Вірусолаг аб расейскім «Спутніку» і рэвакцынацыі: «Адной прышчэпкі на ўсё жыццё дакладна недастаткова»


«Белсат» пагутарыў з Аляксандрам Лукашовым, вірусолагам, чальцом Расейскай акадэміі навук, – аб расейскім «Спутніку» і рэвакцынацыі. Паводле суразмоўцы «Белсату», адной прышчэпкі на ўсё жыццё дакладна недастаткова.

Мужчына атрымлівае ін’екцыю прышчэпкі Gam-COVID-Vac (пад гандлёвай маркай «Sputnik V») падчас вакцынацыі супрацоўнікаў заводу будаўнічых матэрыялаў № 7. Новасібірск, Расея. 9 верасня 2021 года.
Фота: Кірыл Кухмар / TASS / Forum

– Якія з вакцынаў вы можаце вылучыць як самыя бяспечныя і эфектыўныя?

– Цяпер у свеце ёсць два класы вакцынаў, якія лічацца і бяспечнымі, і эфектыўнымі. Гэта РНК-вакцыны: «Pfizer», «Moderna». І вектарныя вакцыны: «AstraZeneca» і «Спутнік». Гэтыя вакцыны, яны прыкладна супастаўляльныя ў бяспецы і эфектыўнасці. У дачыненні новых штамаў каронавіруса эфектыўнасць усіх вакцынаў ніжэйшая.

– Сярод прэтэнзіяў, якія выказваюцца на адрас «Спутніка», – ён яшчэ не прайшоў трэцяй фазы выпрабаванняў. Гэта так?

– Калі строга падыходзіць да выпрабаванняў вакцынаў, ні адна вакцына ў свеце не прайшла паўнавартаснай трэцяй фазы. Але аб «Спутніку» ёсць вельмі пераканаўчыя звесткі, атрыманыя ў Расеі, Аргентыне, у шэрагу іншых краінаў, – пра тое, што ён бяспечны і эфектыўны. Я прышчапіўся «Спутнікам» у кастрычніку мінулага года і цяпер буду вакцынавацца паўторна.

Hавiны
365 важных словаў пра вакцынацыю супраць COVID-19. Сцісла пра галоўнае
2021.10.23 12:18

– А чым адрозніваюцца прынцыпы дзеяння «Спутніка», «Johnson’а», «Pfizer’а» і кітайскай вакцыны «Sinopharm»?

– Вакцыны «Pfizer» і «Moderna» – гэта РНК-вакцыны. Ген, які кадуе адзін з галоўных вірусных бялкоў, залучаны ў ліпасому, якая яго дастаўляе ў клетку. І ў клетцы гэты ген вырабляе вірусны бялок. Вектарныя вакцыны – гэта «Johnson & Johnson» і «Спутнік», прыкладна аднолькавыя паводле прынцыпу. У іх таксама ген гэтага структурнага бялку каронавіруса – шыпападобнага бялку. Але нясе яго не ліпасома, а адэнавірус. Гэта бяспечны вірус, у якога адабралі магчымасць размнажацца. Кітайская вакцына «Sinopharm» і расейская вакцына «КовіВак» – гэта інактываваныя вакцыны, дзе ўзялі звычайны каронавірус і апрацавалі яго хімічнымі рэчывамі.

– Як часта трэба вакцынавацца ад каронавіруса?

– Адной прышчэпкі на ўсё жыццё дакладна недастаткова. Звычайнымі рэспіраторнымі каронавірусамі, яны ў нас, я нагадаю, выклікаюць насмарк і прастуду, мы хварэем шмат разоў на працягу свайго жыцця. Гэта значыць, што імунітэт да каронавірусаў – ён не на ўсе жыццё. Ён досыць хутка згасае. Таму, хутчэй за ўсё, нам спатрэбяцца дадатковыя прышчэпкі ад каронавіруса. Адна прышчэпка – гэта ўжо выдатна, яна ўжо рэзка зніжае рызыку смерці. Але для тых, хто не хоча хварэць, хто хоча больш прадказальнае жыццё, я думаю, што рэвакцынацыя павінна быць рэгулярнай. Паводле рэкамендацыі расейскага Міністэрства аховы здароўя – раз на паўгода пры цяжкой эпідэмічнай сітуацыі. І раз на год – у іншы час.

Вакцынацыя работнікаў і студэнтаў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэту.
Фота: Максім Кубарскі / Медыяцэнтр БНТУ

Вакцынацыя – гэта як рэмень бяспекі. Яна не абараняе заўсёды. Яна не гарантуе, што вы 100 % не захварэеце. Але мы ведаем, што, паводле статыстыкі, рэмень бяспекі ратуе шмат жыццяў. І ў нас не ўзнікае пытання, чаму трэба прышпільвацца. Дакладна гэтак жа і з вакцынацыяй. Так, гэта можа быць не вельмі прыемна, пабочныя эфекты кароткачасовыя ёсць. Гэта можа не абараняць на 100 %, так, на жаль, гэта так. Але са статыстыкі мы ведаем, што гэта працуе.

– Што будзе з каронавірусам праз 5–10 гадоў?

– Вірус будзе мутаваць. Мы не ведаем, у якіх межах. Мы не ведаем, штам «Дэльта» – гэта найгоршае, што можа паказаць нам каронавірус, або магчымыя яшчэ больш заразныя варыянты. Хутчэй за ўсё, што ў нейкіх межах вірус будзе рабіцца яшчэ трохі злейшым. Але ён ужо будзе ўсё менш і менш вызначальным фактарам нашага жыцця. Таму што вялікая частка людзей ужо сустрэлася з каронавірусам. Або перахварэлі, або вакцынаваліся. Таму я думаю, што мы будзем паціху вяртацца да нармальнага жыцця.

Hавiны
І што, калі я захварэю? 10 самых важных фактаў пра каронавірус
2021.11.01 11:42

Размаўляла Арына Маліноўская belsat.eu

Стужка навінаў