Цэлы год у палоне: роўна год таму маці дваіх дзяцей Паліну Шарэнду-Панасюк выкралі з дому


Летась 3 студзеня, адразу пасля Новага году, сілавікі затрымалі Паліну Шарэнду-Панасюк. Цяпер яна ў Гомельскай папраўчай калоніі. Паліну Шарэнду-Панасюк пакаралі 2 гадамі пазбаўлення волі па 3 артыкулам крымінальнага кодэксу, яна прызнаная палітычнай зняволенай.

Паліна Шарэнда-Панасюк. Малюнак прадстаўлены рэдакцыі

Муж Паліны Андрэй Шарэнда ўзгадвае падзеі тых дзён.

«Тады я не змог абараніць Паліну, бо сам знаходзіўся за кратамі. У халоднай, цёмнай і бруднай камеры я і сустракаў Новы год. Як разгортваліся падзеі 3 студзеня 2021 года, мы маглі бачыць на так званым судзе над Палінай, дзе гэта зʼяўлялася відэадоказам. Мы бачым, як з трох машынаў выгружаецца цэлы натоўп сілавікоў: тры амапаўцы ў шаломах, масках і з таранам за плячыма, шасцёра міліцыянтаў, служба апекі, два падстаўныя «сведкі», супрацоўнікі ў цывільным. І ўся гэта армія – супраць адной безабароннай жанчыны і чатырохгадовага хлопчыка. Мы бачым, як уся гэта армада заходзіць у падʼезд, спрабуе ўпіхнуцца ў ліфт, але гэта не атрымоўваецца, і амапаўцы і палова міліцыянтаў ідуць па лесвіцы. Мы бачым, як яны падыходзяць да дзвярэй, адзін з міліцыянтаў для віду грукаецца, патрабуе адчыніць дзверы. Але ўжо праз 5 секундаў гучыць каманда выбіваць дзверы. І здаравенныя амапаўцы таранам бʼюць у нашыя драўляныя дзверы, і тыя адлятаюць на паўтара метра, да шафы. Паліну жорстка затрымліваюць на вачах у сына, рукі сцягваюць пластыкавымі сцяжкамі за спінай і пачынаюць вобшук, які больш нагадвае пагром», – кажа ў размове з «Белсатам» Андрэй Шарэнда.

Журналіст Алесь Ляўчук кажа, што да апошняга моманту быў на сувязі з Палінай.

«Андрэя яны забралі перад самым Новым годам, Паліна гэтым супрацоўнікам сказала некалькі словаў, яна ўвесь час называлі рэчы сваімі імёнамі. Раней іх гэта не крыўдзіла, але пасля 2020 года яны сталі моцна пакрыўджаныя на ўсё. Мы з аператарам прыехалі да Паліны 2 студзеня, яна была дома з малодшым сынам Стахам, ён нам яшчэ паказваў, якая ў іх прыгожая ялінка. Андрусь потым доўга не хацеў яе разбіраць, казаў, што вось разам з Палінай разбяруць. Паліна была спакойная, такая, як заўжды, запісалі «сотку» для «Абʼектыву», пасядзелі, паразмаўлялі. А 3 студзеня Паліна толькі паспела напісаць: вынеслі дзверы, уламаліся», – узгадвае тыя падзеі Алесь Ляўчук.

Нягледзячы на акалічнасці, Паліна працягвае змагацца, і тых, хто яе ведае, гэта не здзіўляе. Для іншых жанчына стала сімвалам мужнасці і няскоранасці.

На судзе Паліна адкрыта дэманстравала, што не прызнае гэтай установы, яна не ўставала, калі ўваходзіў суддзя, чытала падчас працэсу кнігу і ўключалася ў працэс, калі сама гэтага хацела. Гэта страшна раздражняла суддзю, але зрабіць з ёй ён нічога не мог.

Паліна Шарэнда-Панасюк (у цэнтры) на мітынгу ў падтрымку кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай у Бярозе, Беларусь. 2 жніўня 2020.
Фота: 1reg.by

Падчас апошняга слова Паліна сказала: «Я ведаю, вы проста гаваркая галава. Крэсла, на якім вы седзіце, яно і тое праўдзівейшае за вас. Таму я хачу сказаць: усе прысуды, якія тут нібыта агалошваліся, яны грунтуюцца не на моцы закону, а на моцы беззаконня. Усе прысуды загадзя падпісаныя, размеркаваныя паміж зняволенымі. Таму юрыдычна, у сувязі з фальсіфікацыяй выбараў, поўнай нелегітымнасцю вашых так званых судоў і ўсіх вашых структураў, усе гэтыя прысуды, у тым ліку і мой, які, я ведаю, вы загадзя ўжо вынеслі, і гэтыя спрэчкі – гэта толькі дэкарацыя, усе гэтыя прысуды не маюць юрыдычная моцы і не з’яўляюцца законнымі. Я іх не прызнаю! І таксама прашу сусветную супольнасць не прызнаваць усіх гэтых прыгаворы законнымі».

Паліна Шарэнда-Панасюк на судзе. 8 чэрвеня 2021 года.
Фота: Белсат

У выніку суддзя Яўген Брэган прысудзіў Паліне два гады зняволення паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 368 КК РБ («Абраза прэзідэнта»), арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»), арт. 364 («Гвалт або пагроза гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных справаў»). З жніўня 2021 года Паліна – у жаночай калоніі Гомля, дзе зазнала ўсе магчымыя варыянты ціску. Жанчыну доўга трымалі ў карцары, яе пазбавілі сустрэчаў і перадачаў, якіх нельга пазбавіць паводле закону, да яе не пускалі адваката.

Але так і не змаглі зламаць. Паліна працягвае лічыць сябе захопленай у палон.

Супраць Андрэя Шарэнды таксама завялі некалькі крымінальных справаў, але мужчыну ўдалося збегчы з Беларусі. Сямʼю пазбавілі арэнднага жытла.

«Паліна павінна выйсці ў канцы верасня гэтага года, але мы з каханай верым, што гэта адбудзецца раней», – кажа Андрэй Шарэнда.

АС belsat.eu

Стужка навінаў