Як перавезці свайго гадаванца за мяжу? Пакрокавая інструкцыя


Хатнім жывёлам не патрэбныя візы для перасячэння мяжы, аднак часам перавозка нашых гадаванцаў – больш складаная задача, чым уласны ад’езд. Тым больш, калі радзіму трэба пакінуць вельмі хутка. Забраць з сабой чацвераногага сябра не атрымаецца, калі ў яго не гатовы адмысловы пашпарт. Мы сабралі для вас асноўныя патрабаванні да пакету дакументаў, а таксама інфармацыю па спосабах перавозкі. Калі вам дазваляе час, рыхтуйце свайго гадаванца да пераезду загадзя.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ветэрынарны пашпарт жывёлы.
Фота: Белсат

Ветэрынарны пашпарт і чыпаванне

Правілы перавозкі жывёлаў не аднолькавыя для розных краінаў. Таму перад паездкай раім удакладняць на старонках ветэрынарных службаў, авіякампаніяў, чыгункі пра магчымыя нюансы, ты больш, калі вы едзеце праз некалькі краінаў. Мы сабралі агульныя патрабаванні – тое, што спатрэбіцца ў любым выпадку.

Падрыхтоўку гадаванца да пераезду лепш пачынаць за чатыры тыдні да падарожжа. У якім парадку і што рабіць:

– заводзім гадаванцу ветэрынарны пашпарт. У Беларусі набыць яго можна толькі ў дзяржаўнай ветэрынарнай станцыі па месцы вашай рэгістрацыі. У пашпарт уносіцца агульная інфармацыя пра жывёлу, а таксама дадзеныя пра прышчэпкі і чыпаванне;

– чыпуем жывёлу. Чыпаванне – гэта ўвядзенне пад скуру адмысловай капсулы, у якой змяшчаецца інфармацыя пра ўласніка і стан здароўя жывёлы. Чып даступны для міжнароднай базы дадзеных. У ЗША, Еўразвязу, Аўстраліі – свае базы дадзеных. Таму, калі ставіце чып, лепш удакладніць, ці ён падыходзіць для паездкі ў тую краіну, у якую вы накіроўваецеся.

Важна: чыпаванне павінна быць зробленае да прышчэпак. Усе прышчэпкі, якія ставілі да чыпавання, становяцца несапраўднымі, і іх трэба перарабіць (ветэрынары сцвярджаюць, што гэта няшкодна).

Вакцынацыя і іншыя медыцынскія пытанні

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ветэрынарны пашпарт жывёлы.
Фота: Белсат

Пасля чыпавання робім прышчэпку ад шаленства. Для Еўразвязу гэта адзіная абавязковая прышчэпка. Аднак калі вяртацца з жывёлай назад у Беларусь, то на мяжы запытаюцца пра комплексную вакцыну для сабак (супраць чумы, гепатыту, віруснага энтэрыту, парва- і адэнавірусных інфекцыяў, лептаспіроз), а таксама абследаванне на таксаплазмоз. Коткам неабходная вакцына супраць панлейкапеніі.

Вакцынацыю ад шаленства трэба рабіць не пазней, чым за 21 дзень да ад’езду – тры тыдні цягнецца каранцін пасля прышчэпкі, і цягам гэтага часу жывёлу не выпусцяць за мяжу. Тэрмін дзеяння прышчэпкі ад шаленства для краінаў Мытнага саюзу – 6 месяцаў, для іншых краінаў – 1 год.

Апрацоўваем жывёлу ад глістоў. Правілы Еўразвязу патрабуюць, каб не больш за 5 дзён і не менш чым за 1 дзень да выезду за мяжу сабакі былі апрацаваныя ад істужачных чарвей, то бок, ад глістоў. Гэта таксама павінна быць занесена ў пашпарт з подпісам і пячаткай лекара.

Даведка дзейсная пяць дзён, але лепш браць яе непасрэдна перад ад’ездам. Яна афармляецца на адной з дзвюх дзяржаўных моваў, але ёсць магчымасць узяць яе на англійскай ці польскай мовах.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ветэрынарны пашпарт жывёлы.
Фота: Белсат

За содні да ад’езду нясем гадаванца да ветэрынара на агляд. Там вам выдадуць даведку з паказчыкамі здароўя жывёлы, інфармацыяй пра зробленыя прышчэпкі і спрыяльны санітарна-біялагічны клімат раёну пражывання.

Калі вы перавозіце сабаку, варта памятаць, што ў некаторых краінах ёсць спіс забароненых пародаў, якія нельга ўвозіць. Напрыклад, ратвейлер, пітбуль, бульдог. Для іх перавозкі спатрэбіцца асобны дазвол і даведка пра тое, што гаспадар прайшоў спецкурс у кіналагічным клубе па правілах утрымання гэтай пароды.

Як перавезці?

Для тых, хто абраў самалёт, прыводзім патрабаванні авіякампаніі «Белавія» да перавозкі жывёлаў:

– узяць жывёлу ў салон можна, калі яна разам з пераноскай важыць не больш за 8 кілаграмаў (у іншых авіякампаніяў могуць быць свае лічбы). Калі жывёла важыць больш за 8 кг, ёй прыйдзецца ляцець у багажным адсеку;

– памеры пераноскі не павінны перавышаць максімальныя памеры ручной кладзі (55х40х20 см). Пераноска, у якой перавозіцца гадаванец, павінна быць прасторнай, трывалай, з непрамакальным дном і дастатковай вентыляцыяй. Жывёла павінна свабодна ўставаць, сядаць, паварочвацца ў пераносцы. Дзверцы пераноскі павінны шчыльна зачыняцца. Пры перавозцы жывёлы ў салоне самалёту дапускаюцца пераноскі як з мяккімі, так і з жорсткімі сценкамі. А ў багажным адсеку – толькі з жорсткімі. Цягам палёту забараняецца даставаць жывёлу з пераноскі;

Гісторыі
Як выехаць з Беларусі, калі ты кот палітвязня
2021.12.04 11:51

– жывёла павінна быць чыстай, здаровай і не мець непрыемнага паху. Стан здароўя жывёлы павінен быць задавальняючы, і яна не павінна выказваць прыкметаў агрэсіўнасці ці знаходзіцца пад дзеяннем заспакаяльных сродкаў. Калі седатыўныя прэпараты гадаванцу прызначыў ветэрынар, трэба ўзяць з сабой дакумент, які гэта пацвярджае;

– забаронена перавозіць жывёлаў маладзейшых за 4 месяцы, цяжарных ці тых, што толькі нядаўна ашчаніліся ці акаціліся. Перавезці шчаня ці кацяня, маладзейшае за 4 месяцы наўрад ці атрымаецца таксама і таму, што вакцынацыя ад шаленства дазволеная толькі з 3 месяцаў. Дадайце да гэтага яшчэ тры тыдні каранціну – як раз атрымаеце амаль 4 месяцы;

– калі жывёла ляціць ў багажным адсеку, унутры кантэйнера павінны быць корм і вада. На кантэйнеры павінна знаходзіцца бірка з імем, адрасам і тэлефонам уласніка жывёлы;

– перад пасадкай на рэйс «Белавіі» трэба прайсці ветэрынарны кантроль у аэрапорце.

Перавозка наземным транспартам

Калі вы вязеце жывёлу праз мяжу на машыне, вам трэба стаць у «чырвоны калідор». У жывёлы правераць пашпарт і чып. Калі жывёлу перавозіць не гаспадар, у пашпарце трэба ўпісаць кур’ера. У выпадку перавозкі кур’ерам ад уласніка патрэбны таксама дазвол на перавозку хатняга гадаванца без камерцыйных мэтаў.

Пры ўвозе ў Польшчу памежнікі бяруць падатак 23% ад кошту жывёлы. Яго можна вярнуць, калі вяртацца з гэтай жа жывёлай. Таксама ў Польшчы можна аформіць для жывёлы еўрапейскі пашпарт, і тады яна не будзе абкладацца падаткам. З беспародных жывёлаў падатак хутчэй за ўсё не возьмуць.

На мяжы прыйдзецца запоўніць дэкларацыю на жывёлаў у двух экзэмплярах.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ветэрынарны пашпарт жывёлы.
Фота: Белсат

На тэрыторыю Еўразвязу можна ўвезці да пяці гадаванцаў. Але пры гэтым назад у Беларусь можна ўвозіць толькі дваіх.

Калі вы паедзеце ў Еўразвяз праз Украіну, то можаце сутыкнуцца з тым, што ў вас папросяць цітры анціцелаў да вірусу шаленства. Тэст трэба зрабіць праз месяц пасля прышчэпкі і чакаць вынікі яшчэ тры месяцы. Цітр анціцелаў мусіць быць не вышэйшы за 0,5 МЕ/мл. Гэта звязана з тым, што ва Украіне дастаткова высокі ўзровень заражэння шаленствам у параўнанні з Беларуссю.

Калі дакументы не адпавядаюць патрабаванням, польскія памежнікі маюць права не пусціць жывёлу ў краіну, альбо змясціць яе на каранцін да выканання ўсіх патрабаванняў да дакументаў, альбо, калі першыя дзве опцыі немагчымыя, усыпіць. Усё гэта робіцца за кошт асобы, адказнай за жывёлу падчас падарожжа.

Удакладніць правілы вывазу і ўвозу жывёлаў можна ў дзяржаўнай ветстанцыі Беларусі, мытных органах ці ў амбасадзе краіны ўезду.

Калі вы ўжо знаходзіцеся за мяжой, і хочаце перавезці свайго гадаванца, які застаўся ў Беларусі, падрыхтаваць яму дакументы і перавезці могуць адмысловыя фірмы, а таксама прыватныя асобы, кантакты якіх можна знайсці ў чатах эмігрантаў. Паслуга не танная – кошты могуць быць рознымі, аднак, напрыклад, перавозка коткі з Менску ва Украіну каштуе ў сярэднім 280$ (30 за дакументы + 250 непасрэдна трансфер). Перавозка ў Польшчу можа каштаваць яшчэ даражэй. Кур’еры абяцаюць камфортныя ўмовы, паіць і карміць жывёлу і даставіць вам у рукі.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў