Аляксей Кулеба: Кіеў і вобласць могуць быць без святла некалькі тыдняў


Існуе вялікая пагроза, што Кіеў і Кіеўская вобласць застануцца без святла на некалькі тыдняў. Аб гэтым у інтэрвʼю «hromadske» паведаміў кіраўнік Кіеўскай абласной ваеннай адміністрацыі Аляксей Кулеба.

Кіраўнік Кіеўскай АВА Алексей Кулеба пад час інтэрвʼю «hromadske».
Фота: Аляксандр Хаменка / hromadske / hromadske.ua

Паводле кіраўніка Кіеўскай АВА Аляксея Кулебы, адсутнасць электрычнасці ў Кіеве і Кіеўскай вобласці – гэта найгоршы сцэнар энергетычнага крызісу, які можа здзеяцца, калі Расея працягне наносіць ракетныя ўдары па крытычнай інфраструктуры, а ўкраінскае ПВО не зможа з гэтым справіцца.

«Калі будуць пашкоджанні, якія мы зможам аднавіць праз два тыдні, то гэта будзе сведчыць аб тым, што нам два тыдні трэба пратрымацца. Калі будуць іншыя пашкоджанні, то працэс рамонту можа заняць і больш часу альбо, наадварот, менш. Ёсць рэальная пагроза, што мы на тэрмін да дзвюх тыдняў можам апынуцца без святла. І мы ўжо гатовы да гэтага», – сказаў Аляксей Кулеба.

Таксама ракетныя абстрэлы энергетычнай інфраструктуры могуць прывесці да таго, што працяглы час можа не быць ацяплення. Для такога выпадку ў Кіеўскай вобласці ёсць 750 стацыянарных пунктаў абагрэву. Гэтыя пункты абсталяваны адпаведнымі генератарамі, там ёсць ежа, запасы вады.

«Гэта ўкрыцці, якія дазваляюць быць у цяпле і бяспецы», – паведаміў Кулеба.

Кулеба звярнуў увагу на тое, што пасля 10 кастрычніка сітуацыя сур’ёзна змянілася, расійскае войска пачало мэтанакіравана разбураць крытычныя аб’екты энергетычнай інфраструктуры Украіны.

«Мы разумеем, што Кіеўская вобласць зноў становіцца фарпостам Кіева. Бʼюць сюды непасрэдна для таго, каб святла не было ў Кіеве. Тут пражывае вельмі шмат людзей, гэтае стварэнне такога гуманітарнага крызісу, аналагаў якога свет не бачыў 70 гадоў», – заявіў кіраўнік кіеўскай АВА.

Як паведамлялася, з-за масавых абстрэлаў інфраструктуры 31 кастрычніка частка Кіеўскай вобласці засталася без святла. Улічваючы гэта, у вобласці і ва ўсёй Украіне ўвялі экстранныя адключэнні электраэнергіі. Паводле Кулебы, у Кіеўскай вобласці пасля расейскага нападу без святла засталіся каля 400 тысяч абанентаў і адбылося аварыйнае адключэнне. Да канца дня большасць удалося падключыць. 1 лістапада пачалі планавыя адключэння двойчы ўдзень, у сярэднім па 4 гадзіны.

Hавiны
Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 1 лістапада
2022.11.01 18:47

 

Антон Тачняк  belsat.eu

Стужка навінаў