Як раней баставалі беларусы. 5 гісторыяў


Беларускае аб’яднанне рабочых заклікала баставаць з 1 лістапада 2021 года. За першы дзень паведамленні аб страйках былі толькі ад арганізатараў, пацверджанняў масавых забастовак не было. А як бывала раней?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Рабочыя «Беларуськалія» аб’яўляюць забастоўку і патрабуюць адстаўкі прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, вызвалення затрыманых пратэстоўцаў, правядзення новых прэзідэнцкіх выбараў. Менская вобласць, Беларусь. 18 жніўня 2020 года.
Фота: Віктар Драчоў / TASS / Forum

Самы масавы выступ рабочых у гісторыі Беларусі, тады яшчэ намінальна савецкай, адбыўся ў красавіку 1991 года. Пратэсты 2020 года, магчыма, выклікалі забастоўкі, здольныя прэтэндаваць на другое месца. Ды акрамя «сінхронных» вялікіх выступаў беларусы між 1991 і 2021 гадамі ладзілі шмат меншых, часам эфектыўных забастовак.

1991: Страйкі на 98 прадпрыемствах, мітынг на 50 тысяч, перакрытая чыгунка ў Воршы

Аб гэтай забастоўцы кажуць як аб агульнанацыянальнай. Як пачаўся той пратэст, расказваў Сяргей Навумчык, у той час дэпутат Вярхоўнага Савету БССР. 17 сакавіка прайшоў рэферэндум аб захаванні СССР, а праз два тыдні, 2 красавіка, Савет Міністраў СССР узняў цэны на харчы ды іншыя тавары ў 2–3 разы. Прыклады тагачасных цэнаў і заробкаў публікаваў Onliner.by.

Ужо 3 красавіка рабочыя Менскага электрамеханічнага заводу перакрылі вуліцу Даўгабродскую ў Менску (праз 10 гадоў тую ж вуліцу будуць перакрываць рабочыя МТЗ з патрабаваннем выплаціць затрыманыя заробкі). За МЭМЗ выйшлі рабочыя іншых заводаў, калона рушыла да Дому ўраду – там сабраліся 50 тысяч чалавек, а то і больш. Кажуць, нібы толькі з «Інтэгралу» выйшлі 30 тысяч.

На наступны дзень страйк абвясцілі ўжо дзясяткі прадпрыемстваў, у іх ліку былі МАЗ, Менскі завод шасцерняў, Менскі завод аўтаматычных лініяў. Мінуў тыдзень – страйкамы з’явіліся ў Воршы, Маладзечне, Барысаве, Салігорску, Лідзе, Гомлі… У выніку ў страйкавы камітэт увайшлі 98 прадпрыемстваў. Іх падтрымалі апазіцыя БНФ, Васіль Быкаў і Алесь Адамовіч.

Патрабаванні спачатку былі эканамічнымі, але хутка да іх дадаліся палітычныя: вывад парткамаў з прадпрыемстваў, адстаўка прэзідэнта СССР і саюзнага ўраду, новыя выбары ў Вярхоўны Савет БССР і наданне канстытуцыйнага статусу Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі.

24 красавіка рабочыя ў Воршы выставілі ўльтыматум, запатрабавалі склікаць надзвычайную сесію Вярхоўнага Савету БССР, паклаліся на рэйкі буйнога чыгуначнага вузла. У Воршу накіравалі паўтары тысячы байцоў АМАПу, увечары 25 красавіка аршанскія рабочыя спынілі страйк.

Палітычных патрабаванняў рабочых тады не выканалі, згадвае «Заўтра тваёй краіны», але ў эканамічных – пайшлі на саступкі: на наступны дзень пасля спынення аршанскага пратэсту распачаліся перамовы, урэшце падвысілі заробкі, пенсіі і кампенсацыі адпаведна росту цэнаў. Звальненняў удзельнікаў страйку, кажуць, не было.

«Беларуськалій»: пратэсты з 1989-га і ўсе 1990-я

Пасля спынення аршанскага пратэсту 1991 года працягвалі страйкаваць хіба толькі салігорскія шахцёры, іхны пратэст трываў агулам месяц, спыніўся і аднавіўся ў жніўні 1991-га – тады баставалі яшчэ месяц. Пра той пратэст «Салідарнасці» расказваў адзін з яго лідараў – Васіль Юркін.

Паводле колькасці згадак аб пратэстах і спробах адстаяць свае правы шахцёры «Беларуськалію» – перадавікі. І ў 1991 годзе быў не першы салігорскі пратэст.

Беларускі незалежны прафсаюз згадвае: калі ў ліпені-жніўні 1989 года па СССР прайшла хваля забастовак у «вугальных» рэгіёнах, салігорскія калійнікі далучыліся да патрабаванняў шахцёраў-вугальнікаў, ды страйкаваць не адважыліся. Перамовы з дэлегацыяй салігорскіх шахцёраў прайшлі ў Маскве, ды па выніку пратэстоўцы амаль нічога не атрымалі – з паўсотні патрабаванняў задаволілі нязначныя, як то забеспячэнне сталовак сурвэткамі і спецыямі. Незалежны прафсаюз гарнякоў піша – 1991-2007, рабочыя тады выстаўлялі і палітычныя патрабаванні, аж да ліквідацыі палітычнай манаполіі КПСС. У 1990 годзе патрабаванні паўтарылі і ўжо абвясцілі папераджальную забастоўку, але выканання патрабаванняў зноў не дамагліся.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. 3 красавіка 1991 года рабочыя Менскага электратэхнічнага заводу спынілі працу і разам з працаўнікамі заводу аўтаматычных ліній і заводу шасцерняў выйшлі на вуліцу. Ужо 4 красавіка на мітынг каля Дому ўрада сабралася 50 тысяч чалавек.
Фота: Сяргей Брушко. Крыніца фота: euroradio.fm

Пасля пратэстаў 1991 года салігорскія шахцёры пачалі ўтвараць структуры будучага прафсаюзу. У 1992 годзе забастоўка на «Беларуськаліі» трывала 44 дні, шахцёры і іх сваякі трымалі галадоўку 18 дзён, а 44 чалавекі зладзілі пешы паход на Менск. Пратэстоўцы дамагліся таго, што аднаму з лідараў пратэстоўцаў, Івану Юргевічу, далі трыбуну ў Вярхоўным Савеце. У выніку з рабочымі «Беларуськалію» падпісалі першае ў Беларусі тарыфнае пагадненне, падвысілі заробкі ў 3–4 разы, у наступным годзе падпісалі з рабочымі калектыўную дамову, якая скарачала шахцёрам працоўны час на гадзіну.

Салігорцы ладзілі марш на Менск таксама ў 1996-м (тады ўдзельнікаў затрымалі, аштрафавалі), роварны прабег 1997-га, масавыя пратэсты ўвосень 1998-га з яшчэ адным паходам на Менск (удзельнікаў затрымлівалі і па дарозе, і ў Менску, але пенсію для забойнай групы пагадзіліся павялічыць удвая) і «італьянскую забастоўку» (па выніках якой паднялі тарыфныя стаўкі і аклады)… Ды ў нулявых пратэсты шахцёраў ужо практычна не згадваюцца.

1995: адзіная забастоўка Менскага метрапалітэну

17 жніўня 1995 года ў Менску не адчынілі дзверы станцыяў метро. На пляцы на тэрыторыі дэпо «Маскоўскае» (што ля «Інстытуту культуры») сабраліся 900 страйкоўцаў, вялі перамовы з мэрам Менску, але не дамовіліся. Прыехаў АМАП, павёў рабочых на плошчу Свабоды, дзе быў офіс Свабоднага прафсаюзу.

Супрацоўнікі метрапалітэну абурыліся тым, што начальства скасавала артыкулы калектыўнай дамовы і тарыфнага пагаднення – гэта было яшчэ ў канцы красавіка, да пачатку забастоўкі супрацоўнікі спрабавалі дамагчыся праўды іншымі спосабамі (лістамі, судом, «прымірэнчай камісіяй»). За два дні да пачатку страйку метрапалітэнаўцаў кіроўцы гомельскіх тралейбусаў, работнікі менскіх аўтапаркаў і тралейбусных дэпо пастанавілі выходзіць на працу, але не сядаць за стырно, пакуль не падымуць заробкаў. Метро падтрымала іхны пратэст.

18 жніўня менскім страйкоўцам з наземнага транспарту выплацілі заробкі, а ўдзельнікаў страйку ў метро пачалі шантажаваць. 19-га пачалі звальняць машыністаў, прыгналі спецназ і ўнутраныя войскі да офісу Свабоднага прафсаюзу, але сілавікі не сталі нападаць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Працоўны беларускага роварнага заводу спрачаецца з міліцыянтам падчас забастоўкі ў Менску 25 лістапада 2005 года. Некалькі дзясяткаў рабочых перакрылі галоўную дарогу, патрабуючы выплаты заработнай платы.
Фота: Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

20 жніўня на менскае метро прыехалі штрайкбрэхеры з Масквы, чыгуначнікі з іншых гарадоў Беларусі, супрацоўнікі метрапалітэну пачалі аднаўляць працу. Аляксандр Лукашэнка ў той дзень выступіў на дзяржаўным тэлебачанні, абвінаваціў у забастоўцы БНФ, палякаў і амерыканцаў. 21-га АМАП затрымаў прафсаюзных лідараў і шэраг пратэстоўцаў, некаторых пакаралі адміністратыўным арыштам. Агулам звольнілі 56 супрацоўнікаў метро, дзейнасць Свабоднага прафсаюзу прыпынілі, нягледзячы на два рашэнні Канстытуцыйнага суда аб незаконнасці адпаведнага ўказу Лукашэнкі.

Пасля таго работнікі метрапалітэну пратэставалі толькі ў 2020 годзе, але працу метро тады не спынялі.

Забастоўкі прадпрымальнікаў: 2003–2016

Лукашэнка «ваяваў» з малым бізнесам яшчэ з 1990-х. Яму часта згадваюць абяцанне 1995 года: «праз некалькі гадоў паціснуць руку апошняму прадпрымальніку». Правы прадпрымальнікаў спрабавала бараніць арганізацыя «Перспектыва», утвораная ў канцы 2002 года.

Прадпрымальнікі ладзілі мітынгі і забастоўкі з 2003-га, у 2004, 2005, 2007, 2013 і 2014 гадах былі агульнанацыянальныя аднадзённыя страйкі. Адстойвалі як асобныя рынкі, так і прыняцце новых правілаў і нормаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі праходзяць перад зачыненымі кіёскамі на рынку ў Менску. Тысячы беларускіх гандляроў спынілі сваю дзейнасць падчас страйку супраць новых правілаў гандлю, якія Беларусь увядзе ў адпаведнасці з умовамі Мытнага саюзу з Расеяй і Казахстанам, паведамляюць мясцовыя СМІ.
Фота: Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

Ды працяглая і буйная забастоўка прадпрымальнікаў адбылася ў 2016 годзе – пасля Новага года гандляры не выйшлі на рынкі, у шапіках засталіся хіба голыя манекены. У лютым і сакавіку прадпрымальнікі выходзілі на мітынгі на Кастрычніцкую плошчу і плошчу Незалежнасці ў Менску.

Ды вулічны пратэст згас, перамовы з уладамі зацягнуліся, указ № 222, супраць якога пратэставалі прадпрымальнікі, не скасавалі, а толькі мадыфікавалі.

«Лакальныя» забастоўкі

Масавых агульнанацыянальных забастовак у Беларусі не было з 1991 да 2020 года. Аднак адзіночныя страйкі трывалі – і часам рабочыя дамагаліся свайго.Паводле гісторыка Аляксандра Агеева, нават у 1950-я і 1960-я рабочыя БССР адмаўляліся ад працы на знак пратэсту супраць зніжэння ўзроўню жыцця. Улады не называлі тое забастоўкамі, а толькі «парушэннямі дысцыпліны». Хоць такія выпадкі ў таталітарнай дзяржаве былі нячастымі, даходзіла і да таго, што ў 1957 годзе канвеер «Гомсельмаша» стаяў тры змены. Той жа «Гомсельмаш» баставаў і ў 1990-м.

Інтэрв’ю
«Стачка – гэта іскра». Як гарадзенскія працоўныя хісталі рэжым у 1990-я, і чаму не атрымалася забастоўка цяпер
2021.04.07 08:00

Часам заводам хапала і дня забастоўкі – як інвалідам па зроку з аршанскага «Электу» ў 2016 годзе. Часам – пагрозы страйкаваць або прыпыніць працу на некалькі гадзінаў, як рабочым БАТЭ ў 2012-м. Баставалі не толькі рабочыя заводаў, якім не плацілі заробкаў ці пагаршалі ўмовы працы: напрыклад, у 2018 годзе вяскоўцы Акцябрскага раёну праз страйкам абаранілі кіраўніка прадпрыемства аж звальнення, а ў 2019 годзе ў Вільні страйк ладзілі студэнты ЕГУ.

Аб’ектыў
Забастоўка на заводзе «Праммеханіка»: рабочыя спынілі працу
2019.06.19 22:20

2020: паслявыбарчыя забастоўкі

Адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і гвалту сілавікоў супраць мірных пратэстоўцаў на мностве беларускіх прадпрыемстваў рабочыя адмаўляліся выходзіць на працу. У сярэдзіне жніўня баставалі рабочыя «Беларуськалію», МАЗу, БелАу, МТЗ, БМЗ, гарадзенскага «Азоту», «Нафтану», «Кераміну», «Амкадору»…

Тысячы рабочых выходзілі на мітынгі. Ды страйк падтрымалі не ўсе. Дзесьці рабочыя збіраліся на тэрыторыі заводу, абмяркоўвалі патрабаванні і вярталіся да працы. Дзесьці, як на БТ, улады пайшлі на перамовы, а ўрэшце звольнілі ўсіх нелаяльных. Дзесьці рабочых сілай заганялі ў цэхі. Страйк заціхаў, бо ўлады не збіраліся выконваць патрабаванняў рабочых (і сотняў тысяч іншых пратэстоўцаў): спыненне гвалту, вызваленне палітвязняў і сыход Лукашэнкі.

З гэтымі патрабаваннямі 13 кастрычніка Святлана Ціханоўская выставіла Народны ўльтыматум: дала час да 25 кастрычніка, а калі патрабаванняў не выканаюць, заклікала да агульнанацыянальнай забастоўкі.

26 кастрычніка многія сапраўды не выйшлі на працу, а пайшлі пратэставаць – нават прыватныя кавярні зачыняліся на «сандзень». Ды сілавікі дзейнічалі ўсё больш жорстка: напрыклад, на «Азоце» казалі, што на працу заганяў АМАП дручкамі і лаянкай. Улады не выказвалі жадання ісці на перамовы, рабочыя не супраціўляліся гвалту сілавікоў, шмат каго арыштавалі і звольнікі, і страйкі згаслі.

Hавiны
«Забастоўка – дзейсны метад. Але трэба масавасць». Страйкоўцы буйных прадпрыемстваў – пра свае матывы і будучыню
2020.11.16 11:54

АА belsat.eu

Стужка навінаў