Будзе і ЦТ, і ЦЭ. У Беларусі ізноў мяняюць правілы прыёму ў ВНУ


У Беларусі ізноў мяняюць правілы прыёму ў ВНУ і ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Якімі яны будуць, стане дакладна вядома пасля апублікавання напрыканцы года. Але прыблізны змест пераменаў ужо вядомы, бо іх абмеркавалі 2 снежня падчас нарады з удзелам Аляксандра Лукашэнкі, аб чым паведамляе БелТА.

Школьніца падчас цэнтралізаванага экзамену. Фота носіць ілюстратыўны характар.
Фота: БелТА / belta.by/

Пасля нарады міністр адукацыі Андрэй Іванец паведаміў, што  выпускнікі 11 класаў будуць здаваць два цэнтралізаваныя экзамены (ЦЭ): адзін, абавязковы – па рускай альбо беларускай мове, другі – змогуць выбраць самі з прапанавагана спісу (там прадметы, па якіх раней праводзіліся ЦТ). Тым, хто будзе паступаць у ВНУ, прапануюць здаваць адзін дадатковы экзамен у форме ЦТ. Паводле міністра, рашэнне прынята падчас нарады. У выніку, як растлумачыў Іванец, залічэнне ва ўніверсітэты будзе праводзіцца па выніках двух ЦЭ, аднаго дадатковага іспыту ў выглядзе ЦТ і з улікам сярэдняга балу атэстата, «што дазволіць ацаніць і агульны узровень ведаў».

Яшчэ адно новаўвядзенне звязана з арганізацыяй цэнтралізаваных іспытаў. Міністэрства адукацыі прапануе праводзіць іх за межамі школ. У буйных гарадах і раёнах ужо вызначаны месцы для гэтага. Прымаць іспыт будуць у аўдыторыях каледжаў і ўніверсітэтаў. Паколькі не ў кожным населеным пункце ёсць гэтыя навучальныя ўстановы, частку школьнікаў давядзецца падвозіць для здачы экзамену ў іншыя раёны або гарады. Паводле слоў Андрэя Іванца, па краіне вызначаны 93 пункты для здачы цэнтралізаванага экзамену. Некаторыя з іх будуць дзейнічаць як міжраённыя. «Улічваючы, што сёння ў нас каля 60 тысяч школьнікаў знаходзяцца на падвозе ў сельскай мясцовасці, выезд на цэнтралізаваны іспыт дадатковага стрэсу не створыць», – перакананы міністр.

Міністр адукацыі Андрэй Іванец пасля нарады.
Фота: БелТА / belta.by/

Аб тым, як можа быць арганізаваны працэс, расказала першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкаму Алена Багдановіч на прыкладзе пробнага іспыту, праведзенага восенню на базе Гарадоцкага аграрна-тэхнічнага каледжа. Апроч мясцовых навучэнцаў туды прывезлі таксама навучэнцаў з Шумілінскага раёну. Паводле выбару навучэнцаў, самымі палярнымі прадметамі сталі біялогія, матэматыка і англійская мова.

«Хлопцы і дзяўчаты па пропусках, пашпартах праходзяць на пункт цэнтралізаванага экзамену, глядзяць свой прадмет на стэндзе і нумар аўдыторыі – гэта таксама выпадковы выбар. Аўдыторыю выбірае машына. Выпускнік праходзіць у аўдыторыю, там працуюць тры педагогі. Калі гэта, напрыклад, матэматыка, то там будуць працаваць педагогі-гуманітарыі. Задача педагога ў аўдыторыі – правесці інструктаж з рабятамі, расказаць, як запаўняць бланкі адказаў. Два іншых адказных правяраюць па пашпартах, ці тыя дзеці прыйшлі. Ідзе лёсаванне месцаў. Затым аргкамісія разносіць пакеты заданняў, і на працягу адведзенага часу рабяты працуюць. Здалі працу – мы ўсё гэта ў канверты спакавалі і здалі аргкамісіі», – распавяла аб ходзе правядзення іспыту Алена Багдановіч.

Ацэньваюцца работы ў Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў. Бланкі адказаў, як і пасля цэнтралізаванага тэсціравання, праверыць кампʼютар. Затым атрыманая адзнака з улікам гадавой выстаўляецца ў атэстат выпускніка.

Што тычыцца тэрмінаў уступнай кампаніі 2023 года, то паводле міністра адукацыі яны будуць выглядаць так: у лютым – сакавіку 2023 года пройдуць універсітэцкія і рэспубліканскія этапы прадметных алімпіяд, пераможцы якіх атрымалі права на залічэнне ў ВНУ без выпрабаванняў. Адпаведна, у гэты часавы перыяд будзе праведзена іх залічэнне ў ВНУ. Далей з 14 па 21 мая, да заканчэння навучальнага года, пройдуць цэнтралізаваныя іспыты. Да 12 чэрвеня – залічэнне на мэтавую форму падрыхтоўкі.

«Чаму гэта так важна? Мінулая ўступная кампанія паказала: калі адначасова ідзе прыём дакументаў на мэтавую форму падрыхтоўкі і на бюджэтныя месцы, калі малады чалавек бачыў, што ў яго дастатковая колькасць балаў для паступлення на бюджэт, ён мог забраць дакументы з мэтавай формы падрыхтоўкі і перайсці на звычайнае навучанне», – растлумачыў міністр. Ён мяркуе, што з улікам прапанаваных тэрмінаў правядзення ўступнай кампаніі выбар мэтавай формы падрыхтоўкі «будзе больш свядомым».

Неабавязковы іспыт у форме цэнтралізаванага тэсціравання, які патрэбны выпускнікам для паступлення ў профільную ВНУ, можна будзе здаць пасля 12 чэрвеня. Далей залічэнне ў ВНУ пройдзе ў тыя ж тэрміны, што і ў мінулым годзе.

Па выніках гэтага абмеркавання Аляксандр Лукашэнка даручыў усё аформіць у адзіны дакумент і апублікаваць яго да канца года, «узважыўшы ўсе за і супраць». Пры гэтым напачатку нарады ён літаральна заявіў, што пастаянныя рэфармаванні сферы адукацыі павінны быць спынены, апроч падрыхтоўкі падручнікаў: «Пастаянныя рэфармаванні і ўдасканаленні пасля сённяшняга абмеркавання павінны быць спынены! Акрамя падручнікаў, якія вы будзеце ўдасканальваць, рэфармаваць, новыя пісаць, старыя мадэрнізаваць».

Галоўная прычына такога патрабавання – абурэнні людзей зменамі правілаў гульні, што ніяк не могуць усталявацца. «Наогул, гэта ўжо абурае нашых людзей. І мяняць правілы гульні пастаянна нельга. Давайце, нарэшце, паставім кропку ў гэтай размове і пачнём карпатлівую работу», – цытуе Лукашэнку БелТА

У выніку нарада цалкам была прысвечана абмеркаванню чарговых зменаў у практыцы навучання і гэтыя змены не канчатковыя, бо Лукашэнка напрыканцы зрабіў рэмарку: «Калі будуць альтэрнатыўныя думкі, я павінен іх пачуць».

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў