Вячорка: ICAO можа перадаць справу за пасадку «Ryanair» у Раду бяспекі ААН


Самалёт авіякампаніі «Ryanair».
Фота: Ryanair / Facebook

Дарадца Святланы Ціханоўскай у міжнародных пытаннях Франак Вячорка лічыць, што перанос Міжнароднай арганізацыяй грамадзянскай авіяцыі (ICAO) дакладу адносна пасадкі самалёту «Ryanair» у Менску можа быць слушным крокам.

«З нейкіх прычынаў лукашэнкаўская дэлегацыя ў ICAO зацікаўленая ў тым, каб хутчэй закончыць расследаванне па захопе самалёта «Ryanair». Перанос публікацыі дакладу на люты можа яшчэ аказацца слушным крокам. Следчая група атрымлівае новыя дадзеныя, якія не на руку рэжыму», – заявіў Вячорка.

Паводле яго, сярод іншага, ICAO разглядае магчымасць накладання санкцыяў і перадачы справы ў Раду бяспекі ААН.

«Перанос публікацыі справы не паўплывае на права Польшчы і Літвы падаць зыск супраць Беларусі ў Міжнародны суд ААН», – дадаў Вячорка.

Нагадаем, што Самалёт «Ryanair» 23 траўня зрабіў вымушаную пасадку ў Менску пасля інфармацыі аб «мінаванні», якую экіпаж атрымаў ад беларускіх дыспетчараў. На даручэнне Лукашэнкі для суправаджэння пасажырскага самалёта ў неба ўзняўся знішчальнік МіГ-29. Блогер Раман Пратасевіч, які ляцеў гэтым рэйсам, і ягоная сяброўка Соф’я Сапега былі затрыманыя. Вымушаная пасадка самалёта была справакаваная беларускімі спецслужбамі менавіта дзеля захопу апазіцыйнага блогера.

Інцыдэнт з рэйсам «Ryanair» выклікаў міжнародны скандал: палітыкі, дыпламаты і міжнародныя арганізацыі рэзка асудзілі дзеянні ўладаў Беларусі. Інцыдэнт з рэйсам Афіны – Вільня пацягнуў увядзенне жорсткіх санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі.

Артыкулы
ICAO не апублікавала прамежкавы даклад аб прымусовай пасадцы «Ryanair» у Менску.
2021.10.26 09:37

ICAO збіралася завершыць расследаванне менскага інцыдэнту яшчэ ў верасні, але справа зацягнулася. Прамежкавы даклад збіраліся апублікаваць 25 кастрычніка, але не зрабілі і гэтага. На сайце ICAO свежых публікацыяў пра Беларусь на момант публікацыі няма.

Паводле звестак Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, даклад плануецца апублікаваць толькі 22 лютага 2022 года.

Артыкулы
Дыспетчар, які вёў перамовы з пілотам самалёта «Ryanair» у траўні, меркавана, пакінуў Беларусь
2021.07.26 18:01

МГ belsat.eu

Стужка навінаў