Палітолаг Дзмітрый Балкунец: «Наймацнейшы пакет санкцыяў – амерыканскі»


Палітолаг Дзмітрый Балкунец у студыі «Белсату» выказаўся наконт санкцыяў, якія 2 снежня ўвялі супраць уладаў Беларусі Еўразвяз, Вялікая Брытанія, ЗША і Канада. На думку палітолага, новыя санкцыі – гэта рашучы крок, які, бясспрэчна, узмоцніць ціск на рэжым Лукашэнкі. Наймацнейшым жа ён назваў амерыканскі пакет.

«Бо ён вельмі выразна структураваны і прадуманы: туды трапіла і Беларуская калійная кампанія. Раней былі нейкія шчыліны, дык вось яны закрываюць гэтыя шчыліны», – кажа Дзмітрый Балкунец.

З’яўленне ў санкцыйным спісе Беларускай калійнай кампаніі лічыць важным, бо гэта 6 % бюджэту краіны.

«Канечне, каб усе ключавыя галіны былі закрытыя адначасова, сінхронна, то ніякія санкцыі і не спатрэбіліся б у такіх даўгіх пакетах. Калі б была, напрыклад, перакрытая дарога, перакрыты транзіт на адзін тыдзень, Лукашэнка сам бы пайшоў на любыя перамовы і саступкі», – мяркуе палітолаг.

Hавiны
Пяты пакет санкцыяў Еўразвязу ў дачыненні рэжыму Лукашэнкі набыў моц
2021.12.02 19:14

Эксперт кажа, што заходнія партнёры стараюцца вымусіць афіцыйны Менск зрабіць крокі насустрач. У мемарандуме, апублікаваным перад увядзеннем санкцыяў, былі выстаўленыя патрабаванні: вызваленне палітычных вязняў і новыя выбары пад міжнародным назіраннем.

«Але Лукашэнка не хоча гэтага ўсяго рабіць, ён далей разбурае эканоміку. Хачу падкрэсліць: не заходнія санкцыі разбураюць эканоміку – Лукашэнка сваймі дзеяннямі свядома разбурае эканоміку», – упэўнены Дзмітрый Балкунец.

Кажучы пра еўрапейскія санкцыі, палітолаг заўважае: улады Беларусі маглі абыходзіць іх праз рознага кшталту фірмы-пракладкі.

«Калі паглядзім на гандаль Беларусі з еўрапейскімі краінамі за апошнія 12 месяцаў, то экспарт з Беларусі павялічыўся ўдвая. Канечне, не дзякуючы санкцыям, якія прымаліся раней, а дзякуючы канʼюнктуры, якая склалася, асабліва па нафтапрадуктах.

І вось каб сёння быў перакрыты транзіт нафтапрадуктаў і адпраўка іх на экспарт у краіны ЕЗ ды ва Украіну, то гэта, напэўна, паўплывала б на фінансавую ўстойлівасць рэжыму», – мяркуе аналітык.

Дзмітрый Балкунец выказаў таксама меркаванне, што «Белавія», якая трапіла ў санкцыйны спіс, не зможа цяпер лятаць нават у Турцыю і Егіпет.

Аб’ектыў
Захад увёў пяты пакет санкцыяў. Ці вытрымае Лукашэнка?
2021.12.02 22:06

«Уся краіна будзе расплочвацца за дзеянні Лукашэнкі», – падсумаваў палітолаг Дзмітрый Балкунец.

Цалкам размову з Дзмітрыем Балкунцом глядзіце ў праграме «Студыя «Белсат».

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў