Дні супраць гвалту. Як стыгматызацыя ЛБТК-жанчын павышае гвалт у некалькі разоў


У межах міжнароднай акцыі ААН «16 актыўных дзён супраць гендарнага гвалту», мы пагутарылі з ЛГБТК-актывісткай і ўдзельніцай фемгрупы Каардынацыйнага савету Настай Базар пра тое, што пагражае ЛБТК-жанчынам, – і чаму гэта істотна для ўсіх беларусаў.

Наста Базар, беларуская феміністка і экспертка ў сферы альтэрнатыўнай адукацыі.
Фота: ЯА / Белсат

Наста Базар перакананая, што жанчыны першапачаткова трапляюць у дыскрымінаваны стан, а прадстаўніцы ЛБТК цярпяць ад гэтага ўдвая мацней:

«Вядомы факт, што жанчыне цяжэй, чым мужчыну, пабудаваць кар’еру, зарэкамендаваць сябе, здабыць аўтарытэт. Ёй трэба зрабіць нашмат больш, каб яе ўспрымалі на тым жа ўзроўні, як і мужчыну. А калі мы гаворым пра ЛБТК-жанчын, то такая жанчына нават не ўпісваецца ў групу людзей, якіх называюць жанчынамі. Гэта пра гамафобію, пра непрыязнасць іншых людзей, пра рэлігійнасць нашага грамадства. Кожны чалавек ЛГБТК-суполкі будзе дыскрымінавацца. Але калі мы кажам пра ЛБТК-жанчын – гэта падвоеная дыскрымінацыя».

Hавiны
«Жанчына сама правакуе мужчыну». І яшчэ 15 памылковых меркаванняў пра гвалт
2021.11.25 07:30

«Ёсць стэрэатып пра тое, што жанчына мусіць пабрацца шлюбам і нарадзіць дзіця»

У Крымінальным кодэксе ёсць два артыкулы (130 і 190), якія прадугледжваюць пакаранне за дыскрымінацыю чалавека паводле сацыяльна-групавой ідэнтыфікацыі, але да рэальных разбіральніцтваў справа пакуль не даходзіла.

«У нас дагэтуль ёсць злачынствы на глебе нянавісці, але я не ведаю гісторыяў, калі ў судзе ці ў іншым разбіральніцтве гэтая фармулёўка фігуруе. Калі ёсць гвалт ці кагосьці не бяруць на працу, то гэта разглядаецца як сварка паміж людзьмі, а не як дыскрымінацыя ці злачынства на глебе нянавісці. Найчасцей ЛБТК-жанчыны, як і ўся ЛГБТК-суполка, сутыкаюцца з дыскрымінацыяй ад рэлігійных людзей, але і ад звычайных людзей ёсць гамафобія. Аднак мне здаецца, што большасць людзей нават не задумваецца пра тое, што ёсць такая супольнасць, ім здаецца, што гэта недзе далёка, за мяжой, і не ведаюць, што ў кожнага насамрэч ёсць знаёмая ЛБТК-жанчына, якая проста не кажа аб гэтым, бо для яе гэта небяспечна. Гэта дыскрымінацыя пры прыёме на працу. Бывае дыскрымінацыя з боку родных, бо ёсць стэрэатып пра тое, што жанчына мусіць пабрацца шлюбам і нарадзіць дзіця. І калі жанчына доўгі час не бярэ шлюбу, на яе аказваецца вялікі ціск, маральны гвалт», – кажа Базар.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Michal Kosc / Forum

Суразмоўца belsat.eu адзначыла, што ЛБТК-жанчыны яшчэ мацней могуць цярпець ад хатняга гвалту, чым гетэрасексуальныя жанчыны:

«Я ведаю гісторыі, калі жанчыны пасля разводу пачынаюць стасункі з жанчынамі, і былыя мужы могуць іх шантажаваць, прыніжаць і буліць. Ёсць і асобная праблема хатняга гвалту. У нас высокі ўзровень віктымблэймінгу (абвінавачванне ахвяры), і жанчыны ў прынцыпе баяцца казаць пра тое, што адбываецца ў сем’ях. А калі жанчына прыйдзе ў міліцыю і скажа, што яе збіла партнёрка, то яе чакае не толькі абвінавачанне, хоць яна і ахвяра, а яшчэ і насмешкі, абразы і гэтак далей. Мы ведаем, што жанчынам вельмі складана сыходзіць са стасункаў, дзе ёсць гвалт. А ЛБТК-жанчынам яшчэ складаней, бо ЛГБТК-супольнасць маленькая: не вядома, як пазнаёміцца, як знайсці стасункі, і гэта прымушае жанчыну трымацца таго, што ёсць, бо невядома, ці будуць увогуле стасункі. І гэта ўплывае на тое, каб жанчына заставалася ў аднаполых стасунках, нават калі там гвалт».

«Ёсць выпадкі, калі з лесбіянкай займаюцца сексам мужчыны, каб «выправіць» лесбійства»

Базар таксама распавяла, што ЛБТК-жанчын збіваюць за тое, што яны лесбіянкі:

«На жаль, ёсць такія выпадкі, калі з лесбіянкай займаюцца сексам мужчыны, каб «выправіць» яе лесбійства. Гэта, безумоўна, сексуальны гвалт. Гэта ўсё ёсць у Беларусі, але гэта вельмі стыгматызаваная тэма, і жанчыны пра гэта не кажуць».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Jorge Silva / Reuters / Forum

Ініцыятыва «Дело пи_» праводзіла даследаванне, паводле якога 60 % ЛБТК-жанчын не наважваюцца сказаць пра сваю арыентацыю нават у сям’і, бо не разлічваюць на падтрыманне ці хаця б прыняцце блізкіх людзей.

«Мы бачым альбо нейкія добрыя сітуацыі, калі бацькі прымаюць сваю ЛБТК-дачку, альбо наадварот, нейкія жахлівыя гісторыі, калі выганяюць з дому ці намагаюцца лекаваць яе, ці нейкая такая лухта. А насамрэч гэтае даследаванне і назіранні людзей, якія займаюцца гэтай тэмай у Беларусі, паказваюць, што большасць бацькоў займаюць такую нейтральную пазіцыю. То бок, добра, ты мая дачка, я цябе люблю, толькі ты нікому не кажы, і я таксама нікому не скажу. Я разумею такіх бацькоў, бо ім таксама страшна не мець падтрымкі ад грамадства. А гэта базавая патрэба – прыняцце чалавека такім, які ён або яна ёсць. І гэта ў сям’і так, то што можна казаць пра грамадства агулам? Тым больш, што гэта можа стаць нагодай, каб прыйшлі да жанчыны з сацыяльных службаў і пачалі пытацца, шукаць нейкія нагоды, каб паставіць на СНС ці адабраць дзіця. Гэта небяспека з боку гамафобаў, якія пагражаюць фізічным гвалтам», – распавядае актывістка.

Яна прызналася, што ў пэўны момант свайго жыцця злавіла сябе на думцы, што для яе быць гетэрасексульнай жанчынай у беларускім грамадстве больш бяспечна:

«Як падтрымаць сябе? Проста прызнацца сабе, што пакуль ты будзеш закрываць сябе, спрабаваць быць такой, якая патрэбная ці падаецца патрэнай грамадству, то не зможаш будаваць свайго жыцця, не зможаш быць у ладзе са светам. Першае – гэта праца з унутранай гамафобіяй, з якой сутыкалася большасць жанчын. Трэба гэта прыняць і адгараваць».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: JAVIER BARBANCHO / Reuters / Forum

Гэтыя прычыны Наста называе асноўнымі нагодамі таго, што жанчыны не прызнаюцца ў сваёй сексуальнай арыентацыі.

«Калі б больш людзей сказалі, што яны ЛГБТК, то нешта б змянілася. Найперш змянілася б агулам стаўленне людзей, бо я ўпэўненая, што людзі б даведаліся, што сярод іх знаёмых ёсць ЛБТК-жанчына і яна нармальная, то гэта б змяніла б цалкам стаўленне грамадства. Але я таксама разумею кожную жанчыну, якая не становіцца публічна лесбіянкай, бо гэта насамрэч небяспечна. Гэтая небяспека ідзе як ад грамадства, так і ад уладаў. Цяпер, з улікам таго, што адбываецца ў Беларусі, стаць адкрытай ЛБТК-жанчынай – гэта супернебяспечна.

«У ЛГБТК-суполцы прысутнічае патрыярхат і прывілеі мужчынаў-геяў»

А пра тых, хто з’ехаў, гэта была б мая мара, каб вядомыя жанчыны ў апазіцыі, палітыцы, блогеркі і іншыя, калі б яны маглі б сказаць, што яны ЛБТК-жанчыны, – гэта была б вялізная падтрымка і для тых жанчын, што засталіся ў Беларусі. Бо пра гэта трэба гаварыць, і трэба менавіта зараз, бо гэта правы чалавека, і гэта вельмі істотна», – разважае актывістка.

Яна падкрэсліла, што ў Беларусі, як і ва ўсім свеце, нават ЛГБТК-суполка таксама патрыярхальная:

«Усё роўна ў ЛГБТК-суполцы прысутнічае патрыярхат і прывілеі мужчынаў-геяў. І атрымліваецца, што жанчыны і тут маюць менш падтрымання. Я перакананая, што калі б было больш падтрымкі, асабістай, псіхалагічнай, любой, была б і магчымасць у жанчын заявіць пра сябе».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: NACHO DOCE / Reuters / Forum

Цяпер у Беларусі знішчаныя амаль усе грамадскія аб’яднанні, а падтрыманнем ЛБТК-жанчын займалася ўсяго адна супольнасць.

«Былі і ёсць людзі, якія падтрымліваюць ЛГБТК агулам. Усе арганізацыі, якія займаюцца фемінісцкімі пытаннямі, яны, безумоўна, лаяльныя да ЛГБТК-супольнасці, бо гэта правы чалавека. Звычайна ідзе падтрымка праз нейкія агульныя імпрэзы, дзе ты знаёмішся з людзьмі і разумееш, каму можна давяраць, хто цябе не асудзіць. Але пры гэтым вельмі цяжка пайсці ў суд з нейкай справай ЛБТК і вытрываць усе гэтыя насмешкі і ціск, які і так цярпіць кожная жанчына. Я за тое, каб цяпер працаваць сам-насам, бо ў Беларусі знішчаны сектар НДА і ты ў інтэрнэце не знойдзеш арганізацыю. Таму цяпер час нізавога актывізму, час глядзець на арганізацыі за мяжой, фемінісцкія арганізацыі і разлічваць на сястрынства, бо мы будзем шукаць магчымасці падтрымаць адна адну», – паведаміла Наста.

Калі ў вас ёсць ЛБТК-сяброўка, то Наста раіць падтрымліваць яе і спытацца, як найлепш яе падтрымаць менавіта як асобу, а «не рабіць акцэнт на тым, што яна ЛБТК-жанчына».

Інтэрв’ю
Сацыяльна небяспечнае становішча як інструмент гвалту над жанчынамі
2021.11.26 07:30

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў