Розніца ў 1,5–3 разы: колькі зарабляюць у раёнах участковы міліцыянт, лекар і настаўнік


Мы прааналізавалі сайт дзяржаўнай службы занятасці ды параўналі, колькі зарабляюць у раёнах участковыя міліцыянты, дактары і настаўнікі.

Вакансіяў участковых не так і шмат, у той час як вольныя месцы для лекараў ёсць практычна ў кожным раёне Беларусі. Пры гэтым ад дактароў і настаўнікаў патрабуецца вышэйшая адукацыя, а ад участковых – толькі сярэдняя спецыяльная.

Цікава, што ўчастковым прапаноўваюць адныя з самых высокіх заробкаў. Гэта добра відаць на прыкладзе Навагрудскага раёну (Гарадзеншчына). Аддзел унутраных справаў Навагрудскага раённага выканкаму шукае двух міліцыянтаў на заробак 819 руб., двух інспектараў ДПС на заробак 998 руб., і двух участковых – на заробак 1109 руб. У іншых раёнах сітуацыя прыблізна такая ж, то бок участковыя атрымліваюць больш за астатніх. Супрацоўнікі крымінальнага вышуку таксама маюць высокія заробкі (напрыклад, у Карэліцкім раёне мы знайшлі такую вакансію на заробак 1139 руб., у той час як участковы там атрымлівае 1054 руб.).

Калі мы возьмем заробкі раённых дактароў-спецыялістаў (кардыёлагаў, педыятраў, неўролагаў, хірургаў ды іншых), то зрэдку яны дацягваюць да 800 руб. На большую суму могуць разлічваць загадчыкі аддзяленняў.

У настаўнікаў сітуацыя яшчэ горшая: тут заробкі вагаюцца ад 400 да 700 руб.

У сярэднім участковы інспектар у раёне атрымлівае заробак у 1,5–1,8 разу большы, чым доктар, і ў 2 разы (а дзесьці нават у 3) большы, чым настаўнік. Пройдземся па канкрэтных прыкладах.

Берасцейская вобласць, Маларыцкі раён

  • Участковы міліцыянт, 3 месцы
  • Заробак: 1200 руб.
  • Бонус: прапаноўваецца кватэра
  • Лекары Маларыцкага раённага шпіталю
  • Заробак: ад 762 да 847 руб.

Берасцейская вобласць, Камянецкі раён

  • Участковы міліцыянт, 5 месцаў
  • Адукацыя: сярэдняя спецыяльная па спецыяльнасці «права», «грамадская бяспека» альбо наяўнасць любой вышэйшай адукацыі (вылучылі, бо адрозніваецца ад іншых)
  • Заробак: 1100 руб.
  • Лекары, 47 вакансіяў
  • Заробак: ад 549 да 880 руб.

Вакансіяў настаўнікаў у гэтых раёнах мы не знайшлі. Таму прапаноўваем паглядзець агулам: настаўнікі па ўсіх раёнах Берасцейшчыны атрымліваюць ад 419 руб. (СШ № 7 у Баранавічах) да 700 рублёў, у сярэднім па вобласці – 559 руб.

Гарадзенская вобласць, Бераставіцкі раён

  • Участковы, 2 месцы
  • Заробак: 1200 руб.
  • Лекары, раённы шпіталь, 10 вакансіяў
  • Заробак: 600–800 руб.
  • Настаўнік
  • Заробак: 487 руб. (настаўнік геаграфіі, гісторыі)
  • Бонус: пакой у інтэрнаце

Гарадзенская вобласць, Карэліцкі раён

  • Участковы
  • Заробак: 1054 руб.
  • Оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку
  • Заробак: 1139 руб.
  • Адукацыя: сярэдняя спецыяльная
  • Лекары, раённы шпіталь, 21 вакансія
  • Заробак: 600–820 руб.

Гарадзенская вобласць, Навагрудскі раён

  • Участковы, 2 месцы
  • Заробак: 1109 руб.
  • Лекары, раённы шпіталь, 19 вакансіяў
  • Заробак: 512–577 руб.
  • Настаўнікі ў школах: 450–500 руб.

Гомельская вобласць, Ельскі раён

  • Участковы інспектар, 2 месцы
  • Заробак: 1300 руб.
  • Лекары, раённы шпіталь, 10 вакансіяў
  • Заробак: ад 900 руб. за стаўку, але большасць вакансіяў – на 0,5 стаўкі (адпаведна заробак ад 450 руб.)

Настаўнікі ў раёнах Гомельшчыны атрымліваюць ад 400 руб. (Мазырскі раён, Прудок, настаўнік ангельскай мовы), 417 руб. (Веткаўскі і Мазырскі раёны) да 700 руб. (Петрыкаўскі раён).

Менская вобласць, Вілейскі раён

  • Участковы інспектар
  • Заробак: 1250 руб.
  • Лекар-спецыяліст, раённы шпіталь, 36 вакансіяў
  • Заробак: 687–760 руб.
  • Настаўнікі
  • Заробак: 460–700 руб.

Ацаніць колькасць міліцыянтаў у Беларусі, а тым больш у раёнах, немагчыма: гэта інфармацыя ў нашай краіне засакрэчаная.

Ініцыятыва «ByPol» назвала лік атэставаных супрацоўнікаў органаў унутраных справаў Беларусі на 1 кастрычніка 2020 года: 46 128 чалавек. Атрымліваецца, што на 100 000 жыхароў нашай краіны прыпадае 492 супрацоўнікі, а гэта – адзін з самых вялікіх лікаў у свеце.

Hавiны
У асобных раёнах да 50 вакансіяў дактароў. Паглядзелі, дзе найбольш катастрафічная сітуацыя з медыкамі
2021.12.29 15:35

СЛ belsat.eu

Стужка навінаў