Дзяды: што гэта і як можна адзначыць цяпер


Ушанаванне памерлых сваякоў у розных мясцовасцях адбывалася па-свойму. І хоць адзінай традыцыі не было, але ёсць агульнае: наведаць могілкі і накрыць стол. Гэта можа зрабіць, каб працягнуць ці аднавіць старадаўні звычай.

Што рабілі на Дзяды раней

Нам пашанцавала даведацца пра старадаўні звычай вёскі Мількунь, што ў Бягомльскім раёне, ад Сафіі Шыманоўскай. Жанчына распавяла нам не толькі пра традыцыю, але і пра тое, што было з яе сваяком, які парушыў абрад.

Гэтак, уначы з 30 на 31 кастрычніка там ладзілі «хаўтуры» – людзі раскладалі вогнішча на магілах нябожчыкаў, якія пайшлі з жыцця цягам года. На наступны дзень тыя магілы абкладалі дзёрнам.

Даведка
Сафія Шыманоўская. Фота прадстаўлена рэдакцыі

А ў суботу рабілі памінальны стол: уся сям’я збіралася разам, на стол ставілі капусту (суп), кашу, яешню, мяса варанае на костачцы і адмысловую талерку, чарку і хлеб – для дзядоў. Бацька спадарыні Сафіі чытаў малітву «Ойча наш», а потым казаў: «Дзяды, прыходзьце да нас. Сёння вашы Дзяды. Прыходзьце, хто з кім знаўся, хто пазнаўся. Самі ідзіце і ўсіх вядзіце ў госці к нам».

Пасля гаспадар адломваў хлеб, мачаў у капусту і клаў на талерку для дзядоў. Тады ўсе налівалі сабе капусту і елі. Як усе паелі капусты, маці ставіла крупы, звычайна груцу. Сям’я пачынала есці наступную страву толькі пасля таго, як бацька адкладаў троху кашы на талерку дзядоў. Такая ж паслядоўнасць была для кожнай стравы.

Напрыканцы вячэры маці спадарыні Сафіі выносіла кубак вады, а бацька казаў: «Звалі вас на піццё і на яду, а цяпер завём на стары квас». Кожны піў з гэтага кубка ваду, пакідалі ежу для дзядоў на стале і клаліся спаць. А на раніцу елі з той талеркі, што заставалася на стале, – каб зубы не балелі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ЯА / Белсат

Быў у спадарыні Шыманоўскай дзядзька Хведар, які аднойчы заявіў, што не верыць у дзядоў, і ў суботу пайшоў на танцы. Яшчэ да вайны гэта было. То як вярнуўся позна, быў галодны, то і паеў усё, што пакідалі на стале дзядам. «Пайшоў спаць і не можа заснуць, бо дзяды стукаюць лыжкамі, крычаць, дзе іхняя ежа, якую ім паставілі, просяць есці. Так ён ажно за маці схаваўся. Во як, нельга ноччу дзядовае есці, а раніцай, наадварот, трэба», – распавядае спадарыня Сафія.

На дзяды таксама раней тапілі лазню, пакідалі ў вядры ваду і венік, а ў хаце вешалі чыстыя ручнікі для кожнага з запрошаных. А каб дзядам было прасцей завітаць на вячэру, пакідалі адчыненымі форткі і коміны. Пасля вячэры праводзілі словамі: «Святыя дзяды, вы сюды прыляцелi, пiлi, елi, ляцiце ж цяпер да сябе!» – і пры гэтым пырскалі ці палівалі вадой падлогу.

Да каго схадзіць на могілкі?

У некаторых раёнах Беларусі на Дзяды ці да Дзядоў наведвалі магілы і абкладалі іх дошкамі, камянямі, плітамі, дзірваном, ставілі крыжы. У гэты дзень на магілу кладуць бліны, арэхі, ставяць гарэлку. Паводле павер’яў, прыкладзіны робяцца для таго, каб нябожчыкі, ходзячы па свеце, маглі прысесці і адпачыць.

