Новыя падаткі, цэны і пенсійны ўзрост. Чым пагражае беларусам студзень 2022 года


Студзень новага 2022 года сустрэне беларусаў новымі законамі і падаткамі, ростам коштаў і пенсійнага ўзросту. У якасці кампенсацыі ўлады абяцаюць дамовіцца з гандлёвымі сеткамі, каб яны дапамаглі тым, хто ў патрэбе. Разбіраемся падрабязней.

Пенсійны ўзрост і стаж растуць

У Беларусі з новага 2022 года чарговы раз павялічыцца пенсійны ўзрост. Ён вырасце яшчэ на паўгода, у выніку чаго цяпер жанчыны змогуць сысці на пенсію ў 58 гадоў, мужчыны – у 63. Такім чынам, будзе завершаная пенсійная рэформа, якая пачалася яшчэ ў 2017 годзе. У 2016 годзе мужчыны адпраўляліся на пенсію ў 60 гадоў, жанчыны – у 55.

Комаровский рынок, торговля
Вулічны гандаль каля Камароўскага рынку. Менск, 26 кастрычніка 2021 годзе.
Фота: ПБ / Белсат

Разам з пенсійным узростам павялічыцца і страхавы стаж: калі да 2014 года ён складаў 5 гадоў, то да 2025-га павінен дасягнуць 20. Тыя беларусы, страхавы стаж якіх будзе меншы за 20 гадоў, замест пенсіі па ўзросце будуць атрымліваць нізкую сацыяльную пенсію. Вынятак – шматдзетныя маці.

Растуць тарыфы «Белтэлекаму»

З 1 студзеня кампанія «Белтэлекам» павышае тарыфы на паслугі доступу ў інтэрнэт у сярэднім на 4 %. Кошт міжнародных тэлефонных злучэнняў, у тым ліку для абанентаў сотавай рухомай электрасувязі, паслугі тэлебачання і іншыя паслугі электрасувязі падаражэюць у сярэднім на 5 %.

Таксама «Белтэлекам» з 1 студзеня спыняе дзеянне пластыкавых картак для таксафонаў.

Батарея, отопление, коммунальные услуги, коммуналка
Выява носіць ілюстрацыйны характар

Камуналка даражэе

У 2022 годзе запланаваны рост тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі для насельніцтва. У разліку на тыпавую двухпакаёвую кватэру з трыма жыхарамі пры нарматыўным спажыванні імі паслуг выдаткі павысяцца ў межах $ 5.

Павышэнне тарыфаў пройдзе за два этапы: з 1 студзеня – на жыллёва-камунальныя паслугі, акрамя ацяплення, на Br 11,1 (у эквіваленце на $ 3,92); з 1 чэрвеня – на цеплавую і электрычную энергію, прыродны і звадкаваны газ для ацяплення на Br 3,04 (у эквіваленце на $ 1,08). Аднак у залежнасці ад памераў жылля і аб’ёмаў спажывання падаражэнне можа быць больш істотным.

Растуць цэны на алкаголь і цыгарэты

З 2022 года плануецца ўвесці акцызы на вадкасці для электронных сістэм курэння і на нетабачныя нікаціназмяшчальныя вырабы: электронныя цыгарэты, парагенератары, вейпы, а таксама павучы. Цяпер гэта безакцызныя тавары.

Таксама праўкі ў Падатковы кодэкс маюць на ўвазе рост ставак акцызаў на піва і цыгарэты. Напрыклад, акцызы на цыгарэты плануюць павысіць у сярэднім на 15 %.

Выява носіць ілюстрацыйны характар

Змяняюцца ўмовы выкарыстання сямейнага капіталу

З 1 студзеня змяняюцца ўмовы выкарыстання сямейнага капіталу. Цяпер у складзе сям’і могуць улічвацца таксама ўсыноўленыя дзеці, якія на момант усынаўлення былі пасынкамі або падчарыцамі ўсынаўляльніка. Але іх нельга ўлічваць пры прызначэнні сямейнага капіталу ў складзе іншай сямʼі. Таксама яны не могуць быць тымі дзецьмі, у сувязі з усынаўленнем якіх даецца сямейны капітал.

Пры разводзе дзеці ўлічваюцца ў сямʼі аднаго з бацькоў – які іх выхоўвае. А дзеці, народжаныя па-за шлюбам, – у сямʼі маці, калі суд не ўсталяваў іншага.

Выкарыстоўваць сямейны капітал змогуць муж і жонка, якія не ўлічваліся пры яго прызначэнні, але застаюцца ў шлюбе з адным з бацькоў на момант звароту па датэрміновае распараджэнне сродкамі і маюць з адным з бацькоў хоць бы адно супольнае дзіця.

А сямейнікаў, якія ўчынілі наўмыснае цяжкае або асабліва цяжкае злачынства, выключаць са складу сямʼі пры вызначэнні права на датэрміновае распараджэнне і выкарыстанне сямейнага капіталу, калі іх судзімасць не знятая ці не пагашаная.

