Прысуд пенсіянерцы Алене Гнаўк застаўся без зменаў


Алена Гнаўк з катом Васілёчкам.
Фота: belsat.eu

Сёння, 2 лістапада, у Берасцейскім абласным судзе Алена Гнаўк спрабавала аспрэчыць рашэнне суда Ленінскага раёну Берасця, які пакараў яе трыма гадамі «хатняй хіміі», абвінаваціўшы ў абразе прэзідэнта. Прадказальна рашэнне суда першай інстанцыі засталося без зменаў.

«Сістэма працягвае гуляць у адну браму, у мяне не было ілюзіяўй наконт рашэння Абласнога суда, але я не магла не выкарыстаць магчымасці выбрацца ў горад, што мне цяпер рабіць цяжка, і яшчэ раз сказаць гэтым «суддзям», што я пра іх думаю, і паглядзець ім у вочы», – сказала Алена Гнаўк у размове з «Белсатам».

Нагадаем, увесну бягучага года спадарыню Алену судзілі ў так званай карагоднай справе. Жанчына не хавала, што лічыць увесь гэты працэс сфабрыкаваным, палітычна матываваным, адкрыта заяўляла, што галасы на выбарах скрадзеныя, што людзі маюць права на мірны пратэст, а Аляксандр Лукашэнка незаконна займае пасаду прэзідэнта.

У «карагоднай справе» за «арганізацыю і рыхтаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (арт. 342 КК РБ) пракурор Андрэй Бараноўскі запрасіў для Гнаўк два гады «хатняй хіміі», а суддзя Іна Клышпач столькі і прысудзіла.

Але гэтага ўладам падалося мала, і пракурор Міхаіл Булыгін зыніцыяваў новую крымінальную справу, цяпер за абразу прэзідэнта. Жанчыне дадалі яшчэ год «хатняй хіміі», паводле арт. 368 – «Абраза прэзідэнта» яе 3 верасня асудзіў суддзя Ленінскага раёну Берасця Зміцер Куроўскі.

АЛ, belsat.eu

Стужка навінаў