Новая Беларусь: беларусам прапануюць стварыць свабодную дзяржаву ў смартфоне


2 снежня у адкрытае тэставанне выйшаў праект «Новая Беларусь» (Digital Belarus). Распрацоўнікі платформы Павел Лібер (сузаснавальнік праекту «Голас», краўдфандынгавай платформы Digital Solidarity і cайта «Okdoc.me») і Яраслаў Ліхачэўскі (IT-прадпрымальнік, сузаснавальнік фонду Stichting Belarus Solidarity Foundation і краўдфандынгавай платформы Digital Solidarity) распавялі падрабязнасці на онлайн-канферэнцыі.

Новая Беларусь – гэта лічбавая версія дэмакратычнай Беларусі ў смартфоне. Крыніца: newbelarus.com

Што такое Digital Belarus

«Новая Беларусь» – платформа, дзе могуць гуртавацца беларусы і беларускі, каб атрымліваць дапамогу, шукаць і прапаноўваць працу, разам бавіць час, ладзіць праекты і прымаць супольныя рашэнні. Гэта магчымасць для тых, хто застаўся ў краіне, удзельнічаць онлайн у культурным, сацыяльным, а пазней і палітычным жыцці. А тыя, хто з’ехалі, займеюць новыя гарызантальныя сувязі з землякамі і зямлячкамі, якіх раскідаў час па розных краінах. Распрацоўнікі заяўляюць: кожны і кожная тут будуць сярод сваіх.

Праца па стварэнні платформы працягваецца больш за год. Зараз ужо ёсць блокі з навінамі, гайдамі па рэлакацыі, медычнымі і юрыдычнымі сэрвісамі, культурніцкімі падзеямі, бізнесамі ды магчымасцю праводзіць апытанні. Сёння ты ў краіне ці не, ужо зараз можна атрымаць ці прапанаваць:

  • Медычныя і юрыдычныя паслугі;
  • Онлайн навучанне;
  • Вакансіі ў беларускіх кампаніях;
  • Экспертныя кансультацыі для бізнесу.

У Новай Беларусі сабраныя ўсе фонды і ініцыятывы, якія падтрымліваюць беларусаў і беларусак. Тут жа можна атрымліваць абʼектыўныя навіны. Разам з тым, Digital Belarus – гэта праект, канчатковы выгляд якога будзе створаны разам з карыстальнікамі і карыстальніцамі, кожны можа зрабіць свой унёсак.

Даведка
Яраслаў Ліхачэўскі. Фота прадстаўлена рэдакцыі

«Гэтая гісторыя пачалася для мяне яшчэ ў 2014 годзе, я быў натхнёны ўкраінскім прыкладам, іх Рэвалюцыяй годнасці. Думаў, а што магу зрабіць я? Вырашыў пачаць з беларускай мовы, але мне было няма з кім размаўляць. Мы стварылі маленькую ініцыятыву, збіраліся на Грушаўцы гуляць у настолкі і размаўлялі паміж сабой па-беларуску. Нас было ўсяго 6-7 чалавек. Нашая ініцыятыва называлася «Знайдзі сваіх». То бок была задача знайсці сваіх, а зараз мы запускаем ініцыятыву «сярод сваіх». Значыць, за 8 год мы здолелі выканаць гэтую задачу. На наступным тыдні народзіцца мой першы сын, і я хачу, каб ён вырас сярод сваіх, працаваў, будаваў новае сярод сваіх», – адзначыў у вітальным слове напачатку Яраслаў Ліхачэўскі.

Па яго словах, «Новая Беларусь» можа стаць падмуркам для беларускай лічбавай дзяржавы. У хуткім часе тут запусцяць плацежную сістэму, якая дазволіць плаціць за сэрвісы з любога боку мяжы, а таксама з’явяцца новыя партнёрствы.

