Колькі каштуе медыцына ў Беларусі, Украіне, Польшчы, Літве і Грузіі? 


Паглядзелі, якая цяпер сітуацыя з цэнамі на самыя запатрабаваныя медычныя паслугі ў Беларусі ў параўнанні з суседнімі краінамі і як выглядае наша краіна ў розных медычных рэйтынгах. 

Сістэмы аховы здароўя могуць вельмі адрознівацца ў суседніх краінах, розняцца і цэны на медычныя паслугі. Часам беларусы выязджаюць за мяжу, каб палячыць зубы ці прайсці нейкае абследаванне, а часам і замежнікі наведваюць Беларусь з такою ж мэтай. Яшчэ нядаўна нашая краіна планавала зарабляць валюту на медычным турызме. Ці праўда, што ў Беларусі танная і добрая медыцына?

Цэны без страхоўкі

Параўналі цэны на некаторыя паслугі ў прыватных медычных цэнтрах. Наш «пакет» – некалькі распаўсюджаных паслуг, але наўрад гэта набор, які цалкам спатрэбіцца канкрэтнаму чалавеку. Суму прыводзім для параўнання агульнага ўзроўню цэнаў паводле краінаў.

Вынікі такія: Украіна і Беларусь маюць блізкія цэны, Грузія на 16 % даражэйшая за Беларусь, Польшча – на 74 %, Літва – на 88 %.

Цэны на некаторыя паслугі прыватных медычных цэнтраў у еўра, станам на 21 кастрычніка 2022 года. Выява: Белсат

Медыцына ў Беларусі ўмоўна бясплатная (фінансуецца з падаткаў насельніцтва, але калі не лічыць падаткаў, шмат паслуг для беларусаў і большай часткі замежнікаў, якія жывуць у Беларусі, бясплатныя), таму для параўнання возьмем цэны самага папулярнага прыватнага медычнага цэнтру. Калі ён не робіць нейкага аналізу ці працэдуры, бярэм першае, што падкажа пошук «Google». У іншых краінах бяром цэны самага папулярнага медцэнтру або, калі няма адзінага буйнога, збіраем цэны на розныя паслугі паводле прынцыпу «што «Google» параіць». Усе цэны праводзім у еўрах.

Аналітыка
Каму будзе належаць прыватная медыцына ў Беларусі?
2022.06.02 18:56

Цэны на страхоўку

З медычнаю страхоўкаю шмат паслуг будуць бясплатнымі ці таннейшымі. Набор паслуг, вядома, не аднолькавы ў розных краінах, нават адна кампанія можа прапаноўваць розныя варыянты.

Цэны на найчасцей рэкамендаваныя ў інтэрнэце варыянты такія.

  • Беларусь. У дзяржаўных установах медыцына збольшага бясплатная, бо аплочаная з падаткаў, але шмат каму не падабаецца якасць медычных паслуг ад дзяржавы. Дадатковую добраахвотную медычную страхоўку даюць працаўнікам некаторыя працадаўцы. Цэны на гэтае страхаванне вельмі розныя, але, напрыклад, «Белдзяржстрах» прапануе плаціць па 170 рублёў за год за страхавую суму 2000 рублёў (гэта 5,73 еўра на месяц са страхавою сумаю 810 еўраў). Таксама прапануюць страхавую суму 5000 долараў пры плацяжах 300 долараў за год (25 долараў за месяц – амаль столькі ж у еўрах).
  • Украіна. Базавая медычная дапамога ва Украіне бясплатная, але спіс бясплатных паслуг не настолькі шырокі, як у Беларусі. Прынамсі да пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне добраахвотнае медычнае страхаванне там было вельмі пажаданым, але падчас вайны некаторыя прыватныя клінікі сталі надаваць дапамогу бясплатна. Добраахвотнае медычнае страхаванне прапануюць у шматлікіх варыянтах. Напрыклад, за страхавую суму 100 тысяч грыўняў за год (каля 2712 еўраў) трэба плаціць ад 2354 грыўняў за год (гэта 5,32 еўра за месяц).
  • Грузія. Усё складана. Кажуць, што «ўся медыцына ў Грузіі платная». Фармальна гэта не зусім так (грамадзянам некаторыя паслугі бясплатныя), але фактычна прыватная медычная страхоўка ў многіх выпадках абавязковая, у астатніх – вельмі пажаданая. Страхоўка можа пакрываць розны адсотак цаны медычных паслуг. Напрыклад, калі страхоўка пакрывае неадкладную дапамогу і 30 % ад сумы лекавання, плаціць давядзецца ад 50 лары (18 еўраў) за месяц. Але камусьці варта будзе выбраць больш дарагую страхоўку. Некаторыя пастанаўляюць лекавацца не ў Грузіі, а ў іншых краінах, хоць і ў Грузіі, як кажуць, ёсць някепскія клінікі. Шукаць добрага доктара лепей праз знаёмых або праз чаты. Чэргі на прыём да вузкіх спецыялістаў невялікія, але выплаты па страхоўцы можна чакаць доўга.
  • Польшча. Трэба плаціць 606,55 злотага або 128 еўраў за месяц праз Установу сацыяльнага страхавання (ZUS) і Нацыянальны фонд здароўя (NFZ). Звычайна за яго плацяць працадаўцы, у бальшыні выпадкаў гэтае страхаванне абавязковае. Яно пакрывае шмат якія, але далёка не ўсе працэдуры. І не ўсе клінікі працуюць з NFZ, і ў тыя, што з NFZ працуюць, можа быць цяжка запісацца на бліжэйшыя дні, а часам і месяцы. Таму часта ў Польшчы раяць купляць дадатковую страхоўку. Папулярная прыватная медычная страхоўка каштуе 80–287 злотых, або 17–61 еўраў за месяц.
  • Літва. Абавязковае медычнае страхаванне (PSD) у Дзяржаўным фондзе медычнага страхавання (VLK) звычайна працадаўца ці дзяржава плоціць 50,95 еўра за месяц. Дзяржаўная страхоўка дае доступ да даволі якасных паслуг, хіба можна сутыкнуцца з чэргамі да лекараў у перыяд сезонных хваробаў. Іншыя медычныя страхоўкі рэкамендуюць рэдка, але дакупіць прыватную пры жаданні можна.

