ЗША чакае правы паварот? Праз тыдзень пройдуць прамежкавыя выбары


У наступны аўторак, 8 лістапада, у Злучаных Штатах Амерыкі пройдуць выбары, называныя прамежкавымі – роўна пасярэдзіне паміж прэзідэнцкімі. У гэты дзень грамадзяне ЗША выберуць усю ніжнюю палату Кангрэсу і траціну верхняй, губернатараў 39 штатаў і тэрыторыяў, а таксама шэраг заканадаўчых органаў штатаў. Але галоўная ўвага звернута да выбараў у Кангрэс. Чакаецца рэванш рэспубліканцаў. Што ён прынясе ЗША і Украіне?

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Liu Jie / Xinhua News Agency / Forum

Каго выберуць 8 лістапада?

Федэральны парламент – Кангрэс ЗША:

  • Палату прадстаўнікоў – усіх 435 кангрэсменаў;
  • прыкладна траціну Сенату – 35 чалавек з 100.

А таксама рэгіянальныя ўлады:

  • губернатараў 39 штатаў і тэрыторыяў;
  • заканадаўчыя органы некаторых штатаў.

Чаму менавіта ў гэты дзень?

ЗША – краіна традыцый. Працэдуру выбараў усталёўвалі ў XIX стагоддзі, калі краіна была аграрнай і рэлігійнай. У 1845 годзе Кангрэс пастанавіў, што галасаванне будуць ладзіцца менавіта ў першы аўторак пасля першага панядзелка лістапада, таму што палявыя працы ўжо завяршыліся, у нядзелю ўсе абавязкова ішлі ў царкву. Аўторак жа выбралі таму, што камусьці з фермераў патрабавалася больш часу, каб дабрацца да выбарчага ўчастку.

З таго часу кожныя два гады ў першы аўторак пасля першага панядзелка лістапада амерыканцы ідуць выбіраць прэзідэнта, чальцоў Палаты прадстаўнікоў і сенатараў, губернатараў і чальцоў заканадаўчых сходаў свайго штату, мэраў і муніцыпальныя органы ўлады.

Чаму выбары праходзяць асобна?

Выбары ў ЗША мэтанакіравана разведзеныя па розных гадах чатырохгадовага выбарчага цыклу. Чаму чатыры гады? Гэта тэрмін прэзідэнцкіх паўнамоцтваў. На прыкладзе 2020–2024 гадоў гэтая сістэма выглядае так:

  • 2020 год: выбары прэзідэнта, ⅓ Сенату і ўсёй Палаты прадстаўнікоў, а таксама шэрагу губернатараў, мэраў, рэгіянальных заканадаўцаў, уладаў на месцах;
  • 2021 год: рэгіянальныя і муніцыпальныя выбары ў іншых штатах і гарадах;
  • 2022 год: выбары ⅓ Сенату, зноў усёй Палаты прадстаўнікоў, а таксама зноў некаторых губернатараў, мэраў, заканадаўцаў штатаў і мясцовых органаў улады;
  • 2023 год: зноў абіраюцца ўлады на ўзроўні шэрагу штатаў, тэрыторыяў, гарадоў;
  • 2024 год: прэзідэнцкія выбары, ⅓ Сенату, усёй Палаты прадстаўнікоў, некаторыя рэгіянальныя і муніцыпальныя ўлады.

Такая сістэма дазваляе рэгулярна абнаўляць палітыкаў на кіроўных пасадах, але не дазваляць каму б там ні было сканцэнтраваць уладу ў сваіх руках. Выбраныя на чатыры гады прэзідэнт і губернатар, як правіла, працуюць з лаяльным ім Кангрэсам (федэральным або штату) толькі палову тэрміну.

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн выступае перад Кангрэсам. Вашынгтон, ЗША. 2 сакавіка 2022 года.
Фота: Эвелін Хохштэйн / Reuters / Forum

Чым займаецца Кангрэс?

Палата прадстаўнікоў абіраецца кожныя два гады, у цотныя гады. Яна складаецца з 435 кангрэсменаў і грае вялікую ролю ў прыняцці законаў, зацвярджэнні (ці не) бюджэту. Палата прадстаўнікоў мае права праводзіць расследаванні ў дачыненні прадстаўнікоў выканаўчай улады, у тым ліку прэзідэнта. Менавіта ніжняя палата Кангрэсу ЗША выносіць імпічмент, які потым разглядаюць сенатары.

Сенат, які складаецца з 100 чальцоў, мае права зацвярджаць кандыдатуры на дзяржаўныя пасады, у прыватнасці, чальцоў Вярхоўнага суда. Сенатараў абіраюць на шэсць гадоў, таму ў кожны цотны год праходзяць выбары каля траціны са 100 чальцоў верхняй палаты парламенту ЗША.

Такім чынам, Кангрэс ухваляе бюджэт, прымае або адмяняе законы, уводзіць падаткі, зацвярджае чыноўнікаў, дыпламатаў і чальцоў Вярхоўнага суда, можа адправіць прэзідэнта ў адстаўку, праводзіць уласныя расследаванні.

Без апоры на Кангрэс ні адзін прэзідэнт, які б ён ні быў папулярны і наколькі б ні была эфектыўная ягоная адміністрацыя, не можа рэалізаваць сваіх планаў. Праўдзіва і адваротнае: нават пры падтрыманні парламенту слабы прэзідэнт і неэфектыўная адміністрацыя не будуць паспяховыя.

Інтрыга гэтых выбараў

ЗША – краіна з двухпартыйнай сістэмай, якая працуе паводле прынцыпу ківача. Таму традыцыйна прамежкавыя выбары прыносяць паразу прэзідэнцкай партыі і наступныя два гады кіраўнік дзяржавы вымушаны дамаўляцца з апазіцыяй, якая атрымала большасць у Кангрэсе.

Цяперт у Палаце прадстаўнікоў большасьць – дэмакраты, 221 месца з 435. Рэспубліканская партыя мае 212 мандатаў, яшчэ два – вакантныя. У Сенаце абедзве партыі маюць па 50 галасоў, але ў дэмакратаў ёсць перавага: віцэ-прэзідэнт, які ачольвае Сенат, мае права вырашальнага голасу, і цяпер гэта прадстаўніца Дэмакратычнай партыі Камала Гэрыс (Kamala Harris).

Эксперты адзначалі, што для дэмакратаў важна захаваць кантроль над Сенатам і страціць не надта шмат месцаў у Палаце прадстаўнікоў, а ў рэспубліканцаў ёсць задача-мінімум – большасць у ніжняй палаце, і задача-максімум – вярнуць кантроль над усім Кангрэсам.

Першапачаткова здавалася, што перамога рэспубліканцаў немінучая і будзе сакрушальнай. Але потым электарат дэмакратаў ускалыхнула рашэнне Вярхоўнага суда аб магчымасці забараняць аборты, і гэта выклікала кароткачасовае паляпшэнне пазіцыяў Дэмакратычнай партыі, а рэйтынг Джо Байдэна нават вырас з 33–37 % да 37–43 %. Сваю ролю адыграў і пераслед паплечнікаў Доналда Трампа, і скандальны ператрус у ягоным маёнтку. Да лістапада стала відавочным, што рэспубліканцы ўсё ж перамогуць, пытанне толькі ў тым, ці возьмуць яны толькі Палату прадстаўнікоў або атрымаюць большасць і ў Сенаце.

Hавiны
У ЗША адмянілі канстытуцыйнае права на аборт. Пачаліся масавыя пратэсты
2022.06.25 12:40

Рэч у тым, што левая Дэмакратычная партыя прасоўвае дазвол на аборты, «пазітыўную дыскрымінацыю», гендарную праблематыку, тэму змянення клімату, тады як правая Рэспубліканская партыя акцэнтуе ўвагу на тэмах накшталт інфляцыі (8–9 %), росце коштаў на бензін, раўнапраўі незалежна ад расы, моцным росце злачыннасці, міграцыйным крызісе.

Паводле прагнозу «RealClearPolitics», месцы ў Кангрэсе размяркуюцца так:

  • у Палаце прадстаўнікоў 228 месцаў атрымаюць рэспубліканцы, 174 – дэмакраты, яшчэ 33 акругі пакуль непрадказальныя;
  • у Сенаце рэспубліканцы атрымаюць 48 месцаў, а дэмакраты – 45, хто ж зойме яшчэ сем крэслаў, пакуль незразумела. Чакаецца 53 рэспубліканца, 47 дэмакратаў.

Праект  270toWin дае больш асцярожныя лічбы, але таксама прагназуе кантроль рэспубліканцамі як мінімум над Палатай прадстаўнікоў.

Акрамя таго, вельмі верагодная перамога рэспубліканцаў на выбарах губернатараў у трох штатах, дзе цяпер кіруюць дэмакраты. Дарэчы, увага многіх назіральнікаў будзе звернута на губэрнатарскія выбары ў Флорыдзе – цяперашні кіраўнік штату Рон ДэСантыс (Ronald Dion DeSantis) лічыцца найбольш папулярным рэспубліканцам пасля Трампа і верагодным кандыдатам на прэзідэнта.

Губернатар Фларыды Рон ДэСантыс на перадвыбарнай сустрэчы. Тампа, ЗША. 24 жніўня 2022 года.
Фота: Octavio Jones / Reuters / Forum

Чаго чакаць ад рэспубліканскага Кангрэсу?

Часта можна сустрэць сцвярджэнні аб тым, што, атрымаўшы перамогу на выбарах, рэспубліканцы перастануць дапамагаць Украіне. У якасці прыкладу прыводзяць незадаволеныя заявы рэспубліканцаў аб маштабах дапамогі, забываючы аб кантэксце – становішчы ў краіне.

Лідар меншасці ў ніжняй палаце Кевін МакКарці (Kevin McCarthy) паабяцаў у выпадку кантролю рэспубліканцаў над Кангрэсам зрабіць больш жорсткім кантроль за дапамогай, якая надаецца Украіне. Гэта значыць, што рэспубліканцы не спыняць пастаўляць зброю і грошы, але будуць дбайней сачыць за тым, каб пастаўкі не раскрадалі.

Як вядома, у Дэмакратычнай партыі таксама ёсць адгалінаванне, якое скептычна ставіцца да дапамогі Кіеву. У канцы кастрычніка група з 30 кангрэсменаў-дэмакратаў накіравала Байдэну пасланне з патрабаваннем завяршыць вайну Расеі супраць Украіны шляхам перамоваў з Крамлём. У Белым доме выказалі незадаволенасць гэтым лістом – ці то тым, што яго апублікавалі да выбараў, ці то здагадкай, што можна весці перамовы аб Украіне без удзелу Украіны.

Такім чынам, у прыярытэце ў рэспубліканцаў будзе ўнутраная палітыка (нездарма прыхільнікі Трампа любяць нагадваць, што ён быў адзіным прэзідэнтам за апошнія 40 гадоў, які не ўвязаўся ў якую-небудзь вайну). Верагодна, яны не стануць падаўжаць паўнамоцтваў камісіі 6 студзеня, дзеянні якой выклікаюць у грамадстве супярэчлівыя пачуцці – левыя бачаць у іх панаванне дэмакратыі і дыктатуру закону, а правыя разглядаюць як звядзенне рахункаў з палітычнымі канкурэнтамі і нагадваюць пра больш маштабныя пагромы BLM, якія Дэмакратычная партыя падтрымвала.

Напэўна, рэспубліканцы згорнуць і расследаванні ў дачыненні Трампа, якія лічаць палітычна матываванымі. Замест гэтага яны, верагодна, разгорнуць следства аб праблеме карупцыі ў асяроддзі і сям’і Байдэна – у прыватнасці, скандальнага прэзідэнцкага сына Гантэра Байдэна (Robert Hunter Biden), а таксама сярод кіраўніцтва дэмакратаў (напрыклад, сямейства цяперашняй спікеркі Палаты прадстаўнікоў 82-гадовай Нэнсі Пэлоўсі (Nancy Pelosi).

Не выключана і верагоднасць абвяшчэння імпічменту Байдэну – не толькі ў якасці захады ў адказ за імпічменты Трампу (першы быў заснаваны на непраўдзівых звестках, другі быў сімвалічным, бо абвешчаны ўжо пасля заканчэння паўнамоцтваў), хоць абодва разы таго і апраўдаў Сенат. Рэспубліканцы лічаць амаль 80-гадовага Байдэна няздольным кіраваць краінай па стане ментальнага здароўя і прафесійных якасцях, яму ўзгадваюць не толькі праблемы з эканомікай, некантраляваную міграцыю, рост злачыннасці, але і зневажальныя ўцёкі амерыканскіх войскаў з Афганістану, дзякуючы чаму ў талібаў з’явілася сучасная зброя. Праўда, адхіленне ад пасады Джо Байдэна зробіць прэзідэнтам яшчэ больш непапулярную Камалу Гэрыс, якую некаторыя эксперты увогуле называюць некампетэнтнай.

Таксама рэспубліканцы нагадваюць, што патрабавалі ўвядзення санкцыяў супраць кіраўніцтва Расеі яшчэ задоўга да пачатку вайны, а Белы дом і дэмакраты ў Кангрэсе выступалі супраць і адмаўляліся ціснуць на Крэмль (так, сенатар Тэд Круз, патрабуючы санкцыяў супраць трубаправода «Паўночная плынь – 2», блакаваў прызначэнні ў Дзярждэпартамент, а яму ў Белым доме адказвалі, што пры Байдэне санкцыяў супраць РФ не будзе).

Hавiны
Дзярждэпартамент ЗША: «Лукашэнка клапоціцца толькі пра свае інтарэсы»
2022.10.13 14:42

Здымаць санкцыі супраць рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі рэспубліканцы не плануюць. Замест гэтага яны будуць пераглядаць ініцыятывы адміністрацыі Байдэна для размеркавання бюджэтных сродкаў і, у выпадку вакансіі ў Вярхоўным судзе, зацягнуць працэс прызначэння новага суддзі. Таксама пры рэспубліканскім Кангрэсе немагчымыя радыкальныя рэформы як Вярхоўнага суда (дэмакраты хочуць зрабіць яго лаяльным сабе), так і сістэмы галасавання (рэспубліканцы лічаць некатраляванае паштовае галасаванне крыніцай укідаў і фальсіфікацыяў). Затое новыя санкцыі не выключаныя – калі правы Кангрэс палічыць іх не менш моцнай зброяй, чым HIMARS.

Іван Аляксееў / Авер belsat.eu

Стужка навінаў