Навошта браць удзел у рэферэндуме? Галасоў не лічаць, у камісіі назіральнікаў не пусцяць

У лютым наступнага года ў Беларусі плануецца рэферэндум датычна паправак у Канстытуцыю. У любым выпадку менавіта гэтая дата не раз гучала на самым высокім узроўні. Юрыст НАУ Міхаіл Кірылюк прыводзіць свае довады, чаму трэба ўсё ж ісці на выбарчыя ўчасткі.

Гэта палітычнае дзеянне. Ніхто не мае ілюзіяў адносна падліку галасоў. Думаць, што адзінае значэнне рэферэндуму, лічбы, якія абвесціць Ярмошына, – юрыдычны фетышызм.

Згадайма, што нам даў актыўны ўдзел у выбарах 2020 года:

  • максімальная палітызацыя грамадства за апошнія 20 гадоў,
  • максімальныя пратэсты супраць Лукашэнкі за ўсю гісторыю,
  • непрызнанне Лукашэнкі прэзідэнтам ува ўсім свеце,
  • эканамічная ізаляцыя рэжыму,
  • самае няўстойлівае становішча рэжыму за ўсю гісторыю.

Ці было б такое магчыма ў выпадку няўдзелу? Відавочна, не.

16 жніўня 2020 года. Mенск, Беларусь.
Фота: Белсат

Ніхто не мае ілюзіяў, што цяпер няма таго ўздыму настрою ў Беларусі. Але выбар тактыкі, па вялікім рахунку, зводзіцца да двух буйных сцэнароў:

  • выкарыстоўваць рэферэндум як нагоду для палітычнай актыўнасці,
  • нічога не рабіць.

Мы не кажам, што выхад да выбарчых участкаў у 2022-м дазволіць змяніць уладу за адзін дзень! Але актыўны ўдзел дае магчымасць замацаваць і ўзмацніць вынікі выбараў 2020 года:

  • зноў убачыць і паказаць сабе ды свету, колькі людзей, нягледзячы на катаванні, турмы і рэпрэсіі хочуць жыць у свабоднай Беларусі,
  • дамагчыся яшчэ большай дыпламатычнай ізаляцыі рэжыму Лукашэнкі,
  • дамагчыся яшчэ большай эканамічнай ізаляцыі рэжыму,
  • разгайдаць яшчэ мацней няўстойлівасць рэжыму,
  • прадэманстраваць Пуціну, што ягоны план не спрацаваў, што беларусы не змірыліся і тут лавіць няма чаго,
  • прадэманстраваць еўрапейскім і амерыканскім саюзнікам, што за нас трэба змагацца (бо навошта змагацца за тых, хто сам за сябе не змагаецца?).

Удзел дапаможа легітымізаваць Лукашэнку? Уладам выгадны ўдзел?

Такое адчуванне, што гэта пішуць людзі, якія сумняюцца ў здольнасці Лукашэнкі хлусіць. Ніколі не заўважаў, што Лукашэнка мае патрэбу ў яўцы для легітымізацыі. Для Лукашэнкі любая палітычная актыўнасць уяўляе небяспеку. Ён разумее, што на полі, дзе большасць супраць яго, – адзіная магчымасць утрымаць уладу – гэта абапірацца на гвалт і апатыю. Таму прапаганда раз за разам паўтарае сваё галоўнае жаданне: «ўсё супакоілася».

16 жніўня 2020 года. Mенск, Беларусь.
Фота: Белсат

Лепш байкот ці ігнараванне

Мне незразумела, як «байкот або ігнараванне» набліжаюць нас да змены ўлады Лукашэнкі. Але мне відавочна, што працягласць знаходжання яго ва ўладзе – вынік таго, што цэлыя пласты насельніцтва гадамі вызнавалі рэлігію «байкот альбо ігнараванне». Не цікавіліся палітыкаю. Не бралі ўдзелу ў выбарах. Возьмем тры распаўсюджаныя выразы:

  • «мы па-за палітыкаю»,
  • «мая хата скраю»,
  • «байкот або ігнараванне».

У чым паміж імі розніца? Я не бачу.

Удзельнікі мітынгу на падтрыманне Лукашэнкі каля Дому ўраду. 16 жніўня 2020 года. Менск, Беларусь.
Фота: Белсат

Адзіны раз у жыцці я ўбачыў у сацыяльнай сетцы, як мой суразмоўца на маё пытанне, ці страшна прыходзіць, шчыра адказаў так. І тут я з ім згодны. Страх за сябе, за блізкіх – гэта зразумелая і прымальная пазіцыя для мяне. Гэты страх абгрунтаваны: у Беларусі цяпер самыя жорсткія рэпрэсіі пасля Другой сусветнай вайны.

Але паміж якімі страхамі мы выбіраем? Паміж страхам зазнаць рэпрэсіі і правесці рэшту жыцця пад гэтай уладай. І што з гэтага страшнейшае?

Патрэбныя не выбары, а сілавы захоп улады

Магчыма, я б ставіўся да заклікаў інтэрнэт-воінаў з вялікім піетэтам, калі б бачыў нейкія вынікі ад іхных дзеянняў, акрамя ананімных каментароў у сацсетках. Вынікі ад мірнага пратэсту пералічаныя вышэй. А дзе вынікі прыхільнікаў сілавога захопу? Мінула ўжо больш за год, але іх проста няма. (Ну нельга ж сур’ёзна лічыць значным дасягненнем скіданне слоіка з фарбаю на аддзел міліцыі). Адпаведна, у мяне няма падставаў лічыць, што: а) у гэтага шляху шмат рэальных прыхільнікаў; б) прыхільнікі гэтага шляху сапраўды гатовыя да яго рэалізацыі. Адпаведна, няма падставаў лічыць гэты шлях перспектыўным.

Меркаванні
Ці гатовыя беларусы да сілавога сцэнару?
2021.09.25 12:50

Калі мы бачым, што людзі ўжо не ідуць на тое, каб публічна выказваць сваё меркаванне, бо гэта можа каштаваць пятнаццаці дзён у турме (а можа быць, і больш). Як у такой сітуацыі заклікаць людзей рызыкаваць 25 гадамі турмы і нават усім сваім жыццём?

Што пасля галасавання?

Мы не спыняемся на дні галасавання, мы працягваем барацьбу да змены ўлады. Да вызвалення палітычных зняволеных. Да справядлівых выбараў. Да судоў над злачынствамі супраць беларусаў. Столькі, колькі спатрэбіцца.

Меркаванні
Ці быў шанец узяць уладу 9 жніўня? Рэфлексія з нагоды «страчанага шанцу»
2021.09.19 15:09

Міхаіл Кірылюк / ДБ belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў