«Маё жыццялюбства не перабіць ніякімі турмамі». Год у лістах Кацярыны Андрэевай


Сёння, 2 лістапада, журналістка «Белсату» Кацярына Андрэева сустракае свой дзень народзінаў. Амаль увесь 28-ы год свайго жыцця Каця правяла за кратамі – яна была арыштаваная 15 лістапада 2020 года. Belsat.eu публікуе вытрымкі з лістоў журналісткі, якія яна дасылала сваякам і сябрам цягам гэтага года.

Кацярына Андрэева.
Фота: ІА / Белсат

Лістапад 2020-га – студзень 2021 года. Затрыманне, Акрэсціна і жодзінская турма

***

«Стан поўнага шоку ў мяне паступова праходзіць, і жыццё набывае абрысы ўпарадкаванасці… Калі мяне затрымліваў спецназ, яны крычалі: «Паедзеш на зону на 7 гадоў, будзеш мянтам форму шыць». Намеснік начальніка ў РУУС называў «цёткаю», «малою», штурхаючы ў спіну з лесвіцы. Крычалі мянты: «Ты больш не будзеш весці сваіх стрымаў! Ніколі!..» Следчы мне таксама казаў адкрытым тэкстам, што «мой працэс ніхто не будзе асвятляць, і ў мяне «звычайная хуліганка». А потым канвой на этапе назваў нас «палітычныя».

***

«Я навучылася праць рукамі ў тазе, мыць… эммм прыбіральню (!), засынаць а 22:00 і ўставаць а 06:00, хадзіць шыхтам, забаўляцца ў бетонным дворыку метраў 5×5. Засцілаць нары за 20 секундаў. Мыцца за 10 хвілін цалкам. З касметыкі – рабіць туш для веек з актываванага вугалю! Лыжку – з бляшанкі ад паштэту. Матузкі – са швэдра. Ну і гэтак далей».

***

Ігар Ільяш сустракае Кацярыну Андрэеву, якая выходзіць пасля затрымання і знаходжання ў ЦІП на Акрэсціна. Менск, Беларусь. 15 верасня 2020 года.
Фота: ІА / Белсат

«Вядома, бываюць моманты (і цэлыя дні) заняпаду душэўных сілаў, накатвае апатыя, прыгнятае невядомасць, крыўда, раскрываюцца ўсе ранкі. Тады я ўспамінаю, як мне ў дзяцінстве Аля заўсёды казала: «Смутак – цяжкі грэх…» Запарваю гарбатку з хатнімі прысмакамі, перачытваю лісты, і боль адступае… А хаваць, што ён ёсць, было б даволі недарэчна з майго боку…»

***

«Самае дзіўнае, што я не адчуваю злосці, крыўды, прагі помсты да таго, хто прыняў рашэнне паступіць так з намі, са мной. Што я адчуваю? Жаль да іх, якія выконваюць загады. Лянівае раздражненне, якое здольнае выклікаць хіба што гудзенне мухі. Бедныя, бедныя маленькія людзі… Ім жыць з усім гэтым, а маё жыццё ніяк не сапсаванае, як бы ім ні хацелася».

Люты 2021 года. Валадарка, судовы працэс і вырак – 2 гады пазбаўлення волі

«У мяне спытала дзяўчынка, навошта я апранаюся ва ўсё белае: «Гэта ж можа іх толькі раззлаваць, і паедзеш на тры гады!» Я кажу (то бок нешта ўва мне прымушае мяне адкрыць рот і сказаць): «Нічога, падару ім гэтыя тры гады». На што яна адказвае, запытальна акругліўшы вочы: «А пра мужа свайго ты падумала?!» І тут я кажу наступнае: «Ёсць рэчы, важнейшыя за сямейнае шчасце». І асякаюся: я што, гэта ўслых сказала?!! Холад прабраў да касцей».

***

«У мяне заўсёды было веданне, што з намі здарыцца нешта падобнае. Усё жыццё да гэтага ішло. І, мабыць, не было ў мяне перыяду такой гармоніі з сабой, як цяпер».

Hавiны
Ва ўліковай картцы напісана «змагарка». Кацярыну Андрэеву паставілі на ўлік як асобу, схільную да экстрэмізму
2021.03.26 22:55

***

«Усё спазнаецца ў параўнанні. Думаю, вязні па 58-м артыкуле (палітычны артыкул Крымінальнага кодэксу СССР, паводле якога масава пераследавалі людзей падчас сталінскіх рэпрэсіяў. – Заўв. belsat.eu) годзе гэтак у 49-м пасмяяліся б з майго прысуду. Сказалі б: гэта што за дзіцячы садок?.. І тады былі людзі, якіх не палохалі ніякія няшчасці на шляху адстойвання сваіх перакананняў. Гэта было значна складаней, чым цяпер…»

***

«Часта сніцца нейкая рэдакцыя – як бы зборны вобраз усіх, дзе я працавала. Хаджу па офісе, уключаю-выключаю кампʼютар, дыктафон… Рыхтуюся да нейкай прэс-канферэнцыі. Так не хапае працы! Раптам гэта зразумела на 4-м месяцы зняволення».

***

Журналістка «Белсату» Кацярына Андрэева.
Фота: Белсат

«Прачытала цудоўную кнігу – «Забіць перасмешніка» Гарпэр Лі…. Там ёсць выдатная рэпліка галоўнага героя… адваката: «Мужнасць – гэта не калі ў чалавека ў руках стрэльба. Мужнасць – гэта калі загадзя ведаеш, што ты прайграеш, і ўсё-ткі ідзеш да канца. Перамагаеш вельмі рэдка, але часам усё-ткі перамагаеш». Гэтая фраза даволі дакладна характарызуе маё стаўленне да працы…»

Сакавік – травень 2021 года. Валадарка, вяртанне ў жодзінскую турму і чаканне этапу ў калонію

«Дзяўчаты неаднаразова казалі мне: «Прасцей прызнаць віну і пайсці на УДВ». Сярод аргументаў – табе будзе амаль трыццатнік, маладосць сыходзіць, ніхто не ацэніць тваіх прынцыпаў. Маўляў, гэты подзвіг нікому не патрэбен, пра цябе ўсё хутка забудуцца (у сэнсе грамадскасць)… Як быццам я так трымалася дзеля меркавання грамадскасці! Я рабіла і раблю гэта выключна дзеля сябе! Бо тэрмін скончыцца, а з сабой мне жыць да канца.

І я хачу жыць без унутраных супярэчнасцяў, без маладушных апраўданняў перад самой сабой, гледзячы проста ў вочы сваім дзецям, калі тыя папросяць расказаць пра турму».

***

«Галоўнае, захаваць некранутай сваю душу, каб ніякае зло яе не кранула, а адлятала, як ад агню. А да мяне ж насамрэч за 4,5 месяца не прыстала ні грубасць, ні звычка брыдкасловіць (нават за чысцінёй гаворкі сачу), дагэтуль не адчуваю злосці і крыўды… Неяк на шпацыры адна жанчына мяне спытала; «Чаму ты заўсёды ўсміхаешся?» І я адказала шчыра: «Таму што перажываю адчуванне поўнай маральнай перамогі».

***

«Часам я прачынаюся сярод ночы і нібы бачу сябе звонку – у турэмнай камеры. Тады мне хочацца яшчэ раз прачнуцца і апынуцца ва ўтульнай хатняй пасцелі, побач з табой, у тваіх абдымках. Я заплюшчваю вочы, расплюшчваю, але перада мной усё тая ж карцінка, якая парадкам надакучыла за гэты час…»

Кацярына Андрэева і Ігар Ільяш падчас вяселля ў 2016 годзе. Фота з сямейнага архіву

***

«Вымушана перапыніла наш штодзённы дыялог – падарожнічала-с… Тваё каханне і імпульсы, якія ты мне няспынна дасылаеш, дапамаглі прайсці этап з усмешкай і добрым настроем (чаму вельмі здзіўленыя навакольныя). Па дарозе мяне суправаджала наша любімае пытанне: «Яно таго каштавала?» Моднае забаўка гэтага сезону – бачыць акругленыя вочы, калі людзі чуюць адказ: «Так, вядома». Ведаю, што так раблю не адна я».

***

«Галоўная загадка найбліжэйшых месяцаў: якую спецыяльнасць я набуду для рэзюмэ 🙂 Так узрушальна і цікава, што за жыццё там? Якія будуць людзі побач? Тут – адэкватныя».

Травень – кастрычнік 2021 года. Этап у Гомель і жыццё ў калоніі

Кацярына Андрэева. 2016 год. Фота з асабістага архіву

«22-га раніцай прыбыла ў калонію… Дарога даволі стамляльная, але я вытрымала… чарговы раз дзівячыся сваёй вынослівасці. Заўсёды здаецца, што сілаў няма, а потым яны з’яўляюцца літаральна з ніадкуль! Няйначай мне перадаліся імпульсы вашага кахання і падтрымкі!

Самае яркае ўражанне – упершыню за паўгода апынуцца на вуліцы. Ісці па асфальце, падстаўляючы твар сонейку, радуючыся цёпламу ветрыку. А калі ўбачыла кветку – наогул заплакала ад радасці. Неба такое вялізнае, сіняе, аблокі падобныя на ўзбітыя вяршкі!.. Усё ж маё жыццялюбства не перабіць ніякімі турмамі!»

Артыкулы
Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову прызналі «журналісткамі году» на фестывалю «PRIX Europa»
2021.10.16 10:08

***

«Я працую на швейнай вытворчасці. Першыя тры месяцы ў статусе «вучаніцы швачкі»… Спачатку я не ведала, як наогул падысці да гэтай машынкі, праз дзень шыла косанька, а яшчэ праз дзень здала сваю першую партыю напагоннікаў – чахлоў для пагонаў. Сёння я вучылася шыць ваўняныя шапкі… Вельмі падабаецца шыць, такі заспакаяльны занятак, а асабліва прыемна, калі пасля няўдалых спробаў атрымліваецца нарэшце правільна…

Ну а ў астатнім… Трымаюся сама па сабе, чытаю кнігі ў рэдкія вольныя хвіліны. Звычайна стомленасць такая, што да канца дня падаеш з ног. У гэтым ёсць плюсы – сплю добра…»

***

Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэева ў судзе Фрунзенскага раёну. Менск, Беларусь. 9 лютага 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

«Цяпер я пераследую адзіную галоўную мэту: захаваць сумленне чыстым. Мне падаецца, такой мэтай павінны цяпер задацца ўсе, хто адносіць сябе да нацыянальнай эліты. А потым тыя з іх, хто ўцалее фізічна, пачнуць ствараць цудоўнае на руінах мінулага».

***

«Я дала сабе слова, што не дазволю зрабіць сімвалам эпохі круглыя ​​акуляры, якія растрэскаліся на асфальце пад берцам. Не, не, не. Не ў гэты раз. Беларуская інтэлігенцыя ў нашай асобе больш не дазволіць гісторыі закальцавацца».

Артыкулы
Муж Кацярыны Андрэевай пра аднадзённае спатканне: Самыя шчаслівыя суткі з моманту арышту
2021.08.05 17:46

***

«Прыходжу да думкі аб неабходнасці працягваць вучыцца. Гаворка нават не пра дыплом, паступленне ва ўніверсітэт, а менавіта пра жаданне больш даведацца, асвоіць, пашырыць кругагляд, бо крайняга пункту, мяжы гэтаму працэсу няма. Я хачу: вывучыць усё ж такі французскую мову (да ўзроўню сваёй англійскай і іспанскай), паглыбіць веды па філалогіі, прайсці курс сцэнарнага майстэрства і драматургіі (бо не пакідаю ідэі паспрабаваць сябе ў тэатры і кіно). Застаючыся ў журналістыцы, выступаць у сумежных амплуа, наблізіцца да свету мастацтва».

***

«Зусім хутка мне споўніцца 28 гадоў… Яшчэ, вядома ж, асобна парэфлексую на гэтую тэму, але цяпер жадаю сказаць толькі адно: я не шкадую ні пра што з перажытага».

Артыкулы
Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай скарацілі тэрмін пакарання на 2,5 месяцы
2021.08.10 19:20

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў