У Польшчы 310 беларусам адмовілі ў гуманітарнай візе


У МЗС Польшчы паведамілі «Белсату», што з верасня да канца снежня летась 310 беларусаў атрымалі адмову ў гуманітарнай візе. Дакладнай прычыны ў ведамстве не назвалі. Раней у Цэнтры беларускай салідарнасці казалі, што ў новай гуманітарнай візе могуць адмовіць, калі паводле старой ездзіць у Беларусь.

Польская віза. Менск, Беларусь. 1 верасня 2022 года.
Фота: Белсат

Прэс-служба Міністэрства замежных справаў Польшчы адказала на запыт «Белсату» пра лік беларусаў, якім адмовілі ў гуманітарнай візе. З верасня, калі гэтыя візы пачалі выдаваць у Польшчы, былі адхіленыя 310 хадайніцтваў.

На пытанне, з якіх прычынаў беларусы атрымліваюць адмовы, у МЗС адказалі спасылкамі на заканадаўства. У нарматыўна-прававых дакументах багата падставаў, каб не даваць візы. Гэта, напрыклад, недакладныя асабістыя звесткі або ілжывая інфармацыя ў хадайніцтве, сумневы ў тым, што мэты перабывання замежніка будуць адпавядаць заяўленым.

Раней юрыстка Цэнтру беларускай салідарнасці Марына Грышчанка распавяла журналістам, што шмат беларусаў атрымліваюць адмову ў гуманітарнай візе з фармулёўкаю «маюцца сумневы, што віза будзе выкарыстоўвацца паводле мэтавага прызначэння».

«Людзі мяркуюць, што атрымалі адмову, бо паводле старой гуманітарнай візы ездзілі ў Беларусь. Некаторыя прызнаюцца, што сапраўды ездзілі шмат разоў і не заўсёды гэтыя паездкі былі абгрунтаваныя нейкімі сур’ёзнымі абставінамі. Ёсць людзі, якія выехалі яшчэ ў 2020 годзе, але зʼездзілі ў Беларусь на пару дзён, каб вырашыць нейкія тэрміновыя пытанні з працаю, бізнесам, жытлом, і хуценька вярнуліся ў Польшчу. Ім таксама адмаўляюць», – казала юрыстка.

У такім выпадку можна скіраваць у МЗС Польшчы хадайніцтва пра паўторны разгляд заявы і прыкласці доказы таго, што вяртанне ў Беларусь небяспечнае.

Гуманітарныя візы пачалі выдаваць на тэрыторыі Польшчы ў верасні. Іх могуць атрымаць беларусы, якія ўцяклі з Украіны праз вайну, або тыя, у каго ўжо ёсць такая віза, але канчаецца тэрмін яе дзеяння.

Каментар
Адмова ў візе і дэпартацыя. Беларусы сутыкнуліся з новымі праблемамі ў Польшчы
2022.12.29 10:06

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў