Ці ёсць у Лукашэнкі шанцы вярнуцца да дыялогу з Захадам?


Санкцыі ў дачыненні да гаманцоў Аляксандра Лукашэнкі практычна не працуюць, лічыць Станіслаў Івашкевіч, кіраўнік Беларускага расследавальніцкага цэнтру. У чым прычына? Якімі вынікамі могуць пахваліцца лідары беларускіх дэмакратычных сілаў – Святлана Ціханоўская і Павел Латушка? Ці ёсць шанцы ў Лукашэнкі вярнуцца да дыялогу з Захадам? Чым яшчэ, акрамя міграцыйнага крызісу, ён можа шантажаваць Еўропу? Каментуюць Павел Латушка, Франак Вячорка і Станіслаў Івашкевіч.

На нефармальнай сустрэчы ў Санкт-Пецярбурзе Лукашэнка скардзіўся Пуціну на «цяжкі санкцыйны час». Але ці сапраўды час такі цяжкі? Бо сектаральныя санкцыі, прынятыя ў 5-м пакеце, яшчэ напоўніцу не запрацавалі. І галоўны апанент Лукашэнкі – Святлана Ціханоўская – з еўрапейскіх трыбунаў не раз казала пра тое, што санкцыі дзіравыя.

Станіслаў Івашкевіч, кіраўнік Беларускага расследавальніцкага цэнтру:

«Тут цяжка сказаць, што гэта канкрэтная віна дыпламатаў ад апазіцыі, тое, што санкцыі ў дачыненні да гаманцоў Лукашэнкі практычна не працуюць. Сутнасць у тым, што еўрапейскія санкцыі працуюць адзін дзень. Роўна столькі, колькі ім патрэбна, каб пайсці і перарэгістраваць фірму, свой бізнес, на каго яны давяраюць: на менеджара, на сваю сям’ю, на сваіх дзяцей».

Расследaванні
Як «аршанскі афшор» спрабуе абысці санкцыі Захаду і незадаволенасць Расеі
2021.10.26 18:05

Са словаў журналіста-расследавальніка, гэта зрабілі ўсе. Напрыклад, «Дана Холдынг» выйшла з-пад санкцыяў такім чынам, што замест кіпраўскай кампаніі ўсім бізнесам Карычаў цяпер валодае эмірацкая кампанія. Чарговы гаманец Лукашэнкі Аляксей Алексін свой бізнес таксама перанёс у Эміраты. Адмысловец называе тры прычыны, чаму еўразвязаўскія санкцыі не дзейнічаюць:

«У Еўразвязу вельмі мала досведу накладаць санкцыі. У іх не хапае людзей, не хапае экспертызы і не хапае досведу. Напрыклад, такі інсайд, што для некаторых чыноўнікаў ЕЗ было навіной, што ў іхнай фармулёўцы санкцыяў гаворыцца пра тое, што яны ўводзяцца супраць канкрэтных людзей і структураў, з імі звязанымі. А дагэтуль як санкцыі абыходзіліся: яны думалі, што наноў трэба даказваць увесь ланцужок новых уласнікаў з Лукашэнкам».

Тым не менш, прыняцце 5 пакетаў санкцыяў можна залічыць у скарбонку працы офісу Святланы Ціханоўскай, які падвёў вынікі 2021 года.

ВІДЭА
«Рэжым слабейшы, чым хоча здавацца». Інтэрв’ю са Святланаю Ціханоўскай па-беларуску
2021.12.31 12:02

Святлана Ціханоўская правяла: 130 міжнародных выступаў, дала 559 інтэрв’ю беларускім і замежным медыям, адбылося 360 сустрэчаў з палітыкамі на высокім і найвышэйшым узроўні, з дыпламатамі і прадстаўнікамі НДА. Амаль 19 тысяч чалавек запісаліся ў Рабочы рух. 785 тыс. беларусаў падтрымалі перамовы ды прагаласавалі на платформе «Голас». Звыш 200 тыс. чалавек далучыліся да мабілізацыйнага плану «Перамога». 59 краінаў не прызналі Лукашэнку прэзідэнтам. 41 краіна ўвяла санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. Але ці гэтага дастаткова?

Павел Латушка, кіраўнік НАУ, Варшава:

«Я думаю, што казаць пра вялікія дасягненні нельга. І ніхто не мае права з палітычных сілаў Беларусі. Бо галоўная мэта, якую мы ставім перад сабой, – гэта выкананне патрабаванняў беларускага грамадства: гэта прывядзенне сітуацыі да новых выбараў. Зразумела, вызваленне ўсіх палітычных зняволеных і пакаранне ўсіх вінаватых у рэпрэсіях беларускага народу».

Таму, лічыць Павел Латушка, галоўны вынік 2021 года – гэта сістэма дзеянняў, агульная стратэгія: непрызнанне Лукашэнкі ў якасці прэзідэнта, прызнанне яго міжнародным злачынцам, увядзення моцных санкцыяў з боку Еўразвязу і ЗША. Той жа Еўрапарламент 7 кастрычніка прыняў рэзалюцыю, у першым артыкуле якой падкрэсліваецца нелегітымнасць Лукашэнкі.

Павел Латушка, кіраўнік НАУ, Варшава:

«Мы распрацавалі алгарытмы, накірункі прававога ціску на Лукашэнку і ўсіх яго паплечнікаў. Мы правялі ў Нюрнбэргу міжнародную канферэнцыю, у якой прынялі ўдзел 20 экспертаў з сямі краінаў свету. (…) У якасці падарунку Лукашэнку на Новы год мы лічым тое, што 2 тыдні таму назад польская адвакацкая кампанія падала ў Генпракуратуру Польшчы заяву аб злачынствах генацыду, злачынствах супраць чалавецтва, здзейсненых асабіста Лукашэнкам і 20 ягонымі прыхільнікамі».

Стварэннем геапалітычных пагрозаў у рэгіёне Лукашэнка схіляў еўрапейскіх палітыкаў да дыялогу. Усцяж ён мае козыр у рукаве: беларускія турмы перапоўнены палітзняволенымі. Ці гатовая будзе Еўропа пайсці на гандаль палітвязнямі?

ВІДЭА
Павел Латушка: Ясна, што Лукашэнка адступае
2021.12.17 18:46

Павел Латушка, кіраўнік НАУ, Варшава:

«Галоўны вынік 2021 года – тое, што пачулі ў Бруселі, я спадзяюся, што еўрапейскія чыноўнікі высокага ўзроўню будуць прытрымлівацца гэтага тэзісу, які нам прыйшлося даводзіць і атрымаць зваротную сувязь, які гучыць па-ангельску: «no way back to Lukashenka». Што азначае, што не магчыма Лукашэнку паўтарыць сцэнары, калі кожныя 5 гадоў пасля фальсіфікацыі выбараў, затрымання палітвязняў ён гандляваўся з Захадам, і гэта давала магчымасць яму існаваць».

Кола «сяброў Лукашэнкі» памяншаецца не толькі на заходнім кірунку. Для шмат каго са сваіх былых партнёраў ён стаў таксічным. А міграцыйны крызіс прывёў да таго, што такія заходнія краіны, як Італія, Бельгія, Партугалія пачалі больш рашуча выступаць за ўвядзенне санкцыяў. Абмяжоўваюць кантакты з афіцыйным Менскам і некаторыя краіны Блізкага Усходу.

Франак Вячорка, дарадца Святланы Ціханоўскай:

«Заўважце, што ў гэтым годзе Сербія далучылася да санкцыйных пакетаў супраць Лукашэнка, заўважце, што Турцыя ў міграцыйным крызісе падтрымала Польшчу і Літву, асудзіла Лукашэнку і спыніла рэйсы, праз якія дастаўляліся мігранты. Мы адбіраем у Лукашэнкі дыпламатычную прастору, мы забіраем у яго ўпэўненасць у сабе і самае важнае, мы выбіваем крыніцы фінансавання ў рэжыму, праз якія сістэма жывілася шмат гадоў».

Таксама ў офісу Святланы Ціханоўскай атрымалася змабілізаваць 3 млрд еўраў для падтрымання Беларусі пасля пераменаў. Патэнцыял фінансавай дапамогі значна большы і сягае 10 млрд еўраў у першыя гады пасля сыходу Лукашэнкі.

Размова
Вячорка: Беларусы вернуцца дамоў з ахвотай
2021.12.24 12:09

Франак Вячорка, дарадца Святланы Ціханоўскай:

«У нас не атрымалася арганізаваць перамовы. Ад самага пачатку года мы ціснулі на тое, што вырашаць крызіс трэба мірна. Трэба вырашаць за сталом, трэба размаўляць з беларускім народам, мы арганізавалі галасаванне ў «Голасе». 875 тыс чалавек, а гэта 15 % дарослага насельніцтва прагаласавалі за перамовы як мірнае выйсце з крызісу. Але ў нас не атрымалася давесці гэта да выніку. Наадварот, галасаванне скончылася захопам самалёта «Ryanair», выкраданнем Ціманоўскай, міграцыйным крызісам. Рэжым пайшоў ва-банк».

Лукашэнка плануе правесці рэферэндум і змяніць Канстытуцыю паводле казахскага сцэнара. Калі ён раптам і сыдзе, то пакіне сабе кантроль над усім, у тым ліку і над пераемнікам. Офіс Святланы Ціханоўскай, як і Народнае антыкрызіснае ўпраўленне, запэўніваюць, што яны будуць дамагацца непрызнавання рэферэндуму заходнімі краінамі яшчэ да яго пачатку, і заклікаюць беларусаў ставіць крыж на бюлетэнях для галасавання і на такой палітычнай прафанацыі.

Вольга Міцкевіч для праграмы «ПраСвет»

Калаж з фота: belsat.eu, STAFF / Reuters / Forum, KACPER PEMPEL / Reuters / Forum

Стужка навінаў