«У іх няма больш межаў». Павел Латушка пракаментаваў смерць Дзмітрыя Усхопава


Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка пракаментаваў смерць жыхара Рэчыцы Дзмітрыя Усхопава, якога ў навагоднюю ноч затрымалі міліцыянты.

Дзмітрый Усхопаў.
Фота: palesse.press

«Яшчэ адзін малады чалавек быў збіты да смерці, як Мікіта Крыўцоў і Раман Бандарэнка», – заявіў палітык.

Паводле яго, Дзмітрый Усхопаў «быў забіты не за свае палітычныя погляды, а проста таму, што тыя, хто адкрыў скрыню Пандоры, адчуваюць сябе беспакаранымі і непадсуднымі».

«І ў іх няма больш межаў: ні маральных, ні прававых», – падкрэсліў кіраўнік НАУ.

Павел Латушка адзначыў, што «на нашых вачах рэжым стварыў тую сістэму, пра якую марыў дыктатар Лукашэнка з 1995 года, якую, як ён сам прызнаўся, ён скапіяваў з Нямеччыны часоў Адольфа Гітлера».

Палітык таксама адзначыў, што забіты быў равеснікам сённяшняга беларускага рэжыму.

«27 гадоў – гэта шмат ці мала? Столькі гадоў было Дзмітрыю Усхопаву па-зверску збітаму да смерці ў Рэчыцкім РАУС у навагоднюю ноч. Столькі гадоў у Беларусі існуе лукашызм – самая агідная з’ява ў гісторыі Еўропы», – дадаў ён.

Паводле яго, у беларусаў «няма яшчэ аднаго года» і «няма права маўчаць».

«У нас няма права бяздзейнічаць. Гэта ўжо не пра палітыку. Не толькі пра яе», – сказаў Павел Латушка.

Hавiны
«Мяркуем, што яго забілі ўдарам аб цвёрдую вострую паверхню». Што вядома пра смерць Дзмітрыя Усхопава
2022.01.02 19:11

Нагадаем, што раней трагедыю ў Рэчыцы пракаментавала Святлана Ціханоўская:

«Гэта чарговы неапраўданы гвалт, дзе ўжо цяпер сілавікі спрабуюць замятаць сляды. І пакуль інфармацыя не зʼявілася ў незалежных СМІ, дзяржаўныя – хлусілі аб тым, што паводле зводкі МУС навагодняя ноч прайшла без здарэнняў.

Беспакаранасць спараджае гвалт. Да гэтага часу ні адзін сілавік не панёс адказнасці за свае злачынствы. Сілавікам дазвалялі рабіць што заўгодна з «палітычнымі» (і нават заахвочвалі да гэтага). Цяпер такія паводзіны яны лічаць нормай у адносінах беларусаў – не толькі пратэстоўцаў, але і ўсіх наогул. «Часам не да закону» пераўтварылася ў «заўсёды не да закону».

МГ belsat.eu

Стужка навінаў