Эканаміст: Чэргі цяжкавікоў на мяжы з'явіліся, бо для існых уладаў мяжа – гэта частка гібрыднай вайны


На выезд з Беларусі ў Літву, Латвію і Польшчу ў чэргах днём 2 снежня, паводле інфармацыі Памежнага камітэту, стаялі некалькі тысячаў цяжкавікоў. Большая частка машынаў сканцэнтраваная на памежных пераходах з Літвою, дзе чарга з больш як 2500 машынаў. Эканамісты кажуць, што ўлады Беларусі такім чынам намагаюцца адпомсціць краінам Захаду за санкцыі. Але ў выніку такіх захадаў пацярпяць спажыўцы.

Сотні грузавікоў не могуць трапіць на тэрыторыю Еўразвязу каля Берасця.
Фота: Белсат

На аўтапераходах у Польшчу днём 2 снежня 850 грузавікоў стаялі ў чэргах у чаканні на агляд. На мяжы з Латвіяй сканцэнтраваліся больш за 940 грузавых аўтамабіляў. А на ўезд у Літву – 2520 цяжкавікоў.

Прадстаўнікі транспартавых кампаніяў Літвы кажуць, што такіх чэргаў не было за ўсю гісторыю працы кампаніі. Паводле выдання Delfi.lt, некаторыя кіроўцы вымушаныя чакаць 8 дзён, пакуль перакрочаць мяжу.

Эканаміст Яраслаў Раманчук выказвае меркаванне, што такую сітуацыю штучна ствараюць улады Беларусі:

«Для існых уладаў мяжа – гэта частка гібрыднай вайны. Таму сёння чэргі на мяжы – асіметрычны, як лічаць улады, адказ на санкцыі ЕЗ. Таму недаатрыманыя прыбыткі для ўласнікаў грузавікоў, якія захраслі на мяжы, – невялікая частка тых стратаў афіцыйнага Менску ад абмежавальных захадаў ЕЗ».

Але ў выніку, як лічыць эканаміст, такая палітыка прывядзе не да нейкіх станоўчых момантаў для афіцыйнага Менску, а наадварот. Краіна ў перспектыве можа страціць транзіт.

«У доўгатэрміновай перспектыве такая сітуацыя цягне за сабою дадатковыя выдаткі для перавознікаў і будзе выклікаць рост коштаў для спажыўцоў. Таму разглядаюць і іншыя маршруты. Калі б сітуацыя ва Украіне была іншая, то перавознікі паехалі б праз тэрыторыю Украіны. Але там пакуль няма інфраструктуры. Таму Лукашэнка карыстаецца сітуацыяй. Гэта феномен бутэлькі з вузкім горлам. Улады займаюцца дробным шантажом, ставяць шлагбаум там, дзе мае магчымасць», – адзначае эканаміст.

Чэргі на грузавых дарожных пунктах пропуску. Паводле Памежнага камітэту, на 12:00 2 снежня 2021 года. Выява: Белсат

На думку Яраслава Раманчука, у чэргах цяпер галоўным чынам транзітныя фуры. Таму для Беларусі сітуацыя ў эканамічным плане не асабліва адлюструецца.

«Улады Беларусі не ўмеюць думаць катэгорыямі страчаных магчымасцяў. Тут пытанне ляжыць у дамоўленасцях паміж суседзямі: Польшча, Літва, Украіна. І пакуль абмінаць Беларусь немагчыма», – кажа Яраслаў Раманчук.

Эканаміст Сяргей Чалы звяртае ўвагу, што для перавознікаў і вытворцаў, якія маюць затрымку на мяжы праз захады рэжыму Лукашэнкі выліваюцца ў вялізныя страты. Прастой на мяжы ў чаканні каштуе вытворцам і перавознікам дзясяткі тысяч долараў кожны дзень. У выніку гэтыя страты будуць са сваёй кішэні аплочваць спажыўцы. І закране гэта не толькі замежных грамадзянаў.

«Галоўны ўдар прыйшоўся на аўтаперавозкі. Кантэйнеры пацярпяць нашмат меней. Верагодна, што іх найменей гэта закране. Таму асноўны ўдар адчуюць не міжнародныя перавознікі, а менавіта перавозкі нашых тавараў. Гэта значыць імпарт або экспарт у Беларусь. І тут галоўным чынам пацярпяць нашыя перавознікі і пасля іх – беларускія спажыўцы», – кажа Сяргей Чалы.

На думку эканаміста, такая сітуацыя не можа працягвацца доўга:

«Калі агулам гэты працэс зацягнецца, то лагістыка будзе перанакіраваная. Іншымі словамі, кіроўцы будуць абмінаць гэты пункт пропуску. І я думаю, што менавіта так і будзе».

Рэпартаж
Да мяжы з Беларуссю – восем кіламетраў. Рэпартаж з Падляшша, дзе абвешчанае надзвычайнае становішча
2021.11.10 10:30

АЯ belsat.eu

Стужка навінаў