«Пасля 2020 года мы зразумелі, што нават калі існая дзяржава перастае выконваць свае абавязкі – мы здольныя замяшчаць яе функцыі. Мы запрашаем усіх неабыякавых да адкрытага бэта-тэставання», – заклікаў Ліхачэўскі.

Павел Лібер у сваю чаргу адзначыў, што пасля 2020 года адбываецца каласальны разрыў сувязяў паміж беларусамі. Фізічная прастора ўнутры Беларусі зачыненая нават для культурніцкіх мерапрыемстваў, але ў беларусаў засталася віртуальная прастора.

«Для мяне гэты праект найперш пра захаванне нашай нацыі. Тыя, хто з’язджае, раствараецца ў іншых культурах. А любая краіна пачынаецца з людзей, гэта самы каштоўны актыў. Калі не будзе беларусаў, то наогул не будзе ніякага сэнсу. Ніхто не дапаможа беларусам акрамя саміх беларусаў. Калі мы кажам пра беларусаў як нацыю, важна, каб гэтая грамада мела магчымасць залучацца ў вырашэнне пытанняў. Таму пачынаць падобныя платформы можна і трэба з абʼяднання людзей разам, узаемападтрымкі, вырашэння агульных ці асабістых праблем. Нам трэба прайсці разам доўгі шлях, і зрабіць гэта можна толькі адчуваючы беларуса і беларуску поплеч», – дадаў Павел Лібер.

«Навошта гэты праект? Каб мы вярнуліся дадому і будавалі разам краіну»

Платформа складаецца з некалькіх слаёў. Першы – сацыяльна-культурны, накіраваны на захаванне культуры, узаемадзеянне людзей. Стваральнікі платформы хочуць даць беларусам інструмент, каб ствараць свае камюніці, суполкі.

Другі слой – эканамічны, закліканы ствараць эканамічныя адносіны, партнёрствы, магчымасць зарабляць грошы, падтрымліваць малое прадпрымальніцтва.

У планах запуск вялікай адукацыйнай платформы, каб дзеці ўнутры і па-за межамі краіны маглі вучыцца па-беларуску.

І нарэшце палітычны слой.

Даведка
Павел Лібер. Фота прадстаўлена рэдакцыі

«Ёсць вялікія сурёзныя задачы, якія нам трэба вырашаць. Для гэтага нам патрэбныя інструменты і інстытуты. Чацікаў у тэлеграме для гэтага недастаткова. Гэта будзе вялікая праца, падзеленая на некалькі этапаў. Першы будзе працягвацца 3-6 месяцаў, да яго мы хочам запрасіць як мага больш беларусаў. Далучайцеся да платформы, галасуйце па пытаннях, у тым ліку, напрыклад, якой мусіць быць палітычна сістэма Новай Беларусі. Мы без вас не можам прымаць тыя ці іншыя рашэнні. Другі этап нашай працы будзе цягнуцца 3 гады. За гэты час мы плануем павялічыць колькасць беларусаў, якія ўдзельнічаюць у нашай лічбавай дэмакратыі. Нам падаецца гэта вельмі важным практыкаваннем, каб навучыцца гэта рабіць і потым імплементаваць на ўсю Беларусь. Мы трымаем у галаве, што ў Беларусі ўсё можа скончыцца раней ці пазней, мы мусім быць падрыхтаваныя, мець сілы, рэсурсы, план, каб перагарнуць сітуацыю ў краіне і змяніць да лепшага. Мы не зможам зрабіць гэтага самастойна, толькі сумесна з беларусамі», – тлумачыць Павел Лібер.

Па яго словах, у шырокім сэнсе Новая Беларусь – гэта пляцоўка, на якой беларусы змогуць бяспечна і адкрыта абмяркоўваць пытанні, якія іх хвалююць, дамаўляцца, як жыць далей, будаваць сваё жыццё і лёс надалей.

«Нам хочацца рабіць прадукт, які будзе карысны для людзей, таму будзем адкрытыя для ідэяў, прапановаў, заўвагаў. Навошта гэты праект? Каб мы вярнуліся дадому і будавалі разам краіну. Для гэтага нам трэба вучыцца аб’ядноўвацца, дзейнічаць самастойна, несці адказнасць за гэта, вучыцца таму, што мы і ёсць той рэсурс, які штосьці можа рабіць і змяняць. Гэты праект будзе карысны беларусам шмат гадоў. Наша задача цяпер – закласці фундамент для чагосьці трывалага. Але гэта не гатовае рашэнне, гэта толькі пачатак шляху, які мы прапануем прайсці разам», – дадаў Павел Лібер.

Як далучыцца?

Для таго каб далучыцца да Новай Беларусі, трэба:

  • cпампаваць дадатак (спасылкі на аплікацыю для os Android i iOS).
  • Абраць мову, пазначыць, у якой вы краіне
  • І карыстацца ўсімі рэсурсамі.

А што наконт бяспекі?

На платформе ёсць некалькі ўзроўняў бяспекі. Новая Беларусь не збірае і не захоўвае дадзеныя карыстальнікаў, не будзе нейкай адзінай базы, адкуль можна нешта скрасці. На платформе можна захоўваць ананімнасць – большасць функцый даступныя і без аўтарызацыі.

Таксама да Новай Беларусі можна далучыцца праз сайт.

«У цяперашняй сітуацыі бяспека нашых лічбавых грамадзян – наш прыярытэт», – падкрэсліў Павел Лібер.

Што далей?

На гэтым стваральнікі праекту не збіраюцца спыняцца. У планах:

  • Стварэнне лічбавай краіны са сваімі правіламі;
  • Свой электронны ўрад;
  • Свае пашпарты, прызнаныя ва ўсім цывілізаваным свеце.
Даведка
Прыкладанне «Новая Беларусь».
Фота: Белсат

Як пачынаўся праект

Па словах стваральнікаў платформы, праект Новай Беларусі быў натхнёны мільёнамі шчырых беларусаў і беларусак, якія ў 2020 годзе выйшлі за марай аб свабодзе. Натхняла, як лічбавыя прадукты дапамагаюць ім камунікаваць, каардынавацца, дамаўляцца ды вырашаць штодзённыя задачы, збіраць мільёны на дапамогу адно аднаму, кансультаваць, навучаць, дапамагаць з пошукам працы і гэтак далей. І ўсё гэта – онлайн.

«У жніўні 2021 мы з Паўлам Ліберам дамовіліся, што паспрабуем сабраць нашыя разрозненыя сэрвісы на адну платформу, аб’яднаць гэта ўсё лічбавым ID. Каб пачаць, дастаткова было жадання, імпэту ды энергіі двух чалавек. Каб зрабіць першыя асэнсаваныя крокі – спатрэбілася прыцягнуць для дапамогі лепшых экспертаў і экспертак шмат у якіх галінах. Каб атрымаць першыя вынікі ды прататыпы – спатрэбілася сабраць моцныя ды прафесійныя каманды. Учора ў праекце працавала ўжо блізу 50 чалавек у васьмі розных камандах. Гэта без уліку камандаў асобных сэрвісаў, сітуацыйных валанцёраў, экспертаў і шмат яшчэ каго, хто кансультуе, дапамагае ды ўдзельнічае. 50 чалавек, нават самых-самых крутых, цалкам дастаткова, каб пабудаваць якасны прадукт. Але ані 50, ані нават 50 тысяч не дастаткова, каб пабудаваць краіну. Таму сёння мы хочам вярнуць Лічбавую/Новую Беларусь мільёнам смелых і ўпартых беларусаў і беларусак, якія гэтак жа зацята працягваюць ісці за сваёй марай аб свабодзе. Мы зрабілі першы набор інструментаў і распрацавалі пляцоўку, на якой можна будаваць усё, што нам спатрэбіцца сёння і заўтра», – распавёў у сваім Фэйсбуку Яраслаў Ліхачэўскі.

Саша Гоман belsat.eu

Стужка навінаў