«Еўропа – кепская, а Беларусь хоча міру». Пра што казаў Макей на саміце АБСЕ ў Стакгольме


У сталіцы Швецыі працягваецца паседжанне Рады міністраў замежных справаў Арганізацыі бяспекі і супрацы ў Еўропе (АБСЕ), на якім адначасова прысутнічаюць і Святлана Ціханоўская, і міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей. Пра што казаў у сваёй прамове кіраўнік замежнапалітычнага ведамства Беларусі, распавёў у студыі «Белсату» ўкраінскі палітолаг Мікола Валкоўскі, які знаходзіцца ў сталіцы Швецыі.

«Макей скардзіўся, што Еўропа кепская, і што ЗША – кепскія, і што еўрапейскія палітыкі вядуць негатыўную палітыку супраць уладаў Беларусі. Нават успомніў пра тое, што кіраўнік дыпламатыі ЕЗ Жузэп Барэль назваў нібыта ЕЗ і ЗША валадарамі свету. І што яны такім чынам хочуць пабудаваць крэпасць…» – расказаў Мікола Валкоўскі.

Палітолаг кажа, што тры хвіліны спічу Уладзіміра Макея былі прысвечаныя таму, што ўвесь свет негатыўна настроены супраць Беларусі, а Беларусь хоча быць мірнай, хоча ўсім дапамагаць і выбудаваць ідэальную стратэгію дыпламатыі з усім светам. Але свет, маўляў, супраць.

«Я не пабачыў, што гэтая рыторыка была ўспрынятая пазітыўна сусветнымі лідарамі і міністрамі замежных спраў», – падзяліўся назіраннямі Мікола Валкоўскі.

Ён не пачуў таксама, каб у прамове Уладзіміра Макея вялася гаворка пра цяжкую палітычную сітуацыю і рэпрэсіі ўнутры краіны. Наадварот, казалася толькі пра рэпрэсіі, якія супраць Беларусі чыніць Еўропа.

Hавiны
Што свеціць Макею ў Стакгольме? Кіраўнік МЗС прыляцеў на канферэнцыю АБСЕ
2021.12.02 18:19

«Ён сцвярджаў, што гэта менавіта еўрапейскія краіны вінаватыя ў міграцыйным крызісе, што гэта акт гібрыднай вайны супраць Беларусі. Ну вы ведаеце, мне такія словы і такая рыторыка падаецца вельмі негатыўнымі. Таму што рэпрэсіі зараз усярэдзіне самой Беларусі. А тое, што адбылося на мяжы, – гэта мы ўспрымаем як акт гібрыднай вайны Беларусі сумесна з Расейскай Федэрацыяй».

Цалкам размову з палітолагам Міколам Валкоўскім, які расказаў пра падзеі першага дня на саміце АБСЕ ў Швецыі, глядзіце ў праграме «Студыя «Белсат».

ЗК, belsat.eu

Стужка навінаў