Улады зрабілі апытанне пра рэферэндум, пра які нічога невядома. Плануюць яшчэ адно. Навошта?


Рэферэндум аб змене Канстытуцыі Беларусі можа прайсці ў лютым 2022 года. За што прапануюць галасаваць, невядома. Аднак праўладныя сацыёлагі паказалі вынікі дзіўнаватага апытання ды анансавалі яшчэ адно вялізнае даследаванне перад рэферэндумам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ПБ / Белсат

Палова беларусаў лічыць, што ад рэферэндуму стане лепей?

Цэнтр сацыяльна-гуманітарных даследаванняў БДЭУ 23 лістапада паказаў на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь 1» вынікі тэлефоннага апытання тысячы чалавек адносна рэферэндуму аб зменах у Канстытуцыі.

Адно пытанне, якое агучылі на БТ, было такім: «Як вы ставіцеся да правядзення ў краіне рэферэндуму аб зменах дзейнай Канстытуцыі РБ?» 43,8 % адказалі «падтрымліваю», 18,3 % – «хутчэй падтрымліваю», 5,7 % – «хутчэй не», 11,0 % – «не падтрымліваю».

Яшчэ адно: «Ці патрэбныя змены ў дзейную Канстытуцыю РБ?» Вынікі агучылі такія: 32,7 % – «так», 30,4 % – «хутчэй так», 8,9 % – «хутчэй не», 11,0 % – «не».

І самае неардынарнае: «Як паўплывае на сітуацыю ў краіне правядзенне рэферэндуму аб зменах у дзейную Канстытуцыю РБ?» Сцвярджаюць, што 23,9 % адказалі – «адбудуцца значныя станоўчыя змены», 26,3 % – «нязначныя паляпшэнні», 24 % – «ніяк не паўплывае», а 3,9 % і 3,8 % адпаведна – сітуацыя «пагоршыцца значна» і «пагоршыцца нязначна».

Ісці на рэферэндум, калі верыць агучаным на БТ вынікам, збіраюцца 38,2 %, хутчэй збіраюцца 21,6 %, хутчэй не – 9,6 %, не збіраюцца 19,4 %.

Hавiны
Праект новай Канстытуцыі будзе апублікаваны ў першай палове снежня
2021.11.28 22:37

Дык а пра што рэферэндум?

Аляксандр Лукашэнка паабяцаў канстытуцыйны рэферэндум яшчэ ў красавіку 2020 года. Рэферэндум па-ранейшаму анансуюць на люты 2022 года, канкрэтнай даты не абвяшчалі. Праект зменаў у Канстытуцыю не гатовы. Апошняе паседжанне Канстытуцыйнай камісіі прайшло 25 лістапада і не скончылася нічым канкрэтным: Лукашэнка сказаў працягнуць працу над фармуляваннем праекту.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ПБ / Белсат

Чарнавіка зменаў у Канстытуцыю публіцы не паказваюць. Лукашэнка кажа, што «Беларусь павінна застацца прэзідэнцкаю рэспублікаю». Таксама кажа, што трэба неяк «замацаваць у Канстытуцыі статус Усебеларускага народнага сходу». У жніўні ён публічна адмахнуўся ад пытання пра магчымы канфлікт функцыяў Сходу і Канстытуцыйнага Суда.

Дэмакратычныя сілы не чакаюць, што на рэферэндуме прапануюць іхны праект супраць праекту Лукашэнкі. Яны заклікаюць ісці на рэферэндум і рабіць бюлетэні несапраўднымі, паставіўшы крыжыкі насупраць усіх прапанаваных варыянтаў.

Чаму тады пыталі?

Беларускі аналітык і сацыёлаг, які мае больш за 10 гадоў досведу арганізацыі і правядзення сацыялагічных апытанняў (у тым ліку нацыянальных), але хоча застацца ананімным, кажа «Белсату»: самі па сабе пытанні пра значнасць рэферэндуму ды планы наконт удзелу важныя, нават калі невядома, якія змены будуць прапанаваныя. Але «ў нармалёвай сітуацыі».

Пры той ступені нявызначанасці адносна рэферэндуму, што трывае ўжо паўтара года, і пры раздраі ў стаўленні да рэферэндуму проста незразумела, пра што ж адказваюць людзі, кажа сацыёлаг. Нават калі адсоткі адказаў сапраўдныя, невядома, якія палітычныя погляды стаяць за адказамі і на што спадзяюцца людзі: на змены да лепшага ці на мабілізацыю да супраціву?

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ЯП / Белсат

Варта ставіць пад сумнеў і вынікі такіх інстытуцыяў, як цэнтр пры БДЭУ, кажа сацыёлаг. Невядома, як і хто апытвае, а часта выглядае, што даследаванні робяцца ці то маніпуляцыйна, ці то непрафесійна.

«У нашай сітуацыі гаворка не пра вывучэнне грамадскай думкі як такой, а хутчэй пра выкарыстанне сацыялагічных апытанняў як аднаго са сродкаў у інфармацыйнай вайне, пра падтрыманне кіраўніцтвам краіны сваёй легітымнасці, чаго сёння відавочна бракуе», – разважае сацыёлаг.

Hавiны
Якія змены ў Канстытуцыю рыхтуе Лукашэнка, і навошта яму гэта
2021.09.22 16:04

Апыталі 1000, хочуць апытаць 10 000

Дырэктар Інстытуту сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Мікалай Мыслівец прысутнічаў у эфіры, дзе агучвалі вынікі даследавання пра рэферэндум. Ён анансаваў: перад рэферэндумам правядуць апытанне 10 000 рэспандэнтаў з 24 пытаннямі кожнаму. Неўзабаве блогер Антон Матолька апублікаваў спіс пытанняў, якія нібыта збіраюцца ўнесці ў гэтае даследаванне.

Звычайна сацыёлагі ў Беларусі апытваюць 1000–1200 рэспандэнтаў. Гэтага хапае, каб набраць так званую рэпрэзентатыўную выбарку (прадстаўнікоў розных групаў паводле ўзросту, мясцовасці, адукацыі, заняткаў і г. д.) і ацаніць, як прыблізна адказала б уся краіна. Часам больш рэспандэнтаў бяруць, каб зразумець адрозненні ў думках розных рэгіёнаў ці розных групаў. Калі спытаць больш людзей, якасць звестак, зразумела, не знізіцца.

«Іншая рэч, што якасць даследавання залежыць не толькі і не столькі ад таго, колькі людзей мы апытаем, – расказвае сацыёлаг. – Ад таго, як пабудаваная выбарка, залежыць, наколькі мы можам сцвярджаць, што кажам за ўсю краіну, хоць апыталі тысячу ці дзесяць тысячаў».

У лютым 2021 года ўлады ўжо заяўлялі, што правялі апытанне на 10 тысячаў чалавек (і што, паводле вынікаў, Лукашэнку падтрымліваюць 74,2 % беларусаў). Тады, згадвае сацыёлаг, людзей апытвалі па прадпрыемствах, раздавалі анкеты па арганізацыях – выйшла не рэпрэзентатыўная выбарка, а набор думак асобных людзей.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«Я думаю, што гэта проста эфект памеру, – мяркуе сацыёлаг. – Гэта робіцца… або гаворыцца, што робіцца, каб выклікаць рэакцыю: «О, цэлых 10 тысячаў апыталі». За грунтоўнасць прымаецца маштабнасць, а гэта ў корані няслушна».

І Лукашэнку такое кладуць на стол?

У нядаўнім інтэрв’ю Бі-Бі-Сі Лукашэнка казаў, што яго ўжо падтрымліваюць не 80 %, а 87 % ці нават 90 %. Журналіст Бі-Бі-Сі засумняваўся, бо на ўласныя вочы бачыў маштабы пратэстаў 2020 года. Ці сапраўды Лукашэнку паказваюць вынікі даследаванняў пра падтрыманне на 90 %?

Суразмоўца «Белсату» не мае інфармацыі, што кладуць на стол Лукашэнку, але разважае: падобна, у тых, хто цяпер утрымлівае ўладу, інфармацыі дастаткова.

З аднаго боку, выглядае, што за апошнія гадоў дзесяць улады Беларусі страцілі сувязь з грамадствам і перасталі цікавіцца яго думкаю, кажа сацыёлаг. З другога боку, амаль дакладна, што ўвесну 2020 года кіраўніцтва дзяржавы ведала пра ўзровень падтрымання: менавіта таму ізалявала ўсіх лідараў, якія маглі б «згуляць на гэтым полі». Далей усё пайшло не так, як разлічвалі, але выбраная тактыка паказвае, што яны больш-менш уяўлялі настроі грамадства.

«І калі вы пагледзіце на тое, як кіраўніцтва краіны сёння дзеіць, вы зразумееце, што гэта не дзеянні людзей, якія маюць падтрыманне 90 %, 80 % ці нават 70 % насельніцтва, – тлумачыць сацыёлаг. – Гэта дзеянні кіраўніцтва, якое трымаецца толькі на моцы, на гвалце. Мне здаецца, гэта добра даказвае, што адэкватная інфармацыя пра стан грамадскай думкі ёсць».

Якім апытанням тады верыць?

На незалежных сацыёлагаў у Беларусі ціснулі два дзясяткі гадоў. На правядзенне сацыялагічных апытанняў цяпер патрэбная ліцэнзія ад дзяржаўнай Акадэміі навук. Аўтарытэтны Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў фармальна зліквідавалі яшчэ ў 2005 годзе, ён згарнуў дзейнасць у 2016-м пасля чарговага «наезду» на дзяржаўнай тэлевізіі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Перад выбарамі-2020 сталі мэмам інтэрнэт-апытанні, у якіх узровень падтрымання Лукашэнкі быў на ўзроўні 3 % на розных парталах. Пасля гэтага беларускім медыям забаранілі праводзіць апытанні пра рэйтынг Лукашэнкі. Сацыёлаг кажа: мэм быў удалы, ён на пэўны час змабілізаваў грамадства, ды наўрад ці хтосьці сур’ёзна ставіўся да гэтай лічбы як да фактычнага стану грамадскай думкі ўсёй Беларусі.

«Гэта насамрэч вялікая праблема, бо сёння мы не маем стоадсоткавага адказу, што гэтаму апытанню можна давяраць, а гэтаму нельга, – наракае сацыёлаг. – Мы не можам выкарыстоўваць найлепшых, найбольш адэкватных інструментаў з розных прычынаў: забаронена гэтым займацца, ковід і ўсё такое. Але ёсць нядрэнныя онлайн-апытанні, якія вядзе, напрыклад, «Chatham House», а таксама «Народнае апытанне».

Сацыёлаг заклікае глядзець не толькі на лічбы апытанняў, але і на метадалогію, на тое, хто як апытваў.

Напрыклад, калі праводзяць онлайн-апытанне жыхароў буйных гарадоў, трэба разумець, што вынікі не адносіцца да ўсёй краіны, да сельскіх жыхароў. Трэба «збіраць карціну з розных кавалкаў» і намагацца мець хай частковае, але адэкватнае разуменне грамадскай думкі аб пытанні, якое цікавіць.

Меркаванні
Навошта браць удзел у рэферэндуме? Галасоў не лічаць, у камісіі назіральнікаў не пусцяць
2021.12.02 14:46

АА belsat.eu

Стужка навінаў