То бок Беларусь «умоўна бясплатная» (як умоўна бясплатныя відэагульні, дзе давядзецца плаціць, калі хочаш камфорту ці перамогі), Украіна самая танная, у Польшчы самая дарагая страхоўка, Грузія самая непрадказальная, а Літва хоць дарагая, але самая прадказальная.

Каментар
Лекары масава звальняюцца, у краіне тысячы вакансіяў медперсаналу
2022.09.02 16:42

Дзе лепей?

Ацаніць якасць медыцыны не так і проста. Напрыклад, можна паглядзець на працягласць жыцця людзей, колькасць вылекаваных ад канкрэтнай хваробы або смяротнасць у нейкім веку. Але на гэтыя фактары ўплывае не толькі праца медыкаў, але і экалогія, эканоміка, звычкі.

Сусветная арганізацыя здароўя рабіла апошні буйны агляд 191 краіны аж у 2000 годзе. Тады Беларусь была на 72-м месцы ў свеце, следам за Нікарагуа. Польшча была на 50-м месцы, Літва – на 73-м, Украіна – на 79-м, Грузія – на 114-м, а Расея – аж на 130-м.

Што цяпер? Напрыклад, часопіс «Ceoworld» мае менш дэталёвы Рэйтынг аховы здароўя за 2021 год, але толькі для 89 краінаў. Там пазіцыі такія:

  • Літва – 31-е месца,
  • Польшча – 51-е месца,
  • Беларусь – 57-е месца,
  • Грузія – 79-е месца,
  • Украіна – 81-е месца.

Сайт «Numbeo» збірае суб’ектыўныя ўражанні пра розныя аспекты жыцця ў краінах свету. Паводле адчуванняў карыстальнікаў гэтага сайту на сярэдзіну 2022 года, пазіцыі ў ахове здароўя сярод 96 краінаў такія:

  • Літва – 20-е месца,
  • Украіна – 76-е месца,
  • Польшча – 77-е месца,
  • Грузія – 78-е месца,
  • Беларусь – 92-е месца.

Брытанскі «Legatum Institute» мае Рэйтынг дабрабыту для 167 краінаў за 2021 год. У ім ацэньваюць сярод іншага параметр здароўя: стан здароўя жыхароў, доступ да сэрвісаў для добрага здароўя, сістэмы аховы здароўя, пагрозы хваробаў і фактары рызыкі, паказнікі смяротнасці. Паводле здароўя, пазіцыі такія:

  • Беларусь – 55-е месца,
  • Польшча – 56-е месца,
  • Літва – 67-е месца,
  • Грузія – 93-е месца,
  • Украіна – 104-е месца.

Паводле «голага» параметру чаканай працягласці жыцця пры нараджэнні для абодвух палоў у Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў звесткі на 2022 год аб 236 краінах і тэрыторыях такія:

  • Польшча – 80-е месца (агульная чаканая працягласць жыцця – 77 гадоў),
  • Літва – 114-е месца (74,29 года),
  • Беларусь – 131-е месца (73,25 года),
  • Грузія – 144-е месца (71,59 года),
  • Украіна – 175-е месца (68,56 года).

То бок здаравейшымі будуць палякі, але лекаваць найлепей будуць літоўцы. Медычныя паслугі крышачку таннейшыя ў Польшчы, чым у Літве, але са страхоўкай у Літве сітуацыя прасцейшая. Беларуская медыцына ўмоўна бясплатная, але дае не найлепшы вынік.

Ды калі выбіраць краіну для жыцця, трэба ўлічваць і іншыя параметры: цэны на харчаванне і жытло, заробкі і падаткі, блізкасць культуры ды іншае.

Аналітыка
Дзе таннейшыя прадукты? «Закупіліся» на 50 тавараў у Беларусі, Польшчы, Украіне, Літве і Грузіі
2022.06.19 09:05
Аналітыка
За колькі здаюць кватэры ў Варшаве, Вільні, Рызе, Тбілісі і Ерэване? Шукаем двухпакаёўку не ў цэнтры
2022.06.15 11:02
Гісторыі
«Лекар – чалавек, якому больш за ўсіх трэба». Як медыцына прывяла жыхарку Менску ў навуку, потым у ЗСУ. Цяпер яна шукае працу ў Польшчы
2022.10.21 18:08

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў