КДБ Беларусі ствараў уліковыя запісы ў Facebook і Instagram для распальвання міграцыйнага крызісу


Meta (былы Facebook) у афіцыйным паведамленні заявіла, што беларускі КДБ выкарыстоўваў падстаўныя старонкі і профілі ў Facebook ды Instagram, на якіх публікавалася ілжывая інфармацыя пра міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і Еўразвязу.

Прыклады пастоў з фэйкавымі навінамі. Скрыншот з дакладу Meta

У кампаніі паведамілі, што толькі за лістапад 2021 года выдалілі больш за 70 фэйкавых уліковых запісаў, якія былі зарэгістраваныя з тэрыторыі Беларусі і Польшчы.

«У Польшчы выдалілі 31 уліковы запіс Facebook, чатыры групы і дзве падзеі Facebook, чатыры акаўнты Instagram, якія, як мы мяркуем, былі створаныя ў Польшчы і накіраваныя на Беларусь ды Ірак. Мы выявілі гэтую дзейнасць у выніку нашага ўнутранага расследавання, калі адсочвалі крызіс, які разгортваецца на мяжы паміж Беларуссю і ЕЗ.

У Беларусі быў выдалены 41 уліковы запіс Facebook, пяць групаў і чатыры ўліковыя запісы Instagram, найпершую арыентаваныя на аўдыторыю на Блізкім Усходзе ды ў Еўропе. Мы звязалі гэта з беларускім КДБ», – гаворыцца ў дакладзе.

Адзначаюць, што пік гэтай дзейнасці пачаўся ў кастрычніку 2021 года, пры гэтым некаторыя ўліковыя запісы былі створаныя зусім нядаўна.

Людзі, якія стаяць за гэтым, выдавалі сябе за журналістаў і актывістаў з Еўрапейскага Звязу, асабліва з Польшчы ды Літвы. Некаторыя з акаўнтаў выкарыстоўвалі здымкі профіляў, верагодна, створаныя з выкарыстаннем штучнага інтэлекту. Гэтыя выдуманыя персанажы крытыкавалі Польшчу на англійскай, польскай і курдскай мовах, у тым ліку публікавалі фота і відэа, як польскія памежнікі нібыта парушаюць правы мігрантаў, ды параўноўвалі стаўленне Польшчы да мігрантаў са стаўленнем у іншых краінах.

Яны таксама размяшчалі запісы ў групах, прысвечаных дабрабыту мігрантаў у Еўропе.

Прыклады допісаў з фэйкавымі навінамі. Скрыншот з дакладу Meta
Аб’ектыў
Беларуска-польская мяжа: першыя стрэлы, новыя законы і шантаж Лукашэнкі
2021.12.01 22:40

АД, belsat.eu

Стужка навінаў