В Белорусском доме в Варшаве состоялась праздничная елка для репрессированных семей и детей, Новый год, подарки, Дед Мороз
Выява носіць ілюстрацыйны характар. 17 снежня 2021 году.
Фота: Белсат

Адзін з бацькоў будзе ўлічвацца ў складзе сям’і, і ў дачыненні яго можна датэрмінова выкарыстаць сямейны капітал, нават калі ён не жыве ў сям’і ў сувязі з разводам, да дасягнення малодшым дзіцем узросту 18 гадоў. Але хаця б адзін з дзяцей, улічаных у складзе сямʼі пры прызначэнні сямейнага капіталу, павінен выхоўвацца ў яго сямʼі.

Таксама прэтэндуе на атрыманне сродкаў адзін з бацькоў, пазбаўлены бацькоўскіх правоў, які на дату звароту па датэрміновае распараджэнне сродкамі адноўлены ў бацькоўскіх правах, а дзіця вернутае яму рашэннем суда.

З 1 года да 2 гадоў павялічаны перыяд датэрміновага выкарыстання сямейнага капіталу пры атрыманні сямейнікамі платных медычных паслугаў. Таксама да заканчэння тэрміну ўстанаўлення інваліднасці можна размарозіць сродкі пры куплі тавараў, прызначаных для сацыяльнай рэабілітацыі і інтэграцыі інвалідаў у грамадства.

Удакладняецца і шэраг іншых працэдурных асаблівасцяў выкарыстання сямейнага капіталу.

Падатак на грыбнікоў і агароднікаў

З 2022 года плануецца ўвесці адпрыбытковы падатак для тых, хто прадае гародніну, мяса і мёд са свайго прысядзібнага надзелу, а таксама здае грыбы, ягады і зёлкі. Такія даходы прапаноўваецца абкладаць падаткам, калі пры праверцы выдаткаў і даходаў чалавек паказвае іх як крыніцу грашовых паступленняў. Спаганяць збор хочуць з сумы звыш 200 базавых велічынь, або 5800 руб. на сёння.

Таксама плануецца абкладаць падаткам 10 % даходы ад продажу і здачы зёлак, ягад, грыбоў, арэхаў і іншай дзікарослай прадукцыі. Але спаганяць яго маюць намер, калі пры праверцы падаткавікамі выдаткаў і даходаў чалавек пакажа, што купіў маёмасць або зрабіў іншыя буйныя куплі за грошы ад продажу ягад, грыбоў, лекавых раслін.

Мінск, Беларусь, 5 ліпеня 2021 года.
Фота: Белсат

Падатак на першую кватэру

З 2022 годзе плануецца спаганяць падатак за першую кватэру, хоць цяпер яго плацяць за другую і наступныя. Яго маюць намер усталяваць на ўзроўні 0,1 % ад разліковага кошту аднаго квадратнага метра жылля.

Паводле прагнозаў Мінфіну, сума падатку для стандартнай кватэры ў Менску складзе 50 рублёў за год, у рэгіёнах – каля 25 рублёў.

Растуць падаткі на рамеснікаў і ўладальнікаў аграсядзіб

Падатак для рамеснікаў маюць намер падняць з 2022 года з сённяшніх 58 руб. да 62 руб. за год.

Падатак для ўладальнікаў аграсядзібаў плануюць павялічыць да 31 руб. за месяц (цяпер – 58 руб. за год). Гэта значыць, падатковая нагрузка на іх вырасце амаль у 6,5 разу.

А абласным і Менскаму гарадскому савету дэпутатаў плануецца дазволіць павялічваць стандартную стаўку падатку на прыбытак з 18 % да 20 %.

Змены для ІП

З 2022 года індывідуальным прадпрымальнікам, якія надаюць паслугі, хочуць забараніць спрошчаную сістэму падаткаабкладання (ССП). Выключэнне – турызм, ахова здароўя, грамадскае харчаванне, сухапутны транспарт, дзейнасць у галіне камп’ютарнага праграмавання.

Астатнім ІП, якія працуюць у сферы паслуг, паводле эксперта, прыйдзецца выбіраць паміж:

А) пераходам на адпрыбытковы падатак (16 % з даходу);

Б) выплатай адзінага падатку (магчыма не для ўсіх відах паслуг; таксама стаўкі адзінага падатку плануецца павялічыць у 2–4 разы);

В) пераходам у статус «самазанятага» з выплатай адзінага падатку (даступна не для ўсіх відаў паслуг);

Г) рэгістрацыяй юрыдычнай асобы, якая будзе прымяняць ССП па стаўцы 6 %;

Д) рэлакацыяй бізнесу ў іншую дзяржаву з адэкватным бізнес-кліматам.

Змены для аўтамабілістаў

Паводле новага законе «Аб дарожным руху» здаваць экзамен у ДАІ можна будзе на аўтамабілі з аўтаматычнай скрыняй пасуванняў. Таксама пачнуць выдаваць пасведчанні кіроўцаў міжнароднага ўзору.

А Міністэрства аховы здароўя будзе весці ўлік выдадзеных медычных даведак для кіроўцаў і тых, хто не дапушчаны да кіравання транспартам па выніках медаглядаў. Калі кіроўцу проціпаказана кіраваць аўтамабілем, інфармацыя будзе ўнесеная ў базу звестак, а кіроўцу адправяць на пераагляд. Калі паўторны медычны агляд не прайсці за 60 дзён, кіроўца будзе «бяспраўнікам».

Санітарная апрацоўка ў аптэцы ў Кобрыне.
Фота: Белсат

Аплата бальнічных

З 21 студзеня набудуць моц новаўвядзенні па аплаце лістоў непрацаздольнасці. Цяпер паводле працоўных дагавораў працадаўца абавязаны аплаціць час непрацаздольнасці свайго работніка, нават калі той не пералічваў абавязковых унёскаў у ФСАН. Гэта датычыць і дапамогі на цяжарнасць і роды.

Акрамя таго, устаноўлены мінімальны памер дапамогі на часовую непрацаздольнасць, у тым ліку з прычыны цяжарнасці і родаў (50 % бюджэту пражытковага мінімуму за два апошнія кварталы), якая будзе выплачвацца, калі наймальнік наўмысна завысіў сумы дапамогі.

Беларусь запускае свае санкцыі

Менск з 1 студзеня ўводзіць харчовае эмбарга на шэраг тавараў з Еўразвязу і яго дзяржаваў-чальцоў, ЗША, Канады, Нарвегіі, Албаніі, Ісландыі, Македоніі, Вялікай Брытаніі, Чарнагорыі, Швейцарыі.

У пераліку забароненых тавараў – розныя віды мяса, часткова малако і малочныя харчы, гародніна, акрамя прызначанай для пасеву, садавіна і арэхі, тлушчы, каўбасы і аналагічныя прадукты, кандытарскія вырабы, соль і іншыя тавары. Таксама пад «контрсанкцыі» трапілі вітаміны і харчовыя дабаўкі. Але няма забароны, напрыклад, на рыбу і алкаголь.

Абмежаванні не закрануць тавараў, якія ўвозяцца беларусамі для асабістага спажывання, а таксама, да прыкладу, прызначаныя для дзіцячага харчавання, і шэрагу іншых пазіцый крытычнага імпарту.

Харчоввая крама. Менск, Беларусь. 1 красавіка 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Імпарцёры, таваравытворцы і гандлёвыя сеткі будуць вымушаныя замяшчаць тавары, якія не вырабляюцца ў Беларусі, імпартам з дружалюбных рэжыму дзяржаваў.

Але нават забароненыя прадукты можна будзе ўвозіць па спецдазволе чыноўнікаў ці для перапрацоўвання. Для гэтага прадугледжаны спецыяльны парадак квот на імпарт «для забеспячэння збалансаванасці на спажывецкім рынку».

Варта зазначыць, што санкцыі ўведзеныя не супраць брэндаў або вытворцаў, а супраць краін. Такім чынам, шакаладку швейцарскага брэнду, зробленую ў Швейцарыі, імпартаваць нельга, а з Расеі – можна.

Дарэчы «контрсанкцыі» таксама могуць прывесці да падаражэння харчоў.

Перакінуць адказнасць на крамы

З 15 снежня ў Беларусі адмененае жорсткае рэгуляванне коштаў на тавары першай неабходнасці. У выніку цэны пайшлі ў рост. З гэтай прычыны Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю ўжо вядзе з гандлёвымі арганізацыямі «перамоўны працэс».

Плануецца, што гандлёвыя сеткі возьмуць на сябе частку сацыяльных абавязкаў і будуць даваць зніжкі на сацыяльна значныя тавары для пэўных групаў насельніцтва. Механізм мае запрацаваць прыкладна ў сярэдзіне студзеня.

Заробкі павялічацца

І аб прыемным. З 1 студзеня ў Беларусі памер базавай стаўкі для аплаты працы работнікаў бюджэтных і прыраўняных да іх арганізацыяў будзе 207 руб. Рост складзе 9 руб.

Таксама з 1 студзеня мінімальная заработная плата ўстаноўлена ў памеры 457 руб. Яна павялічыцца на 28,86 руб.

З 1 студзеня ў 2 разы (з 0,5 да 1 акладу) павялічыцца аднаразовая выплата на аздараўленне работнікам бюджэтнай сферы.

Таксама да 31 руб. павышаецца базавая велічыня, а з ёй – усе штрафы і іншыя выплаты, прывязаныя да гэтай стаўкі.

МГ/ІР belsat.eu

Стужка навінаў