Наўрад ці цяпер шмат хто здолее раскласці вогнішча на магілцы ці абкласці яе каменнымі плітамі. А вось наведаць якое пахаванне цалкам магчыма. Калі вы на радзіме, то можна зладзіць сямейнае падарожжа з упамінамі і цікавымі гісторыямі старых людзей. Гэты абрад яднае сям’ю дадае нам каранёў.

Цімох Акудовіч падчас экскурсіі на Павонзкіх могілках распавядае аб беларускіх пахаваннях тут. Варшава, Польшча. 30 кастрычніка 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат

На жаль, сёлета вялікая колькасць людзей вымушана згадваць спачылых з-за межаў Беларусі. Каб землякам было куды схадзіць на Дзяды, гісторык і экскурсавод Цімох Акудовіч з валанцёрамі стварылі мапу пахаванняў беларусаў у свеце.

«Ідэя ўзнікла, калі мы рыхтавалі экскурсію на Дзяды па варшаўскіх могілках. А для беларусаў, якіх цяпер шмат усюды, было б цікава сабраць пахаванні па ўсім свеце. Да таго ж, задача выглядала насамрэч проста, бо не ўсе пахаванні хацелі збіраць, а выбітных дзеячаў. То ўяўлялася, што іх адносна няшмат, і супольнымі сіламі гэта лёгка зробіцца», – распавядае Акудовіч «Белсату».

Ён адзначыў, што калі ў беларусаў свету будзе жаданне схадзіць на могілкі да кагосьці, пры дапамозе мапы задача спросціцца.

Артыкулы
Беларусы сабралі мапу пахаванняў выбітных землякоў па-за межамі Беларусі
2021.10.29 09:56

Мы вырашылі скарыстацца мапай і пабываць на магілах выбітных беларусаў, пахаваных у Кіеве.

Спачатку мы шукалі, дзе ляжыць вайсковы і дзяржаўны дзеяч ВКЛ, мецэнат і ваявода Канстанцін Астрожскі. Князь быў пахаваны паводле тастаменту жонкай Аляксандрай Слуцкай 24 верасня 1530 года ва Успенскім саборы Кіева-Пячэрскай лаўры. Пакуль не ўсталявалі надмагілле, на працягу амаль пяцідзесяці гадоў грабніца Канстанціна Астрожскага была накрытая залататканай парчой з крыжам з перлінаў.

Калі захочаце паставіць Канстанціну Астрожскаму свечку, заплануйце некалькі гадзінаў вольнага часу. Па-першае, у гэтым комплексе вельмі шмат цікавага, і ўтрымацца ад экскурсіяў ці проста агляду розных цікавінак вельмі складана.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Надмагільны помнік Канстанціну Астрожскаму ў Кіева-Пячэрскай лаўры.
Фота: ЯА / Белсат

Па-другое, надмагілле дзеяча размешчанае ва Успенскім саборы, які зачыняецца на час набажэнства. Але! Калі вы ветліва папросіце святароў, то адзін з іх можа зрабіць вам ласку і адмыслова адамкнуць дзверы сабору, каб людзі з Беларусі наведалі знакамітага земляка. Прыйсці сюды ўначы, прайсціся ў цемры па саборы і пабачыць надмагілле – падзеі надзвычай уразіць вас. А калі вы будзеце вельмі ветлівымі, то атрымаеце яшчэ і аглядальную экскурсію проста ад шчодрай душы святара. Набажэнствы з адчыненымі для ўсіх дзвярыма ладзяцца ў саборы па суботах.

Пасля мы вырашылі ўшанаваць Паўла Трамповіча. Ён нарадзіўся ў Пскове, куды з Вільні выслалі сям’ю Трамповічаў за ўдзел дзеда ў нацыянальна-вызваленчым паўстанні 1863–1864 гадоў.

Павел Трамповіч быў генеральным консулам Беларускай Народнай Рэспублікі ў Кіеве (16.6.1918–30.10.1918). У 1931 годзе яго асудзілі на 5 гадоў за шкодніцтва і антысавецкую агітацыю і саслалі ў Астрахань. 10 чэрвеня 1988 года быў рэабілітаваны Судовай калегіяй крымінальных справаў Вярхоўнага Суда Беларускай ССР, аднак памёр і пахаваны ў Кіеве.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ЯА / Белсат

Акрамя таго, Трамповіч быў кандыдатам медычных навук, дацэнтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту і прафесарам Вінніцкага медычнага інстытуту.

Пахаваны Лук’янаўскіх могілках, 19-ы надзел, 5-ы шэраг, 7-е месца (недалёка ад метро «Дарагожычы»).

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ЯА / Белсат

Мы наведалі спадара консула і маем папярэдзіць: каля ўваходу на могілкі ёсць мапа пахаванняў і невялікі будынак вартаўніка. Не губляйце часу і адразу запытайцеся, як арыентавацца сярод пахаванняў і з якога боку лічыць шэрагі ды месцы на 19-м надзеле, іначай давядзецца гуляць па кладах некалькі гадзінаў.

Памінальная вячэра

На Дзяды стравы рыхтавалі адмысловыя, стол быў падобны да памінальнага. Колькасць страваў была фіксаваная, але розная ў розных рэгіёнах Беларусі: недзе было істотна ставіць на стол цотны лік, недзе – няцотны. Хтосьці ставіў на стол тры стравы, а недзе падавалі 12.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ЯА / Белсат

Мы прыгатавалі мінімум, ежу, якая часта сустракаецца: буракі (недзе была замест іх капуста), куццю (крупяную кашу таксама ставілі на стол паўсюль), бліны з варыянтам саламакі.

Тое, што ў Расеі называюць щами, у нас – капуста. У кожнай гаспадыні і кухара свой сакрэт гэтай стравы, то падзелімся толькі ідэяй: варыце косці на булён загадзя, доўга, на слабым агні. Мы дадалі буракоў, бо запрашаем сваіх дзядоў сёлета ў Кіеве.

Бліны звычайна пяклі тоўстыя – на сыроватцы. Але калі вы на гэтым тыдні не адтапілі тварагу, то бярыце кефір і атрымаеце тое самае. Пачак кефіру, яйка, цукру ды карыцы на смак, мукі да стану, каб цеста стала падобнае да густой смятаны, і перад тым, як пячы, – лыжачку соды. Пячыце на гарачай патэльні на слабым агні.

Да бліноў добра пасуе саламака – сушаныя яблыкі ці грушы, вараныя ў мёдзе, нешта падобнае да сочыва і цукатаў адначасова. Калі вы не насушылі яблыкаў, то давайце зробім варыятыўнае чытанне традыцыйнай стравы: нарэжам кубікамі свежых, пасыплем цукрам і на малым агні будзем карамелізаваць у патэльні. Як садавіна набудзе бурштынавы колер – гатова. І так, карыца ў блінах будзе ідэальная да такога прысмаку.

Куцця тут падаецца самай складанай, але насамрэч гэта вельмі простая штука. Яе робяць на розныя святы і з розных крупаў. Варыце з таго, што пад рукой: пасуе рыс, груца, булгур. Аматары складаных шляхоў могуць пашукаць пшаніцу – калі яе загадзя замачыць і разварыць, куцця атрымаецца найчароўнейшая.

Варыце крупу як на кашу, дадайце мёду, маку (загадзя замачыце ў малацэ), разынак, арэхаў. Мёд можна замяніць згушчанкай ці сіропам тапінамбура – абы было салодка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ЯА / Белсат

На стол ставілі гарэлку ці самагон. Але сёння могуць быць і варыянты, абы вам і вашым дзядам было добра.

Вось мы і накрылі стол для вячэры. Гаспадыні для гэтага дня стараліся асабліва, каб пачаставаць і сям’ю, і гасцей. Так ні ўсяды, як на Дзяды – прыгаворваюць бацькі ці гаспадар, калі дзеці ці работнікі наракаюць, што харчаванне пагоршылася.

О, не забудзьцеся паставіць на стол ці на акно свечку і адчыніць фортку! Ветлівых вам дзядоў.

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў