася ніколі яшчэ ў гісторыі самастойнай Беларусі. І гэта дакладна не для трэніровак», – мяркуе прадстаўнік Пераходнага кабінету.

З улікам таго, што Беларусі, акрамя Расеі, «ні з поўдня, ні з поўначы, ні з Захаду ніхто ніколі не пагражаў», а вялікія грошы ўкладваюцца ў падрыхтоўку баявога патэнцыялу, «дастаткова проста зразумець, для чаго гэта робіцца». Сахашчык адзначыў, што ў выпадку ўдзелу беларускіх войскаў у вайне «будзе страшная катастрофа».

Калі мабілізацыя ў Беларусі ўсё ж пачнецца, то тады «можна разумець, што як пойдзе далей, з дакладнасцю плюс-мінус тыдзень».

Ці будзе атакаваць Украіна?

Пры гэтым Сахашчык выключыў магчымасць нанясення Украінай удараў па тэрыторыі Беларусі, калі агрэсіі з беларускай тэрыторыі не будзе.

«Калі сітуацыя будзе такая, як зараз, то нічога не прыляціць з тэрыторыі Украіны. Але, вядома ж, калі зноў адбудзецца ўдар па ўкраінскай тэрыторыі з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, напэўна, цярпенне з боку ўкраінцаў скончыцца і тады можна чакаць чаго заўгодна», – адзначыў ён.

Паводле яго словаў, удар можа быць нанесены як у выпадку ўдзелу ў вайне беларускіх войскаў або ПВК, так і ў выпадку паўторнай наземнай аперацыі з тэрыторыі Беларусі расейскіх войскаў.

Фота мае ілюстрацыйны характар. Украінскі вайсковец на пазіцыі недалёка ад мяжы з Беларуссю ў Жытомірскай вобласці Украіны. 27 снежня 2022 году.
Фота: Viacheslav Ratynskyi / Reuters / Forum

«Дазваляе вырашаць задачы, якія стаяць»

Сахашчык таксама пракаментаваў сваё фота з галоўнакамандуючым Збройных сіл Украіны Валерам Залужным. Падрабязнасці гутарак і перамоваў ён распавядаць адмовіўся, але адзначыў, што знаёмы з Залужным шмат гадоў – яшчэ да 2014 года.

У цэлым жа ён мае афіцыйныя кантакты з прадстаўнікамі ЗСУ «на ўзроўні, які дазваляе мне вырашаць задачы, якія стаяць перада мной».

Што тычыцца стваранай ва Украіне новай беларускай вайсковай часткі, альтэрнатыўны міністр абароны Беларусі адзначыў: яна знаходзіцца на стадыі аснашчэння, «усё ў парадку». Абмяркоўваецца, у тым ліку, і забеспячэнне яе артылерыяй і разведкай. Але іншыя падрабязнасці пра яе Сахашчык паведаміць адмовіўся.

«Могуць апынуцца фігурантамі крымінальных справаў»

Сахашчык таксама заявіў, што яму шкада тых, хто збіраецца ваяваць на баку рэжыму ў Беларусі супраць беларускіх добраахвотнікаў у складзе новых фарміраванняў, якія ствараюцца для гэтага, у тым ліку атраду спецназа МУС «Рысь». На яго думку, людзі «пры наяўнасці хоць невялікай колькасці розуму павінны разумець, у што яны ўвязваюцца, Пад што падпісваюцца».

«Мы павінны разумець, што палітычны рэжым, які ёсць у Беларусі, знаходзіцца на вылёце. Мякка кажучы. Засталося яму зусім трошкі. І ўсе гэтыя людзі потым цалкам могуць апынуцца фігурантамі крымінальных справаў», – заявіў Сахашчык.

Ён таксама падкрэсліў, што «любы разумны чалавек цяпер павінен ціхенька даседзець, хай не здзяйсняць подзвігаў, але не ўдзельнічаць у подласці, каб калі ўсё скончыцца, можна было з чыстым сумленнем спакойна жыць у нармальнай новай краіне, а людзі пазбаўляюць сябе гэтага шанцу».

Макар Мыш / ІР belsat.eu

Стужка навінаў