Паўлюк Быкоўскі пра блакіроўку Google акаўнтаў СК: Я не бачу тут пакарання за кантэнт


Журналіст Паўлюк Быкоўскі. Менск, Беларусь. 8 траўня 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Google заблакаваў акаўнт і YouTube-канал Следчага камітэту Беларусі, а праваабаронца Павел Левінаў у гэты ж час спрабуе прызнаць матэрыялы журналіста СТВ Грыгорыя Азаронка экстрэмісцкімі. Belsat паразмаўляў з медыяэкспертам Паўлюком Быкоўскім пра сённяшняе рашэнне адносна Следчага камітэту, а таксама пра магчымасць падобных рашэнняў і ў адносінах дзяржаўных СМІ.

Паўлюк Быкоўскі адзначыў, што рашэнне па блакіроўцы кампаніяй Google акаўна і YouTube-канала Следчага камітэту цалкам прадказальнае, бо СК уваходзіць у амерыканскі санкцыйны спіс.

«Калі на рэжым Лукашэнкі былі накладзеныя амерыканскія санкцыі, відавочна, што амерыканскія кампаніі пачынаюць рэагаваць. Іншае пытанне, што ў мінулыя перыяды, калі былі аналагічныя санкцыі, да такога не дайшло. Тады не былі так распаўсюджаныя сацыяльныя сеткі і YouTube. Цяпер бачым, што Google адрэагаваў на тое, што Следчы камітэт трапіў у санкцыйныя спісы, і прадстаўніца камітэту Юлія Ганчарова наўпрост сказала, што гэта звязана з тым, што арганізацыя і людзі трапілі ў такі спіс».

Эксперт падкрэслівае, што блакіроўка YouTube-канала звязаная менавіта з санкцыйным статусам Следчага камітэту, а не з кантэнтам, які ён распаўсюджваў.

«Я не бачу тут пакарання за кантэнт, бо калі б яно было, Google так наўпрост і сказаў бы. Бо ёсць прыклады, калі забаранялі ў YouTube паведамленні іншых структураў, дзе былі катаванні людзей і паведамленні дзяржаўных тэлеканалаў, дзе было тое ж самае было. Цяпер іншая фармулёўка, і мне здаецца, што Google проста няма сэнсу хлусіць».

Паўлюк Быкоўскі выказаў думку, што падобныя дзеянні ў дачыненні іншых падсанкцыйных беларускіх арганізацыяў магчымыя, але не абавязковыя.

«Хутчэй за ўсе гэта было адным з першых такіх рашэнняў, але загадваць тут абсалютна немагчыма, бо Google – гэта прыватная кампанія, і яны прынялі гэтае рашэнне не таму, што нехта загадаў, а таму, што так яны зразумелі выкананне нарматыўных актаў. Цалкам верагодна, што і на іншых, калі браць прыклад Крыму, дзе не працуюць аніякія заходнія сэрвісы, гэта можа распаўсюдзіцца. А можа і не. Бо насамрэч, калі сітуацыя развіваецца, то часам аказваецца, што рашэнне не паспелі прыняць, а яго ўжо трэба адмяніць. Калі раптам адбудзецца цуд і пачнецца гандаль палітзняволенымі ці яшчэ якія іншыя рэчы, то могуць быць іншыя прыярытэты ў прыняцці рашэнняў».

Узгадаў медыяэксперт і дзяржаўныя СМІ Беларусі, кантэнт якіх часам сапраўды выклікае пытанні і варты блакіроўкі. Для прыкладу, віцебскі праваабаронца Павел Левінаў спрабуе прызнаць экстрэмісцкімі матэрыялы журналіста СТВ Грыгорыя Азаронка. Аднак, на думку Паўлюка Быкоўскага, гэта толькі частка агульнага кантэнту, але ў дзяржаўных СМІ ёсць і станоўчыя матэрыялы.

«Я б казаў пра канкрэтныя асобныя матэрыялы, якія сапраўды можна разглядаць. Ёсць матэрыялы, дзе паказваюць катаванні людзей, ёсць відэа, дзе людзі пасля катаванняў робяць прызнанні. Гэта адна рэч. А ёсць так званая інфармацыйная вайна, дзе прадстаўнікі дзяржавы спрабуюць або памяняць кантэкст, або памяняць рамкі, у якіх нешта адбываецца, або падагнаць факты пад тую тэму, якая ім здаецца слушнай. Гэта ўжо, атрымліваецца, розныя адценні. Бо насамрэч далёка не ўсе тысячы супрацоўнікаў Белтэлерадыёкампаніі ўдзельнічаюць у палітычных праграмах. Шмат хто робіць іншыя напрамкі: спорт, культуру і гэтак далей».

Медыяэксперт адзначыш, што прапаганда ўласцівая для абодвух бакоў канфлікту, але нават у цяперашняй сітуацыі рэпрэсіяў у адносінах СМІ, у краіне па-ранейшаму застаюцца незалежныя журналісты.

«Калі казаць пра інфармацыйнае змаганне, то ёсць тыя, што стаяць па розныя бакі барыкадаў, а ёсць тыя, што стараюцца быць нейтральнымі. Людзі спрабуюць паказаць, што яны стаяць над бойкай, і гэта важна. У Беларусі сапраўды засталіся незалежныя журналісты».

Поўны варыянт размовы з медыяэкспертам Паўлюком Быкоўскім можна пабачыць тут:

ВК, Belsat.

Стужка навінаў